Вы тут

Выпускніца інтэрната расказала пра сваё дзяцінства і дарослае жыццё


Алену забралі ад маці, калі ёй не было яшчэ і трох. Пасля выхаду з інтэрната ў свой 15-ы дзень нараджэння яна была настолькі непрыстасаванай да жыцця, што спрабавала есці сырыя макароны — проста не ўяўляла, што іх трэба варыць. Пасля вучылася гатаваць па кнігах, а элементарныя бытавыя веды атрымоўвала з размоў з бібліятэкарам. Цяпер яна замужняя жанчына, уладальніца дзвюх кватэр і маці дзвюх дачок.


Гэ­тыя дрэ­вы Але­на ба­чы­ла з акна ін­тэр­на­та.

Абараняла дачку і трапіла... за краты

Першы дзень у дзіцячым доме запомніўся на ўсё жыццё.

— Да мяне падышла дзяўчынка Іра і сказала: «Давай будзем плакаць — прыкінемся, быццам нас ужо пакаралі». Я нічога не зразумела, але пачала плакаць, — успамінае Алена. — Потым падышла выхавальніца і пытаецца: «Чаго равеш? Новенькіх у нас не караюць». Аказалася, у групе, куды я трапіла, калі хтосьці правініўся, білі па мяккім месцы. Мы потым з гэтай Ірынай былі найлепшымі сяброўкамі, аднак пасля выхаду з інтэрната яна спілася, бо вярнулася ў кватэру да бацькоў, ад якіх яе калісьці і забралі. Кажуць, нават і ў турме ўжо пабывала...

Скончыўшы інтэрнат, Алена высветліла, што яе маці трапіла за краты праз учынак, які цяпер бы расцанілі як хуліганства і далі б штраф. Яна гуляла ў мяч з маленькай Аленай на тэрыторыі садка, куды і вадзіла малую. Вартаўнік пачаў іх выганяць і штурхануў дзіця так, што дзяўчынка паляцела на зямлю. Вядома, маці кінулася на абарону і збіла дзядзьку. На лямант з садка выйшла яго жонка і таксама трапіла пад гарачую руку раз'юшанай жанчыны.

— Наступны раз яе пасадзілі за крадзеж дзяржмаёмасці ў турму ўжо не ў Мінску, — працягвае Алена. — Трэці тэрмін яна атрымала, нават не даехаўшы да сталіцы пасля другога — украла недзе вазу і спрабавала прадаць, каб даехаць дахаты.

Пакуль Алена жыла ў інтэрнаце, маці спачатку наведвала яе. Апошні раз перад доўгім расстаннем яны бачыліся, калі маёй суразмоўцы было 4-5 гадоў, потым толькі перапісваліся.

— Праз лісты мама дыстанцыйна займалася са мной правапісам. Дасылала мне разам са сваім лістом мой з выпраўленымі памылкамі. Выпісвала праверачныя словы і правілы. Калі я скончыла інтэрнат і перад канчатковым выхадам з яго сцен адпачывала ў летніку, гэтыя лісты згубіліся. Я так плакала, што аж тэмпература ўзнялася, бо гэта быў адзіны напамін пра маму.

Наступны раз Алена ўбачылася з маці, калі заканчвала вучылішча. Паехала да яе на Поўнач, дзе жанчына засталася пасля вольнага пасялення. Пры сустрэчы з абодвух бакоў было толькі сухое «Прывітанне», аднак прыезд дачкі падштурхнуў жанчыну вярнуцца назад у Беларусь, куды яе... даўно клікала сяброўка.

— Пэўны час мы яшчэ сустракаліся, і першую ўнучку яна заспела, аднак цёплых адносін не атрымалася. Я пахавала яе, аднак на магілу ў Віцебскую вобласць пасля гэтага (больш за 10 гадоў ужо) не ездзіла.

Аса­біс­тая спра­ва —  не­каль­кі ста­ро­нак на­па­мі­ну пра дзя­цін­ства.

«Цяжарнасць» як у індыйскім кіно

Жыццё ў клетцы — так характарызуе сваё «інтэрнатаўскае» дзяцінства Алена. Яна ўспамінае, што дзеці, якіх сваякі не забіралі на выхадныя, жылі, не ведаючы, што за свет за плотам інтэрната.

— Я выходзіла з гэтай «клеткі» толькі на трэніроўкі. Займалася лёгкай атлетыкай — сямібор'ем. На спаборніцтвы ездзілі ў іншыя гарады. Але ніхто нават не цікавіўся, якое месца заняла. Шкадую, што кінула спорт. Але ж «добрыя» выхавальнікі мне сказалі: «Навошта табе гэта — усё роўна за мяжу ніхто цябе не пусціць, бо маці судзімая». А побач не было нікога, хто б падказаў, як зрабіць.

У інтэрнаце не было нават тэлевізара. Інфармацыю пра свет атрымлівалі ад тых, хто ездзіў да блізкіх. Часам дзяцей вадзілі на індыйскія фільмы, каханне ў якіх паказвалі вельмі цнатліва: сціплы пацалунак, а наступны кадр — жанчына ўжо з немаўлём. Алена вырашыла, што так усё і адбываецца, і калі мімалётам хтосьці з хлопцаў цмокнуў яе ў шчаку, з дзяўчынай здарылася істэрыка: баялася, што зацяжарала. Ледзьве супакоілі.

