Вы тут

Нас аб'яднала «Савяня»



Вольга ПРАНКЕВІЧ, вучаніца 11 класа СШ №4 г. Навагрудка:

«Клуб «Савяня» ў нашай школе працуе з 2010 года, яго наведваюць вучні 5-11 класаў. Папулярнасць інтэлектуальнага руху сярод іх расце з года ў год.

Свая каманда ёсць амаль у кожнай паралелі: «99 рэвалюцый», «Трынітрагліцэрын» (юніёры), «Пазітыў», «Шчасліўчыкі» і іншыя. Члены клуба ўдзельнічаюць не толькі ў школьных турнірах, але і ў гульнях раённага і абласнога ўзроўняў. Каманды нашай школы неаднаразова змагаліся за кубак у сінхронным чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод каманд клуба «Наваградскія волаты» на пляцоўцы Навагрудка.

Як кажа кіраўнік клуба Людміла Андрэеўна Бузук, кожны, хто прыходзіць у яго, набывае новых сяброў, магчымасць цікава і з карысцю правесці свой вольны час. «І чым больш дзяцей уступае ў рады «знаўцаў», тым вышэйшы інтэлектуальны патэнцыял нацыі — адзінае багацце краіны, якое нельга набыць за грошы. І дзе б потым ні апынуліся інтэлектуалы, уменне думаць спатрэбіцца ім у любой сітуацыі».


Знайсці сваё прызванне

Святлана ЧЫЖЫК, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ:

«Надзея Аляксандраўна Андроцкая ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціла дзіцячаму здароўю: ужо 35 гадоў працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы Беразіно дзіцячым урачом і адначасова загадчыкам дзіцячага аддзялення паліклінікі.

Бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх яна лечыць, сцвярджаюць, што менавіта яе трэба лічыць Урачом з вялікай літары. Сама ж жанчына кажа, што ўрач, асабліва педыятр, павінен быць добрым, умець знаходзіць кантакт з дзецьмі.

— Яны адчуваюць дабрыню і падмануць іх проста немагчыма. Нельга і перадаць, як прыемна чуць ад маленькага хворага: «Да пабачэння, я цябе люблю!» Калі маці бачыць добрае стаўленне да яе дзіцяці, то і ёй прыемна, — кажа Надзея Аляксандраўна. — Да нас аднойчы ў аддзяленне прыйшла дзяўчына, якая прызналася, што не любіць дзяцей. Але пры гэтым яна скончыла педыятрычны факультэт медуніверсітэта з «чырвоным дыпломам». Таму я думаю, што трэба адразу вызначыцца, чым вы хочаце займацца ў жыцці, у якой прафесіі вы сябе бачыце. Кожнаму трэба быць на сваім месцы. Галоўнае — паставіць мэту і ісці да яе».


Вандруйце па краіне!

Ганна КУРТАСАВА, вучаніца 11 класа ліцэя №2 г. Мінска:

«Мне вельмі падабаецца, што школьныя настаўнікі возяць нас на экскурсіі па розных кутках краіны.

Лічу гэта вельмі правільным, бо такім чынам кожны з нас становіцца бліжэй да сваёй Радзімы і яе культуры. Такія вандроўкі дапамагаюць нам больш зразумець быт і заняткі людзей, якія жылі да нас і стваралі гісторыю.

Я вельмі люблю ездзіць па Беларусі, даведвацца пра нешта новае, невядомае. Мне падабаюцца ўсе мясціны, дзе давялося пабываць, але самы цікавы куток — Белавежская пушча. Гэта месца — сімвал беларускай прыроды, маленькі куточак цішыні, спакою і прыгажосці з яго непаўторнымі жывёламі і старымі магутнымі дрэвамі. Менавіта Белавежская пушча найлепш характарызуе нашу краіну, як багатую на разнастайныя віды флоры і фаўны. Туды варта зазірнуць!

Наша Радзіма вельмі прыгожая і маляўнічая, таму неабходна захоўваць гэтае багацце для наступных пакаленняў, як тое зрабілі для нас прадзеды. Трэба пакінуць пасля сябе новую гісторыю і захаваць старую, каб і нашы дзеці маглі памятаць мінулае і ствараць будучыню».


Лісты чытаў Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.