Вы тут

Як у аграгарадку сустракаюць выпускнікоў


Для таго, каб вырашыць праблему з маладымі кадрамі ў сельскай гаспадарцы, КСУП «Імя Адама Міцкевіча» Мастоўскага раёна прапанавалі сваім спецыялістам сучасны адрамантаваны інтэрнат. Яго можна назваць жыллёва-спартыўным комплексам. І вось чаму.


Інтэрнат у аграгарадку Вялікая Рагозніца ўступіў у эксплуатацыю зусім нядаўна, хоць сама пабудова налічвае не адзін дзясятак гадоў. За гэты час яна мела рознае прызначэнне, апошнім часам тут размяшчаўся пункт бытавых паслуг, але з-за нерэнтабельнасці яго прыйшлося закрыць. Нейкі час будынак пуставаў, пакуль яго не перадалі на баланс мясцовай сельгасгаспадаркі. Кіраўніцтва вырашыла адрамантаваць аб’ект пад інтэрнат для маладых спецыялістаў. 

На працягу года вялася рэканструкцыя будынка, каб стварыць сучасныя, камфортныя ўмовы для пражывання. Але не толькі. У інтэрнаце абсталявана прасторная спартыўная зала з тэнісным сталом і трэнажорамі.

Па словах намесніка дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Таццяны Крэўскай, гэта ідэя ўзнікла невыпадкова. У будынку адзін з пакояў быў з адпаведным пакрыццём. Яго, як увесь аб’ект, мадэрнізавалі, паставілі трэнажоры. Яны, дарэчы, ужо былі ў гаспадаркі.

Увогуле, работа праведзена даволі значная, бо многія пакоі прыйшлося перабудоўваць, мяняць планіроўку. Былі дароблены санвузлы і кухні.

Усе пакоі цалкам абсталяваны — ёсць камфортныя спальні з неабходнай мэбляй, кухні з халадзільнікамі, мікрахвалевымі печамі, плітамі, пральнымі машынамі. 

Аб такіх умовах раней можна было толькі марыць, лічыць Таццяна Крэўская. А цяпер камфортныя ўмовы пражывання амаль што абавязковы атрыбут быту маладых спецыялістаў.

— Важна ствараць добрыя ўмовы, і наш інтэрнат поўнасцю адпавядае такому кірунку. Там і светла, і цёпла, ёсць усё, што трэба для побыту і для таго, каб весці здаровы лад жыцця. У інтэрнаце адзін паверх адведзены для дзяўчат, другі — для хлопцаў. Яны самі сочаць за парадкам, хоць ёсць і прыбіральшчыца, — паясняе ідэолаг. — Усяго жыллёвы будынак разлічаны на 16 чалавек, але пакуль пражывае менш, у асноўным тыя, хто сёлета прыйшоў па размеркаванні ў гаспадарку.

Паколькі давялося прыехаць сюды адвячоркам, многія насельнікі інтэрната былі на месцы — хтосьці займаўся ў трэнажорнай зале, хтосьці заварваў на кухні гарбату, некаторыя проста адпачывалі ў прасторным, светлым холе.

Маладыя людзі ахвотна расказалі, хто яны і адкуль. Віталь Давідовіч накіраваны сюды аграномам пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Сам ён родам з аграгарадка Новы Двор Шчучынскага раёна. Прыехаў на працу некалькі месяцаў таму. Засяліўся напачатку ў адным з існуючых дамоў. Але пасля адкрыцця інтэрната перайшоў сюды. Кажа, што тут вялікі плюс — спартыўная зала. Кожны вечар хлопцы і дзяўчаты прыходзяць сюды займацца, каб трымаць сябе ў спартыўнай форме.

