Вы тут

Устойлівыя інструменты развіцця


дапамогуць нашай эканоміцы стаць больш эфектыўнай.

Адным з асноўных пытанняў для кіраўніцтва любой дзяржавы з'яўляюцца праблемы эканамічнага росту і забеспячэння дабрабыту насельніцтва. Рэспубліка Беларусь таксама не з'яўляецца выключэннем з гэтага правіла. Неаднаразова ў такім ключы арыентаваў айчынных чыноўнікаў і Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. «Наша палітыка — гэта эканоміка», — менавіта так лічыць кіраўнік дзяржавы.

19-251

Ці ёсць у нас «сацыяльны кантракт»?

Вядома, такая формула з'яўляецца вельмі спрошчанай праграмай развіцця Беларусі, але і айчынныя, і замежныя палітычныя аглядальнікі адзначаюць, што аснову існавання беларускай суверэннай мадэлі складае так званы «сацыяльны кантракт». Сапраўды, на афіцыйным узроўні дэкларуецца: Беларусь — гэта сацыяльна арыентаваная краіна, што прадугледжвае апеку дзяржавы над неабароненымі катэгорыямі насельніцтва, магчымасці для развіцця і дабрабыту для ўсіх людзей працаздольнага ўзросту.

Між тым, крытыкі беларускага ўрада на працягу многіх гадоў вінавацяць кіраўніцтва дзяржавы зусім у адваротным: згодна з іх сцвярджэннямі, насельніцтва паступова бяднее, тэмпы інфляцыі павялічваюцца, спажывецкія магчымасці змяншаюцца. У доказ сваіх слоў апаненты дзеючай улады прыводзяць розныя «рэйтынгі», паказчыкі знешняга доўгу, графікі тэмпаў прамысловай вытворчасці...

Добрай глебай для такой прапаганды і распаўсюджвання панічных настрояў з'яўляецца сітуацыя, што склалася на знешніх рынках Беларусі: з 2008 года ў свеце пануе глабальны эканамічны крызіс, у сувязі з абвалам цаны на нафту падае эканоміка Расіі, а на поўдзень ад беларускай мяжы, ва Украіне, ідзе грамадзянская вайна. Такая кан'юнктура, вядома, адбіваецца на стане беларускай эканомікі. Не маючы значных запасаў прыродных рэсурсаў, айчынная мадэль развіцця з'яўляецца цалкам індустрыяльнай і экспартна арыентаванай, таму Беларусь моцна залежыць ад любых эканамічных хваляванняў па-за сваімі межамі.

Трэба прызнаць, што за апошнія сем гадоў урад тройчы быў вымушаны пайсці на дэвальвацыю беларускага рубля, але абясцэньванне нацыянальнай валюты з'яўляецца адным з інструментаў стымуляцыі экспарту і відавочна праводзілася зыходзячы з інтарэсаў абароны нашых вытворцаў. Пры гэтым у любога аб'ектыўнага назіральніка ўзнікаюць лагічныя пытанні: «А як жа насельніцтва? Хто паклапаціўся пра людзей, што страцілі прыбыткі? Як гэта вяжацца з сацыяльным вобразам беларускай дзяржавы?» Такім чынам, існуе патрэба разгледзець шэраг сацыяльна-эканамічных паказчыкаў у дынаміцы ды параўнаць становішча ў Беларусі з некаторымі іншымі краінамі.

