Вы тут

Каханне і вечны боль


Думаю, не памылюся, калі скажу, што нашы продкі перанеслі за сваё жыццё столькі пакут і нягод, што сённяшняму пакаленню з лішкам хапіла б на некалькі жыццяў. Хачу расказаць пра сваю бабулю Агаф'ю.


Мая ба­бу­ля Агаф'я з доч­ка­мі Лі­дзі­яй (зле­ва) і Ма­ры­яй, 1961 год.

...Нарадзілася яна ў другой палове ХІХ стагоддзя на Любаншчыне. Дзяцей у сям'і было шмат, а зямлі — мала.

У 17 гадоў дзяўчына выйшла замуж. За Фёдара, хлопца з такой жа беднай сям'і. Адно суцяшала маладых — каханне было ўзаемным, сапраўдным.

Неўзабаве нарадзіўся жаданы сын — назвалі Макарам. Жыць было вельмі цяжка, ледзь канцы з канцамі зводзілі. Заставалася толькі адно выйсце — ехаць на заробкі, каб затым купіць у пана зямлю.

І вось, сабраўшы няхітрыя пажыткі, Фёдар падаўся за акіян, у Амерыку. Праз год Агаф'я атрымала ад яго чаканае пісьмо. Пісаў, што ўжо працуе на заводзе і прасіў прыехаць да яго з сынам. Агаф'я замітусілася, пачала збірацца ў далёкую дарогу. Але нечакана паездку давялося адмяніць. У вёсцы было некалькі мужчын, якія ўжо пабывалі ў Амерыцы і вярнуліся назад. Яны і сказалі жанчыне, што калі яна паедзе з малым, то той не перанясе такой цяжкай дарогі — загіне.

Так і засталася мая бабуля на сваёй малой радзіме з маленькім Макарам.

Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, затым рэвалюцыя — новыя пакуты і нягоды давялося зведаць Агаф'і. Праз 10 гадоў, у 1922 годзе, не дачакаўшыся Фёдара бабуля другі раз выходзіць замуж — за былога франтавіка аднавяскоўца Цімафея. Нараджаюцца яшчэ тры дачкі.

Пачалі, як кажуць, паціху станавіцца на ногі. Ды надарылася новая бяда. Муж бабулі Цімафей вазіў зімой на кані сена і ўпаў з воза на лёд. Адбіў ныркі, затым адняліся ногі. Цэлы год бабуля даглядала яго. Вясной 1933 года Цімафей памёр.

Усе клопаты пра маці і трох сясцёр узяў на сябе Макар. Неўзабаве ён ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Надзяй, нарадзілася дачка Лідзія. А тут новая страшная бяда — пачалася вайна. Макар пайшоў на фронт...

Пачаліся жудасныя дні акупацыі. Паколькі бабуля жыла на хутары недалёка ад лесу, то да яе часта прыходзілі партызаны. Яна разам з дочкамі пякла для іх хлеб, мыла бялізну. Усё гэта рабілася глыбокай ноччу. На вуліцы пастаянна хтосьці з дачок стаяў на варце, на выпадак нечаканага з'яўлення немцаў або паліцаяў. Удзень яны часта прыходзілі, забіралі ўсё дачыста...

Затым пачаліся нечаканыя аблавы. Моладзь хапалі і адпраўлялі ў Германію на працу.

...Вёску акружылі а 6-й раніцы. Агаф'я, падаіўшы карову, выйшла з хлява. І тут убачыла, што да яе на хутар ідуць тры фашысты. Хутка разбудзіўшы дачок, загадала ім тэрмінова хавацца. Мая маці з сястрой Марыяй прытаіліся пад саломай у хляве. Малодшая дачка Вольга адразу разгубілася, пасля хутка залезла па лесвіцы на паддашак дома, паспела толькі схавацца за комін. Фашысты агледзелі хлеў, папаролі штыкамі салому, затым адзін пачаў падымацца па лесвіцы на паддашак. Паглядзеў — пуста. Спусціўся ўніз. За комінам ні жывая ні мёртвая засталася стаяць худзенькая Вольга. Назаўтра бабулю выклікалі ў камендатуру.

Бялявы эсэсавец, паказаўшы ёй тры пальцы, спытаўся: «Дзе тры дачкі схавала, старая ведзьма, адказвай!?» Канешне, Агаф'я маўчала. Затым яе да паўсмерці збілі гумавай палкай і выкінулі на вуліцу.

Але на гэтым пакуты бабулі не скончыліся. Праз тыдзень фашысты сагналі жанчын за вёску, запрэглі ў барану і загадалі цягнуць па дарозе. Напярэдадні на партызанскіх мінах падарвалася некалькі іх машын з салдатамі. Гэтым разам Бог збярог маю бабулю. Партызаны, ведаючы пра акцыю карнікаў, паспелі зняць міны. Пачалі ставіць іх далей ад вёсак, каб не падвяргаць жыхароў небяспецы.

...Летам 1944 года пачалося масавае адступленне фашыстаў. Спачатку праз вёску адступалі немцы, на наступны дзень — іх прыслужнікі паліцаі.

Калі ўжо фронт у асноўным прайшоў, у двор хутара зайшоў малады немец у форме яфрэйтара. Убачыўшы бабулю, папрасіў папіць. Яна вынесла яму кубак вады, кавалак хлеба і сала.

«Данке, данке!» — пачаў лапатаць салдат.

Затым спытаўся: «Дзе тут рускія? Хачу здацца».

Бабуля вывела яго з двара, паказала на дарогу, дзе грукаталі савецкія танкі: «Ідзі з Богам!»

Салдат кінуў у кусты аўтамат, падняў рукі і пайшоў.

...Макар у лістападзе 1944 года прыслаў з Польшчы апошняе пісьмо. Ён ваяваў танкістам. Затым прыйшоў казённы ліст са стандартным надпісам: «Прапаў без вестак». Гэта быў самы цяжкі ўдар для Агаф'і...

Ужо 53 гады, як не стала маёй бабулі. Калі я бываю ў Любані, заўсёды стараюся наведаць гарадскія могілкі. Там, пад стагадовай сасной, магіла Агаф'і. На сціплым помніку просты надпіс: «Раба Божая, Вашчыла Агаф'я, памерла ў 1962 годзе».

А дзесьці там, за Атлантыкай, на іншым кантыненце, знаходзіцца магіла Фёдара — першае каханне і вечны боль маёй бабулі.

...Надзея, жонка Макара, усё спадзявалася, што муж вернецца, бо прапаў жа без вестак, можа, жывы — цеплілася надзея... Чакала з вайны бацьку і яго адзіная дачка Лідзія...

Абедзве ўжо пайшлі з гэтага свету, не дачакаўшыся любага чалавека. Засталася толькі праўнучка Фёдара Любоў, якая жыве ў Мінску. Яна не страчвае надзеі, пачала ўзмоцнена займацца пошукамі сваіх каранёў у далёкай Амерыцы. А раптам хто адгукнецца, няхай нават на іншай мове, бо гэта не так важна, родныя зразумеюць адно аднаго і без слоў.

Міхаіл МАСКАЛЬЧУК, г.п. В. Бераставіца, Бераставіцкі район

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.