Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Чаму нас вучаць пацыенты хоспіса?

або Час, каб... падумаць

Старасць, немач, цяжкія хваробы... Часта мы не ведаем, як паводзіць сябе з такімі людзьмі, як кантактаваць з тымі, хто стаіць на парозе вечнасці, чым у горы суцяшаць іх блізкіх.

Ужо пяты год я працую псіхолагам у сталічным хоспісе для дарослых, у аддзяленні сястрынскага догляду, дзе ляжаць пацыенты з дэменцыяй, энцэфалапатыяй, хваробай Альцгеймера, рассеяным склерозам, постінсультнымі і постінфарктнымі станамі.

Галоўнае ў нашай працы — гэта паважлівае і ўважлівае стаўленне да кожнага як да асобы з яе чароўным, непаўторным, бясконца цікавым унутраным светам і знешняй прыгажосцю. Дзякуючы такой увазе чалавек раскрываецца, праяўляе свае найлепшыя якасці, расцвітае, як найпрыгажэйшая кветка ў каралеўскім садзе, і гэтаму цуду не перастаеш здзіўляцца.

— Калі я ішла на працу ў хоспіс, то думала, што ўбачу толькі слёзы і роспач, — успамінае мая маладая каляжанка. — Я не чакала, што сустрэну тут людзей з сапраўднай светлай радасцю, з гумарам, шчырымі ўсмешкамі.

Так, у хоспісе кіпіць, бурліць, віруе жыццё — сапраўднае, без масак. Тут у пацыентаў ёсць час для таго, каб паразмаўляць, паразважаць, падумаць, а ў супрацоўнікаў — каб зразумець, усвядоміць, асэнсаваць і павучыцца.

Я, напрыклад, часта ўспамінаю адну размову з пацыенткай Любай. Ёй было каля 60. Апошняя стадыя анкалогіі. Я заходзіла да яе ў палату амаль кожны дзень, і мы падоўгу размаўлялі. Аднойчы яна сказала: «Я ўжо некалькі месяцаў ляжу прыкаваная да ложка, нічога не раблю, хіба зрэдку — чытаю ды размаўляю з блізкімі, з псіхолагамі ды з бацюшкам, калі ён прыходзіць. А большую частку дня я думаю. Так бы кожнаму...»

Тут Люба заўважае, як у мяне ад здзіўлення акругляюцца вочы, і ўсміхаецца: вы, маўляў, не тое падумалі. Я нікому не жадаю хварэць! Я проста хачу, каб у людзей быў час спыніцца, адарвацца ад працы і розных клопатаў — пабыць у цішыні, азірнуцца на пражытае... Гэта вельмі важна!

Я ўсміхаюся і пагаджаюся з Любай...

Некалі, яшчэ валанцёрам, я сустрэла ў аддзяленні траўматалогіі вельмі цікавую жанчыну. Яна некалькі месяцаў пасля аварыі была прыкаваная да ложка, але, як ні дзіўна, адчувала сябе шчаслівай. Урачы запэўнілі, што яе здароўе адновіцца, патрэбны толькі час, за які яна зрабіла цудоўныя адкрыцці.

— Мае дзеці ўжо выраслі, яны самастойныя, шмат у чым дапамагаюць нам, — расказвала мне жанчына. — А я ўсё роўна вавёркай круцілася ў коле спраў: то есці зварыць, то хату прыбраць, то ў магазін схадзіць, то зрабіць закаткі... Вось Бог мяне і спыніў. Цяпер у мяне з'явіўся час на... падумаць, пачытаць, памаліцца. Мы, дарэчы, усёй палатай тут молімся — за ўрачоў, за нашы сем'і, за сваё здароўе. Цудоўны вопыт!

Любе я кажу пра Людмілу. Яна толькі ўсміхаецца: вось і я, маўляў, аб гэтым жа вопыце... Але было б лепей, каб людзі нажывалі яго не падчас хваробы...

На пачатку лета нас з калегай-псіхолагам запрасілі на радыё. У прамым эфіры мы расказвалі пра асаблівасці работы з цяжка хворымі, з тымі, хто памірае.

Вядучы пацікавіўся, чым нашы пацыенты вылучаюцца сярод іншых людзей? Мы з захапленнем гаварылі пра іх сапраўднасць, адкрытасць, шчырасць.

Бачучы нашу натхнёнасць, журналіст нават спытаў, ці няма ў нас «хоспіснай залежнасці», ці не падаецца жыццё па-за сценамі бальніцы занадта прэсным? Ён таксама быў вельмі здзіўлены, калі пачуў, што ў нашых пацыентаў ёсць шмат часу. Маўляў, ці можа ён быць, калі смерць ужо на парозе?

Але ў чалавека, адказвалі мы, застаецца яшчэ вельмі шмат магчымасцяў. Ён можа паспець памірыцца са сваякамі або сказаць, што ніколі ім не даруе, прыйсці да Бога або, наадварот, аддаліцца ад яго, дапамагчы суседу па палаце або адвярнуцца ад яго. Ёсць час для любові, для таго, каб зрабіць выбар і паспець. А калі ўсё ўжо зрабіў, калі жыццё запоўнена дарэшты чымсьці вельмі важным, галоўным, блізкім, любімым — адбываецца прыняцце, і чалавеку не страшна адыходзіць, бо ён не пабаяўся жыць напоўніцу.