Трэніравацца ў зале падабаецца і інжынеру — механіку Аляксею Ерамейчыку. Яго бацькі жывуць у Слоніме, але за гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце ён прывык да самастойнага жыцця. Быт інтэрната яму знаёмы. Умовы ў Вялікай Рагозніцы значна лепшыя, чым у студэнцкім інтэрнаце. Што датычыцца харчавання, можна пайсці ў сталовую непадалёк, а можна і самому прыгатаваць. Для гэтага хлопцы запасліся хадавымі прадуктамі — крупамі, макаронай, тушонкай. Па словах Аляксея, выходзіць даволі бюджэтна, плата за інтэрнат прадугледжвае толькі аплату камунальных паслуг. Зарплаты хапае, каб сябе забяспечыць, кажа Аляксей. Хлопец размеркаваны ў гаспадарку па мэтавым накіраванні, гэта значыць, што тэрмін яго адпрацоўкі складзе пяць гадоў. Да такой працы ён гатовы. Кажа, што ўсё падабаецца. А новы інтэрнат забяспечвае камфортнае пражыванне.

Гродзенка Ганна Белава жыла і вучылася ў родным горадзе. У гаспадарку трапіла па мэтавым накіраванні эканамістам. Упершыню ёй давялося жыць аддалена ад бацькоў. Але праблем з гэтым не ўзнікла, бо калектыў ветліва сустрэў маладых спецыялістаў, да таго ж і месца жыхарства вельмі ўтульнае.

— Мы ведалі, што тут рамантуецца інтэрнат, і чакалі яго адкрыцця, — расказвае Ганна. — Тут і калектыў, і ўмовы добрыя, агульныя інтарэсы з сябрамі не дазваляюць мне сумаваць. Да таго ж няма асаблівых праблем даехаць да Гродна. З Вялікай Рагозніцы трэба дабрацца да Мастоў, адтуль можна ехаць і маршруткай, і рэйсавым аўтобусам, і цягніком. Пакуль езджу дамоў па выхадных, прывыкаю да вясковага жыцця. Маім бацькам таксама спадабаліся і месца работы, і ўмовы пражывання.

Беата Захарэўская атрымала прафесію бухгалтара ў сферы сельскай гаспадаркі. Кажа, не шкадуе, што трапіла сюды па размеркаванні. Да самастойнага жыцця прызвычаілася падчас вучобы ў ВНУ. За два гады яна мяркуе прыгледзецца да працы ў сельгаспрадпрыемстве, ацаніць сітуацыю і зрабіць вывады на перспектыву. Але ўжо зараз яна бачыць, што гаспадарка трывалая, зарплата дастойная, ёсць чым заняцца ў вольны час.

Сёлета ў КСУП «Імя Адама Міцкевіча» прыйшлі 12 маладых спецыялістаў. Дэсант, прама скажам, немалы. Усе атрымалі жыллё.

— У гаспадарцы размеркаваны выпускнікі як ВНУ, так і сярэдніх спецыяльных устаноў — тыя, хто атрымаў рабочыя прафесіі: зваршчыкі, электраманцёры, слесары і іншыя спецыялісты. У асноўным маладых спецыялістаў мы размясцілі ў новым інтэрнаце, — кажа Таццяна Крэўская, — таксама ёсць у Вялікай Рагозніцы двухпавярховыя дамы па вуліцы Лясной. Месцаў хапае, адзін дом свабодны.

У сувязі з далучэннем да сельгаспрадпрыемства суседняй гаспадаркі з’явіліся і пустыя аб’екты, у асноўным сістэмы адукацыі. Будынкі вялікія. Ці будуць яны прыстасаваны пад жыллё, пакуль невядома. Праблем з наяўнасцю жылля тут няма.

— Лічу, што бытавыя ўмовы — важны стымул для замацавання маладых кадраў. Таму вырашылі з гэтага будынка зрабіць такі інтэрнат, каб нашы супрацоўнікі маглі пасля работы добра адпачыць, — разважае Таццяна Крэўская.

Як складзецца лёс маладых спецыялістаў, невядома. Адно відавочна — гаспадарка робіць усё магчымае, каб яны паспяхова адаптаваліся і засталіся тут надалей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.