Вы тут

Наша гандбольная зборная працягвае барацьбу ў асноўным раўндзе


Напярэдадні беларускія гандбалісты пераехалі з Катавіц у Кракаў, менавіта там праходзіць барацьба асноўнага раўнда чэмпіянату Еўропы для падапечных Юрыя Шаўцова. Першы сапернік быў сапраўды грозны і тытулаваны. Французы — чэмпіёны свету і Еўропы, пераможцы Алімпіяды-2012, з першых хвілін сустрэчы яны дыктавалі сваю гульню. Супрацьстаянне варатароў — мабыць, так можна ахарактарызаваць пачатак матча; наш Салдаценка і французскі Амея аж да чацвёртай хвіліны сустрэчы трымалі свае вароты на замку, і першы саступіў малады беларус.


У стартавай палове гульні ў нашых хлопцаў зусім нічога не атрымлівалася ў атацы, абарона французаў была мацнейшай, яны дзейнічалі хутчэй і больш эфектыўна, адкрыць лік Барысу Пухоўскаму ўдалося толькі на сёмай хвіліне сустрэчы, і то з сяміметровага кідка. Юрый Шаўцоў пачаў праводзіць перастаноўкі па пазіцыях, але і гэта не дало вынікаў: лік пасля першага тайма — 20:5. Пагадзіцеся, такія лічбы на табло нават пры наяўнасці настолькі грознага саперніка выглядаюць, мякка кажучы, не вельмі прыстойна. Да перапынку вынік матча стаў зразумелы, таму пасля паўзы французскі трэнер Клод Анеста выпусціў на пляцоўку другі склад — праявіць сябе атрымала шанц і беларуская моладзь.

Выніковыя лічбы — 34:23 — не на нашу карысць. Спадзяёмся, што галоўныя бітвы ў дружыны Шаўцова яшчэ наперадзе: у панядзелак нам будуць супрацьстаяць палякі, а ў сераду — бой з македонцамі.

Юрый Шаўцоў:

— У першым тайме ў нас былі вялікія праблемы ў нападзенні — з-за таго, што французы выдатна дзейнічалі ў абароне. Сапернік быў нашмат хутчэйшы, таму нашы хлопцы і не змаглі рэалізаваць той план у атацы, што мы задумвалі на гэтую гульню. Трэба адзначыць, што такія паражэнні не б'юць, а вучаць; падобныя матчы вельмі важныя для нашага далейшага развіцця. Мы ўсе павінны мець цярпенне. Трэба пачакаць, пакуль нашы гандбалісты вырастуць і пачнуць гуляць на іншым узроўні.

Аляксей Хадкевіч:

— Падобныя гульні з'яўляюцца сапраўды неацэнным вопытам для нас. Усё ж такі не кожны дзень можна дзевяць мячоў пакласці ў вароты чэмпіёну свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. На мой погляд, такія сустрэчы трэба разглядаць як чарговую прыступку, якую трэба пераадолець. Гэты крок дапаможа вырасці ў гандбаліста добрага ўзроўню.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прайгралі чэмпіёнам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.