...Пацыентка Люба, пра якую я напісала. Да таго, як захварэла, працавала прыбіральшчыцай. Але па жыцці была вельмі мудрай жанчынай. Як і Людміла, як Дар'я, якая працавала дворнікам і з захапленнем расказвала пра сваю работу, людзей, пра лісце дрэў, якое ападае ў розны час...

Чалавек, які любіць жыццё, заўсёды заўважыць, наколькі яно чароўнае.

Марына Баброўская, г. Мінск


 

Мала выкладаць прадмет...

Няма, відаць, людзей, якія не помнілі б сваю першую настаўніцу (або настаўніка)...

У памяці, вядома ж, і любімыя.

Марыя Іларыёнаўна Баравік прыехала ў нашу вёску разам з мужам, і мы, яе вучні, звыклыя да сваёй мясцовай трасянкі, як зачараваныя слухалі сапраўдную беларускую мову. Ды якую ж прыгожую...

Апроч таго, Марыя Іларыёнаўна ніколі не павышала голас і называла нас досыць непрывычна — не па прозвішчах, а па імёнах: Ніна, Марыйка, Сяргей... У класе былі, вядома ж, і цёзкі. Такіх настаўніца называла яшчэ і па бацьку: Ева Сцяпанаўна, Мікалай Макаравіч...

Не лаяла нас і за пропускі заняткаў: разумела, што грошай у калгаснікаў тады не хапала нават на соль ці газу. Крыніцай выжывання былі свае агароды, гаспадаркі ды лес. Таму дзеці, як правіла, не прагульвалі ўрокі: яны дапамагалі бацькам пасадзіць ці выбраць бульбу, адпасвіць кароў, нарэзаць сечкі...

І двоек гэта настаўніца ніколі не ставіла, толькі казала, што сорамна па роднай мове і літаратуры атрымліваць дрэнныя адзнакі. Ды яшчэ папярэджвала, што на наступным уроку выкліча зноў. Значыць, трэба падрыхтавацца.

З Марыяй Іларыёнаўнай мы вывучалі творчасць Коласа, яго трылогію «На ростанях» і неяк мімаволі «аб'ядноўвалі» вобразы настаўніц. Наша з таго самага часу стала... Ядвісяй. Колькі ж пяшчоты, колькі павагі мы ўкладалі ў гэта імя, бо настаўніца і сапраўды была нібы роднай.

Помню, неяк у халодным лістападзе і адразу ж пасля ўрокаў нас адправілі на калгаснае поле, на каноплі. І мы, абы-як апранутыя і абутыя, пад дажджом, на ветры рвалі іх, ставілі ў кучкі.

Разам з намі была і Ядвіся. «Так нельга рабіць, — казала яна завучу школы (а мы выпадкова пачулі). — Дзеці цэлы дзень галодныя, на гэткім холадзе... Калгаснае начальства патрабуе дапамогі? А само яно дзе? Чаму не відаць ні старшыні, ні парторга?»

Пасля гэтай размовы нас, вядома ж, не перасталі пасылаць на калгасныя палеткі, але сталі хоць папярэджваць, каб цяплей апрануліся...

На бульбу, помню, хадзілі цэлымі тыднямі, заняткі ў школе тады ўвогуле адмяняліся. На полі хто-небудзь з настаўнікаў распальваў касцёр, у прыску, на ўсіх, пёк бульбу і тым самым хоць крыху саграваў і падсілкоўваў нас. Але...

У хуткім часе мужа нашай Ядвісі прызначылі дырэктарам у іншую школу, і гэтая пара з нашай вёскі з'ехала. Аднак памяць пра сябе пакінула — добрую, доўгую... Напэўна, таму што Марыя Іларыёнаўна выкладала нам не проста свой прадмет, а перадавала павагу і любоў да роднай мовы, да Радзімы.

...Я, былая вучаніца, потым цікавілася лёсам настаўніцы. Наколькі ведаю, гадоў дзесяць таму Марыя Іларыёнаўна жыла на радзіме мужа, у вёсцы Кольна Жыткавіцкага раёна, у яе былі дзеці, унукі... А яшчэ — вельмі шмат вучняў. Я ўпэўнена, што многія з іх памятаюць сваю настаўніцу, настаўніцу ад Бога.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


А груша па-ранейшаму цвіце!

Немагчыма забыць вёску, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства, дзе знаёмая кожная сцяжынка.

Па іх, і, вядома ж, да мяне, хадзіў вядомы мастак Язэп Драздовіч. Ён маляваў вяскоўцам свае адмысловыя дываны. Адзін з іх я бачыў у маёй хроснай Стэфаніі Сяліцкай. А яшчэ ў гістарычным часопісе да стагоддзя мастака я прачытаў, што ім быў намаляваны партрэт Самуйлы з вёскі Багатырова — з маёй вёскі! Там некалі было дванаццаць хат. У дзевяці з іх жылі Самуйлы, у трох — Івашкевічы, Сяліцкія і Пярхальскія, адзін з якіх Іван Баніфацавіч, пайшоў адсюль на вайну. І толькі праз 72 гады мы даведаліся, што ён загінуў у 1943-м, пахаваны на Калужскай зямлі...

Сёння мне ўжо за 80. Жыву ў Глыбокім, але заўсёды з унукамі, са сваім сямействам прыязджаю на малую радзіму. Вёскі там няма. На месцы нашай хаты расце ігруша, якую я пасадзіў некалі ў дзяцінстве. А да дома ў Глыбокім з урочышча Багатырова я прывёз тры рабіны. Яны штодня напамінаюць мне аб малой радзіме.

Анатоль Пярхальскі, г. Глыбокае

Пісьмы чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.