Шчаслівымі лічыліся дзеці, якія мелі хатняе адзенне. На ўсёй казённай вопратцы паўсюдна былі штампы, прычым у любым месцы.

— На выпускны ў нас ва ўсіх былі аднолькавыя сукенкі, а ў некаторых проста на грудзях ці падоле стаяла пячатка школы-інтэрната, а ў каго і некалькі.

Ся­мей­ныя кло­па­ты, утуль­ная ква­тэ­ра і род­ныя по­бач —  склад­ні­кі шчас­лі­ва­га да­рос­ла­га жыц­ця.

Два рублі на дыскатэкі

Школа-інтэрнат, дзе вырасла Алена, была васьмігодкай. Пасля яе дзеці маглі ісці або ў вучылішча, дзе ёсць інтэрнат (бо інакш няма дзе жыць), або адразу працаваць. У вучылішча ад мясакамбіната, куды дакументы падала сяброўка, дзяўчына прыйшла з паліто і тым, што на ёй было. Падчас вучобы сірот кармілі бясплатна ў сталоўцы ад вучылішча. Выдавалі ім коўдру, падушку і бялізну, якую мылі таксама за дзяржаўны кошт. Такі падыход таксама не спрыяў развіццю самастойнасці.

— Усё маё жыццё мне гатавалі, мяне апраналі, я проста не ведала, як і што робіцца, адкуль што бярэцца. Катастрафічна не хапала ведаў пра свет. Дзякуй бібліятэкару з вучылішча, якая часта размаўляла са мной і давала карысныя кнігі.

Раз на год выпускнікі інтэрнатаў маглі па адпаведнай паперы выбраць у краме адзенне на пэўную суму. У першы такі паход Алена набыла спадніцу з кофтай, белыя туфлі, нешта з бялізны і куртку, якая была на некалькі памераў большай, чым трэба.

Атрымаўшы першую стыпендыю, дзяўчына была ў шоку, бо ніколі не мела грошай на руках. Яна пакінула два рублі на месяц дыскатэк у Беларускім таварыстве глухіх, куды хадзіла яшчэ ў інтэрнаце, а астатняе «спусціла» на смачнае.

— Дагэтуль я толькі пару разоў бачыла грошы. Мама дасылала, і мы разам з выхавальніцай на пошце іх атрымоўвалі. Аднойчы, памятаю, шмат прыйшло. Я купіла сабе спадніцу, цукерак, а куды зніклі астатнія — нават і не памятаю.

Змаганне за кватэру

Першы час пасля вучылішча Алена жыла ў сям'і знаёмай, з якой вучылася.

— Калі б не яна, я, пэўна б, ужо даўно стала бамжом, — мяркуе жанчына. — Я першы раз тады ўбачыла, як гатуюць, даведалася, адкуль ежа бярэцца. Глядзела ва ўсе вочы, як яе маці каля пліты завіхаецца. Потым вучылася гатаваць па кнігах. Асабліва карысным сталася выданне «Мужчына на кухні». У ім якраз для інтэрнатаўскіх апісаны працэс: налі вады, усып крупы, вары.

Пасля яна ўжо і тарты навучылася пячы, і закаткі ставіць.

Пакуль дабівалася ўласнага жылля, што павінна было выдзяляцца сіротам, чытала шмат юрыдычнай і іншай літаратуры.

Спачатку спрабавала стаць на чаргу на атрыманне жылля ад трактарнага завода, таму што дом, дзе Алена некалі жыла з мамай, належаў прадпрыемству. Там яе «адфутболілі». Тады яна пайшла ў гарвыканкам і сказала, што будзе жыць у іх, бо больш няма дзе. Урэшце ёй далі памяшканне ў 4-пакаёвай кватэры. Алена ўладкавалася на працу вадзіцелем трамвая, нарадзіла першую дачку.

— У нашай камуналцы ў двух пакоях жылі бабуля з дзедам, я ў трэцім, у чацвёртым — маладая сям'я з дзіцем. Як толькі маладыя з'ехалі, я напісала заяву, каб за мной замацавалі іх пакой, бо стаяла ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Потым на маіх вачах у п'янай бойцы забілі дзеда. А ў хуткім часе і бабулі не стала.

Алена падала паперы, каб за ёй замацавалі і астатнія пакоі. Пачаліся доўгія суды — аддаваць 4-пакаёўку сіраце ніхто не хацеў... Але нарэшце жанчына выйграла і стала ўладальніцай усёй кватэры. Пасля яе размянялі на дзве.

З бацькам першай дачкі яны ажаніліся, калі Аліне было сем месяцаў.

— Пры гэтым развяліся мы ледзьве не праз месяц, бо мой абраннік аказаўся не гатовым да дарослага жыцця і адказнасці, — уздыхае Алена...

Пакуль жанчына была ў дэкрэце, здарылася, што аднойчы грошы скончыліся і ёй проста не было чаго есці. Дапамога прыйшла ў выглядзе скрыні макаронаў, якую ёй прэзентаваў жаніх лепшай сяброўкі — Іры Багданавай. Алена ўпэўнена, што тыя макароны выратавалі ёй жыццё і дагэтуль абавязкова падымае бакал за Аляксея, калі ён прысутнічае за сталом, якое ні было б свята.

Свайму другому мужу яна зрабіла прапанову сама. Нарадзіла другую дачку Вераніку. Год назад упершыню стала бабуляй...

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Былінка на ветры

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.