Няўмольныя лічбы статыстыкі

Вядома, што ў 1991 годзе наша краіна перажыла найбуйнейшую ў гісторыі геапалітычную катастрофу — распад Савецкага Саюза. Суверэнная Беларусь адначасова пазбавілася апекі з боку саюзнага цэнтра, дзяржаўнага заказу на прадукцыю, а традыцыйныя сувязі прамысловай кааперацыі аказаліся пад пагрозай разрыву. Фактычна, ад былой імперыі беднай на сыравінныя рэсурсы Беларусі застаўся комплекс буйных прамысловых актываў, дзе былі заняты мільёны чалавек. На той час увогуле было невядома, ці патрэбна беларуская прадукцыя новым савецкім рэспублікам, ці здольны беларусы канкурыраваць з заходнімі і азіяцкімі вытворцамі. Таксама незразумела было, хто заменіць былых савецкіх партнёраў для беларускай прамысловасці ў ланцугу індустрыяльнага супрацоўніцтва. У той жа час у суседніх Расіі і Украіне прамысловыя актывы згаралі як свечкі, паралельна з чым у асобных камерсантаў узнікалі шматмільярдныя прыбыткі, а ў лексіку былога савецкага чалавека стала ўвайшло слова «алігарх». «Ліхія 90-я» зараз ужо забыліся, аднак некаторым крытыкам беларускай палітыкі карысна будзе нагадаць вопыт украінскіх ці расійскіх рэфарматараў, калі людзі месяцамі, а то і гадамі не атрымлівалі заробкаў і пенсій альбо тыя заробкі выдаваліся панчохамі, посудам і г.д.

Паказчыкам эфектыўнасці дзяржаўнай эканамічнай палітыкі беларускага ўрада стаў той факт, што рэальныя прыбыткі насельніцтва на сёння больш чым у тры разы пераўзыходзяць узровень дакрызіснага 1990 года: заробкі ў 3,2 раза, сярэдні памер прызначаных пенсій — у 3 разы. Пры гэтым нагадаем, што, нягледзячы на надзвычай цяжкія ўмовы для развіцця, беларуская дзяржава ніколі не адмаўлялася ад сваіх абавязкаў перад насельніцтвам: да гэтага часу ў нашай краіне захавана бясплатная адукацыя, медыцына, з бюджэту кампенсуецца 60% кошту камунальных паслуг.

Натуральна, Беларусь не змагла цалкам пазбегнуць наступстваў развалу Савецкага Саюза. З 1991 па 1994 год, да першых прэзідэнцкіх выбараў, у нашай краіне ў той ці іншай ступені фіксаваліся ўсе негатыўныя праявы «дзікага капіталізму». Дастаткова адзначыць, што толькі ў жніўні 1994 года тэмпы інфляцыі склалі 53, 4%, а больш за 50% насельніцтва мелі прыбыткі, ніжэйшыя за пражытачны мінімум.

Такім чынам, новаабранае кіраўніцтва дзяржавы на чале з Аляксандрам Лукашэнкам апынулася тады ва ўмовах, яшчэ больш жорсткіх, чым у 1991-м, і нездарма першая прэзідэнцкая праграма называлася: «Адвесці краіну ад прорвы». Калі ў 1991 годзе толькі склалася пагроза заняпаду дзяржавы, то ў 1994-м працэсы дэградацыі ўжо былі запушчаны на поўную магутнасць. Падаецца, што ні адзін з дасведчаных экспертаў у той час не паставіў бы на тое, што Беларусь захавае сваю прамысловасць, ды і ўвогуле выказваліся сумненні, што ў нашай краіны ёсць будучыня. Тым не менш, прамысловая вытворчасць у параўнанні з 1995 годам не толькі не знікла, але і вырасла ў 3,5 раза, а доля насельніцтва з бюджэтам, ніжэйшым за пражытачны мінімум, скарацілася з 53% да 5,2%.

Яшчэ адным важным паказчыкам з'яўляецца таксама той факт, што ў кране не дапушчаны сацыяльны разрыў па прыбытках насельніцтва: каэфіцыент дыферэнцыяцыі даходаў (суадносіны паміж заробкамі багатых і бедных) складае ўсяго 5,6%. Для параўнання, у той жа Расійскай Федэрацыі гэты паказчык значна большы — 16,1.

