Вы тут

Як працуе мытня аэрапорта


Што выдае чалавека, які праглынуў 600 грамаў гераіну, ці каштуюць службовыя сабакі падчас навучання наркотыкі і для каго прызначаны «пакой асабістага агляду», высвятлялі карэспандэнты «Звязды». Яны наведалі мытню «Мінск-2», якая на дзень расчыніла свае дзверы для журналістаў.


Інтраскоп, радыяцыя і 10 тысяч долараў

У Нацыянальны аэрапорт, дзе знаходзіцца мытня «Мінск-2», мы з фотакарэспандэнтам прыязджаем як звычайныя пасажыры. Хіба толькі замест вялізных чамаданаў у руках жаночая сумка і партфель. Але і гэты невялічкі багаж, так званую ручную паклажу, служба авіяцыйнай бяспекі і рэжыму аэрапорта просіць пакласці на інтраскоп. Маўляў, хоць мы «госці» тут і чаканыя, але залішняя асцярожнасць яшчэ нікому не замінала. Інтраскоп скануе змесціва нашага багажу, і мы праходзім далей, у зону вылету.

Там радавы пасажыр, які адпраўляецца за мяжу, павінен выбраць чырвоны або зялёны калідор. Для гэтага яму прадстаўляецца ўся неабходная інфармацыя, аднак, па словах мытнікаў, менавіта на гэтым этапе людзі вельмі часта робяць памылкі.

— Пасажыры няўважліва чытаюць або не чытаюць зусім правілаў, якія тлумачаць, што абавязкова трэба дэклараваць або як перавозіць жывёл і расліны.

На беларускай мытні, напрыклад, дэкларуецца багаж вагой больш за 50 кілаграмаў, а таксама наяўныя грошы звыш 10 тысяч долараў. Моцныя абязбольвальныя абавязкова трэба везці з рэцэптам або выпіскай з медкарты. Таблеткі павінны быць у заводскай упакоўцы, каб у супрацоўнікаў мытні не ўзнікала лішніх падазрэнняў, што вы везяце, — тлумачаць супрацоўнікі аддзела мытнага афармлення і кантролю.

Адкрыйце чамадан

Пры ўзнікненні сумнення мытнікі раяць ісці ў чырвоны калідор. Там спецыялісты адкажуць на ўсе вашы пытанні. Дарэчы, вароты, праз якія праходзіць пасажыр, рэагуюць на рэчы з павышаным фонам радыяцыі.

— Выпадкаў незаконнага перамяшчэння крыніц радыеактыўнага выпраменьвання ў нас не было, але сістэма перыядычна спрацоўвае на багаж пасажыраў, радыяцыйны фон якога большы за норму, — гаворыць начальнік мытні «Мінск-2» Андрэй Міхалькевіч.

У той жа час, калі пасажыр толькі ўваходзіць у зону мытнага кантролю, уся інфармацыя пра яго і багаж ужо з'яўляецца на спецыяльных маніторах. Каб зразумець, што «гаворыць» інтраскоп, трэба ведаць яго «мову». Напрыклад, металічныя прадметы прыбор фарбуе ў сіні колер, арганіку — у цёмна-зялёны і аранжавы. У супрацоўнікаў мытні ёсць памятка, дзе пазначаны адценні усіх небяспечных рэчываў. На жаль, праслухаўшы кароткі інструктаж, вызначыць, ці ёсць пагроза ў тым ці іншым чамадане, у нас з фотакарэспандэнтам не атрымліваецца. Выява на маніторы больш нагадвае незразумелую дзіцячую размалёўку. Але, як кажуць спрактыкаваныя мытнікі, тут адной тэорыі мала.

— Усё прыходзіць з часам, патрэбен вопыт, — тлумачыць Андрэй Уладзіміравіч. — Такі прыбор і прафесійнае вока чалавека — магутны дуэт.

