Вы тут

Работа над стрэсам


Медыцынскі ўніверсітэт Дакіа (Японія) мае намер цесна супрацоўнічаць з факультэтам псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У межах сумесных семінараў спецыялісты абмяркуюць магчымасці рэабілітацыі (сацыяльнай, псіхалагічнай, медыцынскай) насельніцтва, якое пацярпела ад экалагічных і тэхнагенных катастроф. Для беларусаў такой катастрофай стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986-м, для японцаў у 2011-м — на АЭС «Фукусіма-1». Паступова, верагодна, удасца параўнаць наступствы для абедзвюх краін, а пакуль японцы пачалі знаёміцца з тым вопытам, які назапасілі нашы спецыялісты. Прафесар кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ, доктар псіхалагічных навук Леанід ПЯРГАМЕНШЧЫК расказвае аб тым, што гэта быў за вопыт — чым можна было дапамагчы беларусам адразу пасля катастрофы і на што варта звярнуць увагу сёння.


Гэта быў не іх выбар

— Для Беларусі ХХ стагоддзе было ўвогуле вельмі багатым на розныя катастрофы. Пад катастрофай я маю на ўвазе не толькі, скажам, 1917 або 1941 год. Гэта і вялікае мноства іншых цяжкіх падзей, якія рэзка мянялі ўклад жыцця, калі чалавек мог у адзін момант страціць усё, у тым ліку блізкіх і нават уласнае жыццё. Некалькі пакаленняў цягам жыцця перажывалі некалькі катастроф. Ці магло гэта прайсці бясследна? Магло, але не для ўсіх. Большасць з нас здольныя перажываць страты і рухацца далей. Аднак ёсць і тыя, хто не можа самастойна справіцца з моцнай псіхалагічнай траўмай.

Надзвычай адмоўныя наступствы катастрофы для чалавека заключаюцца ў тым, што на падсвядомым узроўні ён губляе ўстойлівасць, стабільнасць, веру ў тое, што заўтра надыдзе. Больш за тое, мы страчваем давер да свету, не чакаем ад наваколля нічога добрага. Давер тут можа сфарміравацца толькі тады, калі мы вельмі доўга, ну хоць бы гадоў сто, жывём спакойна...

Чарнобыльская катастрофа, безумоўна, тэхнагенная, радыяцыйная, але сёння мы кажам пра тое, што яна яшчэ мела цяжкія псіхалагічныя наступствы. Чалавек апынуўся ў палоне моцнага страху. Страху перад невядомым. Што такое радыяцыя і як яе трэба баяцца — ніхто не ведаў, і ад гэтага было яшчэ больш страшна. Стрэс узмацніла, безумоўна, і страта зямлі, дома. І гэта аказалася значна горш за страх перад радыяцыяй. Мігранты чарнобыльскай зоны былі на той момант самай неабароненай катэгорыяй. Не радыяцыйныя аблокі, а пераезд стаў для іх сапраўднай катастрофай.

Частка перасяленцаў была перавезена ў спецыяльна пабудаваныя для іх гарадскія дамы. Нам, гараджанам, жыццё ў панельным шматпавярховіку падаецца шчасцем, але навасёлы ў гэтым выпадку былі жыхарамі цалкам вясковымі, яны жылі на зямлі, з пэўнай прасторай (дарэчы, чалавеку для камфортнага самаадчування неабходна досыць вялікая прастора). Як думаеце, маглі ў вяскоўцаў з'явіцца праблемы па прычыне такога пераезду? Безумоўна...

Нават тыя, каго перасялілі ў вясковыя ўмовы, не маглі прыжыцца лёгка і адразу — бо не той лес, не тая рака і г.д. Усё ж такі, калі чалавек пераязджае па сваёй волі — гэта адно. Ён прымае рашэнне. Сам! Чалавек, які мае магчымасць прымаць рашэнні, звязаныя з уласным жыццём, будзе псіхічна здаровым. Яшчэ Жан Поль Сартр казаў: «Чалавек — гэта выбар».

Перасяленне нарадзіла незлічоную колькасць новых стрэсавых сітуацый для людзей. Як жыць у новых умовах, куды ўладкавацца на работу... Трэба неяк прыстасоўвацца, а не ўсё атрымліваецца гладка. Узнікаюць унутрысямейныя канфлікты. Каму мы выказваем сваю незадаволенасць? Тым, хто побач. Не кожная сям'я здольная ў выніку захавацца.

Жыць ва ўчарашнім дні

— Сацыяльнай і псіхалагічнай службы на той момант не было, псіхолагаў яшчэ не рыхтавалі... Гэта сёння мы ведаем, як у ідэале павінна аказвацца сацыяльна-псіхалагічная дапамога ў падобных сітуацыях. Скажам, пераехала сям'я. На другі дзень пасля пераезду прыходзіць сацыяльны работнік, знаёміцца і кажа, што звяртацца да яго вось па такім нумары можна па самых розных пытаннях. І такая стратэгія павінна прымяняцца да кожнага пацярпелага.

