Вы тут

Што робіцца ў Беларусі для энергазберажэння і электрыфікацыі


Беларусь пакрысе набліжаецца да атрымання статусу вугляродна нейтральнай краіны, якога яна можа дасягнуць да 2050 года. Пры гэтым выкарыстанне мясцовых відаў паліва (МВП) дазваляе яшчэ і эканоміць мільёны рублёў, бо сабекошт энергіі з ужываннем газу — 115 рублёў, а біяпаліва — 89. Што робіцца для энергазберажэння ў абласцях краіны, расказалі эксперты галіны.


Фота: pixabay.com

Галіна, якую немагчыма перагрэць

Работа ў сферы энергазберажэння на ўзроўні краіны ацэньваецца па энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (ВУП). І гэты паказчык у Беларусі вельмі неблагі — 146 кг н. э. на 1000 $ (згодна з афіцыйнай статыстыкай 2019 года), аднак сярэднесусветны паказчык у развітых краінах — 115 кг н. э. на 1000 $, так што рухацца ёсць куды, абазначыў Міхаіл МАЛАШАНКА, намеснік старшыні Дзяржстандарту, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

У наступнае пяцігоддзе ў краіне плануюць збудаваць яшчэ як мінімум 86 энергакрыніц на МВП агульнай магутнасцю каля 500 МВт. А энергаёмістасць ВУП — знізіць не менш як на 7 %, аднак гэта будзе дарагога каштаваць. Увод абодвух рэактараў АЭС будзе азначаць пераход на электратэхналогіі, выкарыстанне электраэнергіі не толькі ў прамысловасці і рэальным сектары эканомікі, але і на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. І на паказчык энергаёмістасці выкарыстанне электраэнергіі менавіта з мэтай нагрэву будзе ўплываць крыху адмоўна. Таму неабходна выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі цеплавых помпаў, з дапамогай якіх на адзін кілават выкарыстання электраэнергіі для генерацыі цеплавой энергіі можна атрымаць 2-3 кВт цеплаэнергіі, падзяліўся планамі дырэктар Дэпартамента:

— Намячаюцца цікавыя праекты ў рэальным сектары эканомікі, накшталт выкарыстання другасных матэрыльяных рэсурсаў, развіцця электразарадных станцый, у тым ліку і суперхуткасных, дзе будуць укараняцца накапляльнікі электраэнергіі. Рэальны сектар эканомікі — галіна, якую немагчыма перагрэць, бо ў ёй трэба пастаянна ўкараняць новыя тэхналогіі, каб быць канкурэнтаздольным.

Катлы — на кастрыцы, садкі — на сонцы

Нямала энергаэфектыўных праектаў рэалізоўваецца аблвыканкамамі сумесна з Банкам рэканструкцыі і развіцця. За 19 гадоў на выкананне пяці праектаў у сферы энергазберажэння прыцягнута каля 635 млн долараў, расказаў Уладзімір ШАЎЧОНАК, намеснік начальніка аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

— Завяршаецца праект выкарыстання драўнянай біямасы для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння. У яго межах збудаваны 19 кацельных на драўняным паліве, апошнюю заканчваюць у Баранавічах.

Летась у краіне распачаўся праект «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання», разлічаны да 2025 года, які складае 180 млн еўра. У яго межах мяркуецца ўзвесці 17 кацельных арганізацый ЖКГ на драўняным паліве цеплавой магутнасцю катлоў 139 МВт. А таксама будзе цеплавая мадэрнізацыя 125 дамоў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

У Віцебскай вобласці неўзабаве на кацельнай Аршанскага льнокамбіната запрацуюць два катлы агульнай агутнасцю 6 МВт. Палівам для іх стануць адходы кастрыцы, а створанай энергіі хопіць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння прадпрыемства. Дзве геліякалектарныя ўстаноўкі, якія сілкуюцца сонцам, цалкам забяспечваюць у неацяпляльны перыяд гарачай вадой два дзіцячыя садкі ў Оршы. Ад сонца атрымліваюць энергію і тры дамы ў дзвюх вёсках раёна.

На прадпрыемстве «Віцебскія дываны» сёлета ўкаранілі ўстаноўку па ўтылізацыі цяпла ад кампрэсараў. Атрыманай энергіяй ацяпляюць нарыхтоўчы цэх. У Талачынскім раёне будуецца ветрапарк магутнасцю 3,8 МВт для патрэб прадпрыемства «Энергакамплект». А на Сенненшчыне на пачатку 2022-га з'явіцца ветрапарк магутнасцю 6 МВт.

Дзякуючы энергазберагальным мерапрыемствам і мадэрнізацыі эканомяць сродкі і ў Магілёўскай вобласці. Тут сканцэнтравана больш як 50 % ветравых магутнасцяў краіны. А першая «зялёная» электраэнергія ад Чэрыкаўскай сонечнай станцыі магутнасцю 109 МВт ужо паступала ў мясцовую энергасетку. Неўзабаве яна будзе падавацца пастаянна. А мясцовыя жыхары сталі аднымі з першых, хто далучыўся да праграмы па энергаэфектыўнай мадэрнізацыі жылля. У вобласці так уцяпліліся ўжо тры дамы, а да канца года, як мяркуецца, завершацца работы на яшчэ двух.

У Гомельскай вобласці, летась на Светлагорскім ЦКК увялі міні-ЦЭЦ, якая працуе на адходах вытворчасці і мае электрамагутнасць 70 МВт і цеплавую магутнасць — 390 МВт. А на «Гомельшкло» з 2019-га міні-ЦЭЦ працуе на цеплавых другасных энергетычных рэсурсах адыходзячых дымавых газаў, якія раней проста выкідваліся ў паветра.

Энергазберагаючыя мерапрыемствы ў Гродзенскай вобласці рэалізоўваюцца як у прамысловасці, у прыватнасці на прадпрыемстве «Гроднаазот», так і ў сацыяльнай сферы. Як прыклад — мадэрнізаваны яслі-сад у Ашмянах, дзе геліякалектары, фотаэлектрычныя станцыі і цеплавыя помпы могуць працаваць пры тэмпературы да мінус 5 °С.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Біяпаліва, ветрапаркі, сонца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».