На днях у багажы пасажыра знайшлі прадмет, які нагадваў агнястрэльную зброю. На шчасце, як высветлілі эксперты, гэта аказаўся муляж.

Падобныя экспертызы займаюць некалькі гадзін. Рэч абавязкова вернуць уладальніку.

Газааналізатар, язва і «мяч з какаінам»

Усе аперацыі мытнага кантролю адбываюцца ў чырвоным калідоры, і менавіта там знаходзяцца неабходныя для гэтага прыборы. Газааналізатар, напрыклад, паказвае, ці ёсць на руках або сумцы сляды выбухоўкі, наркотыкаў, псіхатропаў. Вердыкт выносіцца за лічаныя хвіліны. Для гэтага неабходна спецыяльнай сурвэткай працерці рэчы пасажыра, якія не выклікаюць даверу, і ўставіць яе ў апарат. Калі высвечваецца надпіс «Няма трывогі», значыць, усё чыста, калі ж вынік адваротны — праца з пасажырам будзе працягнута.

— З дапамогай гэтага рэнтгенаўскага апарата супрацоўнікі мытні «змагаюцца» з глытальнікамі наркотыкаў, — указваючы на прыбор беларускага вытворцы СоnРаss кажа Андрэй Міхалькевіч. — Два гады таму затрымалі грамадзяніна Таджыкістана, у страўніку якога выявілі каля 600 грамаў гераіну.

Мытнікі распавядаюць, што цуда-прыбор выяўляе нават грыжы і язвы. Сканаванне займае 2 хвіліны, вывучэнне здымка — пяць-дзесяць.

Разам з людзьмі службу на мытні нясуць і сабакі. Парода чатырохногага памочніка тут значэння не мае. Галоўнае, як той казаў, жаданне і старанне. Праз тры месяцы інтэнсіўнай працы можна ўжо ўбачыць першыя вынікі. Самі наркотыкі службовыя сабакі не каштуюць. Замест гэтага іх вучаць спачатку шукаць мяч, а ўжо потым да яго падкладваюць рэчыва, якое ў будучыні трэба будзе знаходзіць па паху. Паступова сабака пазнае «водар» гашышу ці какаіну і калі штосьці знаходзіць, то прымае асаблівую позу, проста замірае на месцы. Для супрацоўнікаў мытні гэта знак.

«Косці брата», гераін у страўніку і 9 тысяч пасылак

У зоне міжнароднага прылёту журналістам прапануюць самім праверыць багаж падазроных пасажыраў, у ролі якіх выступілі самі супрацоўнікі мытнай службы. Вызываюся добраахвотніцай. Шэраг пытанняў (кшталту: куды леціце, адкуль, з якой мэтай, якую суму грошай везяце) вынікаў не даў. Разам з каляжанкай прашу мужчыну ў капелюшы пакласці чамадан на стужку для сканавання.

— Гэта абрысы нейкай бляшанкі, цацкі і... чагосьці ўвогуле незразумелага, — нерашуча кажу я. — Шмат жоўтага колеру, значыць, арганіка. Але ці ёсць сярод гэтых рэчываў наркотыкі? — шукаю вачыма сапраўднага мытніка ў надзеі на падказку.

Відаць, ёсць. «Капаем» далей. Для гэтага просім пасажыра адкрыць чамадан. Адзенне, гарбата, цукар, лекі, цацка. Што з гэтага «наш» тавар — здагадацца цяжка. Але нечым мне ўсё ж такі не спадабалася каробка зефіру. Вырашаю яе прасканаваць і бачу, што нешта ў ласунку не так. Адкрываю ўпакоўку — гашыш (несапраўдны, зразумела). Але, на жаль, на гэтым мой поспех скончыўся. Яшчэ дзве заначкі так і засталіся некранутымі. Наркотыкі былі схаваныя ў відэакамеры і ў падшыўцы чамадана. Акрамя гэтага, як пазней прызнаўся пасажыр, «праглынуў» ён і добрую дозу гераіну.

