На пасяджэнні пашыранай калегіі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі падводзіліся вынікі працы за мінулую пяцігодку. Дырэктар Дэпартамента Міхаіл Малашанка, разглядаючы ход выканання заданняў, устаноўленых Дзяржаўнымі праграмамі ў сферы энергазберажэння і павелічэння выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, адзначыў, што ўсе асноўныя паказчыкі былі выкананы. Ён агучыў і задачы на 2016 год.
Энергаёмістасць ВУП, як у Канадзе
Зніжэнне энергаёмістасці за пяцігодку склала 12,6%. Доля мясцовых энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве пры мінімальным заданні ў 28% і максімальным у 30% за гэты тэрмін склала 29,5%. Эканомія энергарэсурсаў па рэспубліканскім мінімальным заданні ў 7,1 млн тон умоўнага паліва і максімальным у 8,8 млн тон выканана на ўзроўні больш за 7,8 млн тон. Выйсці на такія паказчыкі стала магчымым дзякуючы планамернаму павелічэнню аб'ёму мясцовых энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве, пачынаючы яшчэ з 2005 года, а таксама дзякуючы зніжэнню ўзроўню спажывання энергарэсурсаў па краіне. За дзесяць гадоў энергаёмістасць ВУП знізілася больш чым у 2,2 раза, а гэта азначае, што яна стала блізкая да паказчыкаў Фінляндыі і Канады.
Разам з тым, не ўсё ідзе гладка. Напрыклад, з задачамі па энергазберажэнні на 2015 год не справіліся Гомельская і Гродзенская вобласці, дзе не сэканомілі паліўна-энергетычныя рэсурсы. У выніку Гомельская вобласць выканала 82% ад плана на 2015 год, Гродзенская — 76%. У Брэсцкай вобласці самае вялікае невыкананне паказчыка ўкаранення новых энергакрыніц. За пяцігодку там планавалася ўвесці ў строй 15, а атрымалася толькі 11.
Ёсць умовы — будзе і інвестар
У задачах мінулай пяцігодкі таксама было пазначана ўвесці такія сучасныя і экалагічныя крыніцы атрымання энергіі, як біягазавыя комплексы. Згодна з планамі, іх павінны былі пабудаваць 32 сумарнай магутнасцю ў 35 МВт. Аднак увялі толькі 12 на 18 МВт. Каментуючы гэтую сітуацыю, Міхаіл Малашанка адзначыў, што з прычыны вялікага памеру капіталаўкладання ў будаўніцтва гэтых комплексаў (больш за 4 тысячы долараў за 1 кВт*г устаноўленай магутнасці), аб'екты былі рэалізаваны з прыцягненнем уласных сродкаў і рэсурсаў рэспубліканскага бюджэту. Інвестар на гэтыя аб'екты не прыйшоў.
«Аднак пасля таго, як уступіў у сілу Указ №209 «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», сітуацыя змянілася. Ён прадугледжвае нязменнасць павышальных каэфіцыентаў для інвестараў на пярыяд у 10 гадоў. Цяпер каля 16 МВт па біягазавым энергакомплексе не выкананы. Але на комплексы сумарнай магутнасцю ў 31 МВт ужо прыйшлі інвестары, якія будуць займацца будаўніцтвам да 2018 года. Гэта азначае, што першапачатковы паказчык будзе хутчэй за ўсё перавыкананы на працягу бліжэйшых трох гадоў», — растлумачыў кіраўнік дэпартамента.
Амбіцыйная пяцігодка
Асноўнымі задачамі на будучую пяцігодку будуць стрымліванне росту спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, а таксама далейшае павелічэнне выкарыстання мясцовых рэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі. Доля першаснага паліва ў валавым спажыванні энергарэсурсаў краіны павінна скласці 16%. У тым ліку доля аднаўляльных крыніц энергіі павінна быць на ўзроўні 6% ад агульнага спажывання. Інфраструктурныя планы таксама амбіцыйныя: у эксплуатацыю павінны ўвесці 690 МВт цеплакрыніц, якія выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, ГЭС агульнай магутнасцю каля 80 МВт, фотаэлектрычныя станцыі сумарнай магутнасцю 250 МВт, ветрапаркі — 200 МВт. Прадоўжацца работы і з біягазавымі комплексамі на ачышчальных збудаваннях і палігонах адходаў у сельскагаспадарчых арганізацыях, якія займаюцца развядзеннем буйной рагатай жывёлы, свіней і птушак. Іх сумарная магутнасць павінна скласці не менш за 30 МВт.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?