Вы тут

Як збіраць маладых на вяселле


Фальклорныя вандроўкі з праектам «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» — гэта магчымасць кожны раз рабіць адкрыцці. Слухаючы песні, назіраючы за побытам у сучасных беларускіх гарадах і вёсках, заводзячы знаёмствы з тымі людзьмі, якія старанна збіраюць і зберагаюць родныя матывы, з дзяцінства знаёмыя звычаі — усю тую спадчыну, якая з'яўляецца асновай кожнага з нас. Бо нават калі чуеш, маўляў, добра там, дзе нас няма, то думаецца пра тое, што не ўмеючы шанаваць сваё — наўрад ці будзеш ведаць цану чужога... У адной з чарговых фальклорных экспедыцый са здымачнай групай праграмы «Наперад у мінулае» мы пабывалі ў вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна.


На па­сад ма­ла­дую вя­дзе род­ны брат.

Само мястэчка стаіць на левым беразе Нёмана. Паводле архіўных крыніц, вёска ўпершыню згадваецца ў 1428 годзе. Акурат тады князь Вітаўт падпісаў завяшчальную грамату сваёй «наймілейшай сужонцы» Юльяне на валоданне ёю пасля ягонай смерці. Па пісьмовых крыніцах вядома з 1568 года як мястэчка Свержань Навагрудскага павета, якое мела царкву і млын, а на правым беразе Нёмана — замак. У 1575 годзе мястэчка стала ўладаннем Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, які ў 1588 годзе заснаваў тут касцёл (існуе і сёння, вядомы як Петрапаўлаўскі), а ў 1590-м — храм (цяпер гэта царква Успення Прасвятой Багародзіцы). У 1742 годзе Міхал Казімір Радзівіл пабудаваў Свержанскую фаянсавую мануфактуру. Увогуле ў ХVІІІ ст. мястэчка атрымала назву Новы Свержань і адсюль пачынаўся нёманскі гандлёвы шлях у Каралявец (г. Кёнігсберг)...

Сёння жыццё вёскі таксама не стаіць на месцы. Працуюць школы, крамы, амбулаторыя і многае іншае. Тут мы пазнаёміліся з удзельнікамі народнага хору «Панямонь» Навасвержанскага дома культуры.

Калектыў пачаў сваю дзейнасць у 30-я гады мінулага стагоддзя, а званне «народны» атрымаў у 1976 годзе. Сёння тут спяваюць 18 чалавек, і пачуць у іх выкананні можна як аўтарскія, так і народныя беларускія, рускія, украінскія песні. Нам пашчасціла яшчэ і ўбачыць дэманстрацыю вясельнага абраду, які ў свой час аднавіла хормайстар калектыву Ала Янская.

— Гэты абрад быў сабраны намі з усёй Стаўбцоўшчыны. Шмат элементаў мы ўзялі ў вёсцы Мікалаеўшчына, дзе нарадзіўся Якуб Колас. Яго пляменніцы таксама перадалі нам цудоўную песню, якую маці пісьменніка Ганна Юр'еўна спявала ў свой час на ўсіх вяселлях, — расказвае Ала Пятроўна. — Песню гэтую мы не ўводзілі ў вясельны абрад, але яна «аналізуе» ўсё жыццё маці Якуба Коласа. І, мусіць, усіх жанчын таго часу...

Прыстройся, дзяўчына, ты гожа,

Як у дзянёчак святы.

Чашы галоўку прыгожа,

Прыехалі сёння сваты...

Дасць бацька ў пасаг карову,

Курэй, ягня, парася,

А маці ў пасаг падушкі

І куфар адзін палатна.

Усё гэта возьме твой мілы,

Як быццам то куплена ім,

І будзеш яму да магілы

І жонка яму, і слуга.

Жаць пойдзеш далёка ці блізка,

Муж пойдзе касіць ці араць.

З табою дзіця і калыска

На полі, на козлах стаяць.

«Кла­ня­ю­ся та­бе, ма­ма, што бы­ла ў ця­бе я ўбра­на...»

...Потым нам паказалі сам вясельны абрад, праўда, у скарочаным выглядзе. Пачалося ўсё з выканання калектывам песні «Вышыванка» (дзяўчына ўласнаручна расшывала кашулю любага ўзорам, каб сэрца хлопца заўсёды сагравала каханне). Тым часам да стала, на якім стаяць зерне, мёд, свечка, каравай і абразок, выходзяць маладыя. Іх сустракае і на працягу ўсяго абраду праводзіць Ала Пятроўна (на сапраўдных вяселлях звычайна такую ролю выконвае свацця альбо найстарэйшая жанчына ў сям'і) і ўдзельнікі хору «Панямонь», якія, прывітаўшы жаніха з нявестай, з песняй адпраўляюць іх на пасад.

Ой ляцелі гусенькі

цераз сад,

Запрашалі дзевачак

на пасад.

Ой да асыпаецца вішнёвы

 сад,

Час ужо вам, дзевачкі,

на пасад...

Важна адзначыць, што паводле традыцыі, маладога ставяць на пачатку стала (які знаходзіцца ў чырвоным куце), каб жыццё было заможным. А нявесту садзіць на пасад (на дзяжу з накінутым на яе кажухом) родны брат альбо стрыечны. Дзеянне гэтае таксама суправаджаецца песняй.

