Вы тут

Чарніцы да навагодняга стала


У Глускім раёне падымаюць эканоміку за кошт замарожвання дароў лесу і не толькі.

Мясцовае райспажыўтаварыства для Глуска вельмі значнае прадпрыемства. Яно гандлюе, будуе, вэндзіць, марозіць, займаецца экспартам. Цэх па замарожванні грыбоў і ягад «Глускі кошык», які некалькі гадоў таму быў уведзены тут па праграме інавацыйнага развіцця краіны, дае магчымасць вырабляць імпартазамяшчальны прадукт. Раней, напрыклад, чарніцамі ў замарожаным выглядзе нас забяспечвала Польшча. Зараз гэты тавар на Захад пастаўляе Глуск.

17-35

 

 Праца ў разгары

Тутэйшыя мясціны вельмі багатыя на каштоўную ягаду. Чарніцы запатрабаваны ў Еўропе, вялікімі партыямі яны ідуць у Польшчу, Літву, Расію, нават Амерыку. Летась яшчэ адгружалі за акіян, а сёлета нешта не пайшло. Затое Еўрасаюз па-ранейшаму ласуецца глускімі чарніцамі.

Сучаснае абсталяванне глыбокага замарожвання дазваляе атрымліваць прадукт найвышэйшай якасці. Каб было зразумела, як ён атрымліваецца, старшыня Глускага райспажыўтаварыства Сяргей Зубчонак прапаноўвае ўсё пабачыць на свае вочы. Чарніцы, праўда, ужо скончыліся. Затое ёсць грыбы.

Каля канвеера скрыні з шампіньёнамі. Іх высыпаюць на транспарцёр, па дарозе яны мыюцца, рэжуцца і падымаюцца ўверх для выпрабавання «шокам». У маразільным тунэлі іх чакае, як бы сказалі ратавальнікі, чырвоны ўзровень небяспекі. Магутныя вентылятары ствараюць моцны ледзяны вецер, ад якога сыравіна падскоквае ўверх і імгненна замарожваецца. З «маразільніка» яна выходзіць ужо ў гатовым для далейшага захавання выглядзе. Прымай толькі ды пакуй.

— Пры такім замарожванні амаль усе вітаміны захоўваюцца, — тлумачыць кіраўнік. — Бо ў гэтым выпадку ягады і грыбы цвярдзеюць адразу ж, а не паступова, як у звычайным халадзільніку. І пры размарожванні добра захоўваюць форму, а не нагадваюць нейкую бясформенную кашу.

Дасягнуць такога эфекту дазваляе перадавое шведскае, італьянскае і расійскае абсталяванне. Падобнае ёсць і ў іншых вытворцаў, але ў кожнага свая спецыфіка. Напрыклад, на Гомельшчыне ў Брылёве аналагічны цэх спецыялізуецца на замарожванні зялёнага гароху і спаржавай фасолі, а на Брэстчыне ў Іванаве замарожваюць моркву, баклажаны і іншую гародніну.

— Сёлета ў глускіх лясах грыбоў сабралі мала, таму што была засуха, — кажа Сяргей Іванавіч. — Звычайна мы нарыхтоўвалі 20-25 тон за сезон, а ў гэтым толькі 2,5 тоны. Ледзь паспявалі прадаваць на кірмашах, тавар ішоў на ўра. Зараз працуем не на сваёй сыравіне, аказваем паслугі староннім арганізацыям.

Цэх у першаю чаргу прызначаны для замарожвання дзікарослых ягад. Ён і будаваўся з такой мэтай. З грыбоў тут марозяць выключна лісічкі і шампіньёны. Астатнія адварваюць, марынуюць і прадаюць. Найлепш продаж ідзе ў Мінску.

Замарожаная прадукцыя, дарэчы, не самая танная. «І наколькі выгаднае для прадпрыемства гэтае задавальненне?» — спрабую выведаць камерцыйную тайну.

17-33

 

 Сяргей ЗУБЧОНАК: «У нас шырокі асартымент».

 

— Электраэнергія даражэе, абслугоўванне абсталявання таксама дарагое, але калі б было нявыгадна, не займаліся б, — таямніча ўсміхаецца Сяргей Зубчонак.

Сёлета таварыства нарыхтавала 150 тон чарніц і на столькі ж аказала паслуг. Акрамя чарніц, марозяць тут і садовыя ягады. Наогул, асартымент складае 32 найменні. У выйгрышы не толькі прадпрыемства, але і насельніцтва, якому яно дае зарабіць. Для рэалізацыі ёсць свая гандлёвая сетка. Акрамя крамаў населеныя пункты раёна, якіх тут 101, абслугоўваюць 5 аўталавак, яшчэ адну ў хуткім часе плануюць набыць.

Зараз на ўездзе ў Глуск будуецца чарговая стацыянарная крама.

— Яго ўпрыгожыць вежа накшталт той, што на гербе Глуска, — звяртае ўвагу яшчэ і на патрыятычны складальнік Сяргей Зубчонак. — Гэта наш своеасаблівы брэнд. Будзем спадзявацца, што міма крамы з такой сімволікай ніякі нераўнадушны грамадзянін не пройдзе. Адпаведна імкнёмся падтрымліваць высокую планку і ў сваёй працы.

Райспажыўтаварыства вабіць пакупніка не толькі вежай на крамах і замарожанымі грыбамі-ягадамі. Тут таксама займаюцца вытворчасцю хлеба, пякуць і вырабляюць штомесяц 80 тон хлебабулачных і кандытарскіх прысмакаў. Акрамя гэтага, ёсць цэх па засолцы і вэнджанні рыбы. У смажаным выглядзе кілька, мойва і селядзец выглядаюць вельмі апетытна.

Каментарый да тэмы:

Людміла Васіленка, начальнік аддзела эканомікі Глускага райвыканкама:

— Райспажыўтаварыства — адна з нашых бюджэтаўтваральных арганізацый. Цэх замарожвання дае магчымасць зарабляць валюту. Удзельная вага яго прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту раёна складае 20%. Прадпрыемства працуе ў поўную сілу. На яго ўзбраенні сучаснае абсталяванне. Нават аўталаўкі, усе да адной, абсталяваны халадзільнікамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.