У 1990-х некалькі спецыялістаў, у тым ліку і я, арганізавалі 17 цэнтраў псіхалагічнай дапамогі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС. Тры такія цэнтры працавалі пры падтрымцы ЮНЕСКА. Некаторыя з гэтых цэнтраў працуюць і цяпер. Ахапіць усіх перасяленцаў і тых, хто застаўся пражываць на забруджаных тэрыторыях, аказалася не па сілах, аднак прэцэдэнт быў.

Паступова мы навучыліся аказваць дапамогу, пачалі навучаць новых псіхолагаў — здольных працаваць з кожным пацярпелым у залежнасці ад яго індывідуальнай праблемы. У выніку ўзнік нават Цэнтр псіхолага-педагагічных праблем Чарнобыля, які аб'яднаў усіх такіх спецыялістаў і які мне давялося ўзначаліць. За дзесяць гадоў работы цэнтр назапасіў выдатны вопыт.

Толькі ў 1995 годзе ў педуніверсітэце быў уведзены курс крызіснай псіхалогіі. Такія псіхолагі неабходны для аказання дапамогі людзям з любой сур'ёзнай псіхалагічнай траўмай, абумоўленай не толькі тэхнагеннай катастрофай. Крызісныя псіхолагі працавалі з сем'ямі загінулых на Нямізе; калі абрынуўся дах у Краснаполлі і загінулі некалькі чалавек; калі ў дзіцячым садку мужчына ўзяў ў заложнікі дзяцей...

Любую псіхалагічную траўму неабходна «прапрацаваць». Гэта можна зрабіць падчас размовы з тым, каму ты давяраеш, або з псіхолагам. Так мы пазбаўляемся страху і робім траўму часткай свайго жыцця.

Але што з намі часта адбываецца? Час ідзе, трагічная падзея аддаляецца, але з памяці не выціскаецца. Чым больш намагаешся забыць, тым больш гэта на цябе ўздзейнічае. І ты пачынаеш жыць не ў сённяшнім дні, а ва ўчарашнім. Што той маці, якая страціла сына, да сённяшніх падзей? У яе ўчора была бяда. Гэта называецца ў псіхалогіі «эфектам скарочанай будучыні» — падсвядома людзі перастаюць бачыць для сябе заўтрашні дзень, не могуць планаваць і спадзявацца на лепшае.

Тры варыянты выхаду

— Чутак было шмат — пра дзяцей з трыма нагамі, пра закапаных экскаватарам людзей недзе за Уралам. На самай справе дзеці з пэўнымі адхіленнямі фізічнага развіцця нараджаюцца заўсёды, і іх не стала больш. Але па першым часе ўзнік страх перад усім, перад жыццём. На шчасце, гэта пачуццё не можа трымаць чалавека ў сваім палоне бясконца. Свядомасць паступова заспакойваецца. Гэта ні добра, ні дрэнна, проста спрыяе выжыванню.

Больш жывучым аказалася гіпертрафіраванае пачуццё віны ў маці, чые дзеці захварэлі, скажам, на рак шчытападобнай залозы. Пачуццё віны навальваецца адразу пасля страшнай падзеі. Бо мы задаём сабе пытанне: хто вінаваты? Мы можам абвінаваціць каго заўгодна, а калі гэта па нейкіх прычынах немагчыма, то віна перакладваецца на сябе. Так, некаторыя дзеці пасля пахавання бацькоў пачынаюць вінаваціцца тым, што не так часта званілі, прыходзілі і г.д. Задача псіхолага ў такім выпадку перавесці думкі з «хто вінаваты?» на «што можна зрабіць?». Можа быць, варта пачаць дапамагаць іншым? Гэта плённае пераадоленне бяды.

Заходнія вучоныя высветлілі, што своечасовая псіхалагічная дапамога мінімізуе негатыўныя наступствы для здароўя. У шэрагу развітых краін работа над стрэсам пастаўлена выдатным чынам. Дапусцім, адбылася аўтакатастрофа з ахвярамі, якім дапамагалі ўрачы, псіхолагі, ратаўнікі. Усе пасля павінны «адпрацаваць» гэту сітуацыю са сваімі псіхолагамі. Калі цягам года той жа ратавальнік захварэе — хоць на прастуду, — лячэнне будзе аплачана толькі тады, калі ёсць адзнака псіхолага.

У Японіі пакуль, мяркуючы па словах нашых японскіх калег, не надаюць дастатковай увагі псіхалагічнай дапамозе. Улічваючы іх менталітэт — своеасаблівую сумесь традыцыйнай усходняй культуры і заходніх каштоўнасцяў, — цяжка прадбачыць, што менавіта з нашага вопыту будзе карысным для гэтай нацыі.

Увогуле ж існуе толькі тры варыянты выхаду з негатыўнага вопыту — хвароба і пакуты, рост і развіццё і... выхад за межы свядомасці (найлепшы спосаб выжыць у звар'яцелым свеце — звар'яцець). Калі з намі нешта адбываецца, мы павінны атрымліваць вопыт пераадольвання. Так мы пачынаем інакш ставіцца да свету — бачыць у людзях і наваколлі шмат добрага, па-сапраўднаму любіць. Таму любы траўматычны вопыт вельмі важны. Значна важнейшы за станоўчы. Мы вучымся не на дасягненнях, а на памылках. Каб чалавек развіваўся і рос, ён павінен пераадольваць.

Свят­ла­на ПРОТАС

protas@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.