— Я вам і так, і гэтак падказаць спрабаваў, — пачаў расказваць пасажыр. — І за жывот трымаўся, і лоб вадой змачыў, быццам у мяне тэмпература.

Для таго, каб ведаць, на каго і калі трэба глядзець, адных парад прафесіяналаў мала.

— У Беларусі спецыялістаў мытнай справы рыхтуюць тры вышэйшыя навучальныя ўстановы: БДУ, БНТУ, БДЭУ, — расказвае начальнік аддзела кадраў і ідэалагічнай работы мытні Алена Сямашка.

Алена Валер'еўна працуе ў мытні больш за 20 гадоў. Якіх толькі гісторый не назбіралася за гэты час, усё і не ўзгадаеш! Вось адна з самых запамінальных.

— Аднойчы сустракала рэйс з Грузіі. Правяраю чамадан пасажыра і не магу зразумець, што такое прадаўгаватае знаходзіцца ў невялічкім слоіку. Пытаюся і чую ў адказ: «косці брата».

На імгненне заміраю і гляджу на калегу: «Што ты пачула?» Яна кажа: «Косці брата». Задаваць іншыя пытанні сэнсу не было — пасажыр па-руску не гаворыць. На шчасце з гэтага ж рэйса падышоў яшчэ адзін грузін, які запытаў у свайго земляка, што той вязе і пераклаў нам. Гэта аказаліся падарункі. Я пытаюся, а з якой мэтай ён прыбыў у Беларусь, і чую ў адказ ад «перакладчыка»: «У госці да брата». І тут я разумею: «косці брата» — гэта і ёсць «у госці да брата». Грузін вывучыў адказ на самае распаўсюджанае пытанне — пра мэту візіту! А мы з-за акцэнту яго не зразумелі. У слоіку, дарэчы, аказалася вінаграднае лісце для далмы, згорнутае ў трубачку.

Спецыялісты мытні паказваюць тайнікі злачынцаў.

Дзе і ў чым толькі не перавозяць наркотыкі! Кнігі, яблыкі, шарыкавыя ручкі, ежа, сістэмны блок — і гэта яшчэ не ўвесь спіс самых простых схованак.

— Фантазія ў такіх людзей багатая, вынаходлівасці хапае, — дадае Алена Сямашка. — Але ж і мы пастаянна ўдасканальваемся, рыхтуемся да сустрэч са «складанымі» пасажырамі.

На апрацоўку паштовых адпраўленняў ідзе каля двух дзён, затым імі займаюцца мытнікі. Яны правяраюць пошту на рэнтгенаапаратах і з дапамогай сабак. Калі з пасылкай усё ў парадку, то паштовае аддзяленне адпраўляе яе адрасату. Калі ж ёсць падазрэнні на парушэнні, тады яна накіроўваецца на ручны мытны агляд. У пасылках можна знайсці ўсё што заўгодна: сякеры, наручнікі, прыцэлы да баявой зброі, манеты, наркотыкі.

Яшчэ адзін тэрмінал па апрацоўцы авіяпошты запрацуе тут сёлета ў другім паўгоддзі. У новым памяшканні плануецца апрацоўваць каля 30 тысяч адпраўленняў за суткі. Для параўнання: сёння гэтая лічба складае 9 тысяч.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Гэта цікава

Акрамя чахлоў для тэлефонаў, зарадных прыстасаванняў і адзення беларусы заказваюць з Кітая і дзвярныя адмычкі. Для чаго — можна толькі здагадвацца. Але, як адзначыў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько, гэтыя наборы адмычак настолькі прафесійныя, што дазваляюць нават непадрыхтаванаму чалавеку адкрыць практычна любыя дзверы. ДМК і органы ўнутраных спраў будуць надаваць асаблівую ўвагу людзям, якія падобныя рэчы спрабуюць купляць для сябе.

Загаловак у газеце: Адкрыйце чамадан

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.