Яшчэ адным з аргументаў у спрэчцы пра тое, ці існуе ў Беларусі «сацыяльны кантракт», можа стаць параўнанне памераў сярэдніх пенсій, бо менавіта гэты паказчык з'яўляецца адным з асноўных доказаў рэальнага клопату дзяржавы аб грамадзянах. Падаецца вельмі лагічным, калі Беларусь у гэтай сферы будзе разгледжана ў параўнанні з былымі савецкімі рэспублікамі, што правялі так любыя айчынным лібералам рэформы і ўпэўнена крочаць па шляху «еўрапейскага выбару». Такім чынам, у 2015 годзе сярэдні памер пенсіі ва Украіне склаў 1670 грыўняў (75 долараў), у Малдове — 1100 леяў (58 долараў), а у Грузіі — 150 лары (65 долараў) . Між тым, сярэдні памер пенсіі ў Беларусі 2 мільёны 883 тысячы беларускіх рублёў, што прыблізна складае 180 долараў ЗША. Калі яшчэ дадаць, што ў гэтых краінах цэны на камунальныя паслугі, лекі і медыцыну вышэйшыя за беларускія, то ўсё, як кажуць, стане на свае месцы.

Завяршаючы тэму дабрабыту насельніцтва трэба адзначыць, што Беларусь лідзіруе ў СНД па забяспечанасці насельніцтва жыллём (24,7 кв.м на жыхара) і аўтамабілямі (355 аўто на 1000 жыхароў), а медыянны прыбытак беларусаў (5236 долараў у год), згодна з даследаваннямі службы Гэлапа, знаходзіцца на 32-м месцы сярод 131 краіны свету, што вышэй, чым ва ўсіх нашых суседзяў.

Ад выжывання да ўстойлівага развіцця

Натуральна, гэтыя радасныя паказчыкі зусім не здымаюць існуючых праблем, галоўнай з якіх з'яўляецца залежнасць Беларусі ад традыцыйных рынкаў збыту прадукцыі, у першую чаргу расійскага рынку. На жаль, большасць тавараў айчыннай вытворчасці наша краіна экспартуе менавіта ў Расійскую Федэрацыю, на рынках Азіі, Афрыкі і Амерыкі наша прысутнасць пакуль нашмат меншая. Што да рынку Еўрапейскага саюза, то тут Беларусь прадстаўлена ў асноўным прадукцыяй нафтаперапрацоўкі, што робіць айчынную эканоміку залежнай яшчэ і ад хваляванняў цаны на нафту. Трэба сказаць, што такая сукупнасць знешніх фактараў стварае ўстойлівую пагрозу эканамічнаму развіццю Беларусі. Ад пачатку 2000-х гадоў ужо двойчы ў нашай гісторыі былі перыяды калі тэмпы інфляцыі складалі больш за 100% — у 2000 (107,5%) і ў 2011 (108, 7%) гадах. Вядома, такая сітуацыя значна нервуе насельніцтва і падрывае давер да айчыннай мадэлі. Тут варта нагадаць, што заўжды крызіс у Беларусі быў вельмі нядоўгім, а заробкі хутка дасягалі, а пасля і перавышалі дакрызісны ўзровень. У нестабільныя часы палітыка беларускага ўрада, у асноўным, была эфектыўнай.

Такім чынам, і зараз, калі эканоміка краіны перажывае няпросты час з прычыны моцнага крызісу ў Расіі, не варта паддавацца панічным настроям. Беларусі патрэбны ўстойлівыя інструменты развіцця, дзяржава мусіць перайсці ад перманентнага выжывання ў эканоміцы на сталыя рэйкі, таму трэба пачакаць, пакуль свой эфект дадуць запушчаныя праграмы мадэрнізацыі прамысловасці, праекты еўразійскай інтэграцыі і маштабныя дамоўленасці па эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.

Падаецца, што яшчэ ў 1994 годзе народ выпісаў дзеючай уладзе крэдыт даверу, гэты давер быў апраўданы, а крэдыт яшчэ не вычарпаны да канца. Іншымі словамі, сапраўдныя дасягненні маладой Беларусі яшчэ наперадзе.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ,

дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.