Сонейка ды па кругу ідзе,

Брат сястру на пасад

вядзе

Да за белую ручку.

Горка плача, месца прача...

Яшчэ прыгаворваюць: «Колькі шарсцінак на гэтым кажусе, столькі жадаем дабра і прыбытку ў хаце». Потым маці маладой бласлаўляе дачку з абразком. А брат запальвае свечку і абходзіць з ёю вакол сястры (гэта робіцца з мэтай, каб усё ліхое каля нявесты згарала і толькі добрае ў хаце бывала), а затым абсыпае маладую зернем (няхай дзеткі будуць, як кветкі).

Працягваецца дзейства тым, што «вядучая» запрашае маладую развітвацца з бацькамі, сястрой, братам, суседзямі: «Вось карыся, дзеванька, карыся. Кожнаму да ножак пакланіся. Старога, малога не мінай. Кожнаму да ножак нізенька, хай твая долечка будзе добранькай». Тут гучыць наступная песня:

Як я была ехала, як я была ішла,

А я ж свайму татачцы не кланілася.

Кланяюся табе, тата, мо была я зухавата,

Больш не буду, больш не буду я.

Як я была ехала, як я была ішла,

А я ж сваёй мамачцы не кланілася.

Кланяюся табе, мама, што была ў цябе

я ўбрана...

Развітаўшыся са сваёй раднёй, нявеста пераходзіць у новую сям'ю, дзе першай прымае дзяўчыну свякроў. «Пакланіся і новай матулі ў ногі. Хай будуць светлымі, шырокімі і лёгкімі твае дарогі», — заклікаюць маладую. І хор зноў выконвае песню:

Ой, свацеечка,

ой, галубачка,

Просім вас, каб не было

 кепска

Нашай Танечцы ды

ў вас,

Каб не стаяла з цёмнай

 ночачкі

Пад акном,

каб не ўцірала

Дробных слёзачак

рукавом...

Каб жыц­цё бы­ло з са­лад­ком, свяк­роў час­туе мядком.

Новая матуля ў адказ корміць нявесту мядком, каб жыццё было з саладком. Толькі пасля гэтага дзяўчыну перадаюць у рукі нарачонага, выконваецца старадаўні абрад «Тры ручнікі».

— Да маладых заходзяць са спіны, таму што ў нас ёсць на патыліцы ямачка, праз якую можна паслаць сурокі. І на вяселлі чым большая дружына стаіць за маладымі, тым лепш для іх. Каб ніхто да іх блізка не падыходзіў, — тлумачыць Ала Пятроўна і выконвае неабходныя дзеянні. — Накрываем вашы галовы, дзеткі, першым ручніком. Няхай вас святыя аберагаюць. Няхай нячысцікі са шляху не спіхаюць. І каб вы знаходзілі тую дарожку, што прывядзе да роднага парожка... Гэтым жа ручніком мы абкладзём вясельную ікону. Яна будзе суправаджаць усё ваша сумеснае жыццё, вісець у вас на покуце. Перавязваю вас цесненька-цесненька, дзеткі, другім ручніком, каб хутка ваша хата зазвінела дзіцячым галаском. Зараз ручнік мы пакладзём пад вясельны каравай. А калі ў вашай сям'і народзіцца першае дзіця, то вы павінны прыняць яго ў гэты ручнік. Трэцім ручніком перавязваем вашы ручкі моцна-моцна, бо да сённяшняга часу вы ішлі кожны сваёй сцяжынкай, а сёння яны зліліся ў адзін вялікі шлях. Ідзіце па жыцці. Няхай вашы палкія сэрцы б'юцца толькі ва ўнісон...

Маладых абводзяць вакол стала. Спачатку жонка ідзе за мужам як за верным служам, другім разам пойдзе муж за жонкай, як нітка за іголкай. Потым маладыя жаніх з нявестай стаяць і слухаюць яшчэ адну кранальную песню... Яе мне даводзілася не аднойчы чуць на вяселлях і ў сваёй вёсцы, праўда на ўкраінскі манер і ў больш разгорнутым варыянце...

Гарэла сосна, палала,

Пад ёю дзеўка стаяла,

Русую косу часала.

Ой косы, косы вы мае,

Мала служылі вы ў мяне,

Болей служыць не будзеце,

Пад белы вэлюм пойдзеце...

Завяршаецца дэманстрацыя вясельнага абраду праходам маладых праз трое варот (зробленых з ручнікоў) і ваджэннем святочнага карагоду, таксама з песняй. Дарэчы, і сёння элементы гэтага абраду можна сустрэць на вяселлях. Нехта просіць іх правесці, бо лічыць, што робіцца гэта прыгожа, а іншыя вераць, што ўсе дзеянні будуць абярэгам іх дзецям у будучым сямейным жыцці... Відэаверсію ў хуткім часе можна будзе пабачыць у праграме «Наперад у мінулае». Сачыце за эфірамі праекта і занатоўвайце мудрасць, правераную вякамі і пакаленнямі.

drapko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тры ручнікі на шчасце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.