Вы тут

Краіна ў новым малюнку свету


У пачатку месяца Прэзідэнт падпісаў Указ «Аб скліканні пятага Усебеларускага народнага сходу». Гэтае рашэнне кіраўніка дзяржавы палажыла канец здагадкам і плёткам пра тое, што ў нашай дзяржаве нібыта адмовіліся ад такой практыкі.


Сапраўды, раней «народнае веча» — а менавіта да такой старадаўняй традыцыі адносіцца форма Усебеларускага народнага сходу — праводзілася напярэдадні найбольш знакавых палітычных кампаній, такіх, напрыклад, як прэзідэнцкія выбары, і было своеасаблівай шырокай нарадай з удзелам кіраўніцтва краіны і найбольш яркіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія напрамую ўпаўнаважаныя людзьмі і прадстаўляюць амаль усе сацыяльныя слаі насельніцтва з усіх рэгіёнаў Беларусі. Вынікі і нават сам ход такога мерапрыемства заўжды мелі стратэгічнае значэнне: фактычна на суд грамадзян выносіліся пытанні даверу да ўлады і планы развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў у найбольш важных аспектах бяспекі, эканомікі, знешняй і ўнутранай палітыкі.

Нагадаем, што, напрыклад, першы Усебеларускі народны сход адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 года ў Мінску ў абставінах палітычнага канфлікту паміж часткай Вярхоўнага Савета з аднаго боку і камандай Прэзідэнта з іншага. Тады менавіта на Народным сходзе адбылося публічнае абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, што пазней былі вынесены на рэспубліканскі рэферэндум. Шырокая падтрымка пазіцыі Прэзідэнта абсалютнай большасцю дэлегатаў сходу расставіла загадзя ўсе кропкі над «і» для дасведчаных аналітыкаў адносна пазіцыі беларускага народа на будучым рэферэндуме, дазволіла правільна зарыентавацца ў сітуацыі знешнепалітычным партнёрам нашай краіны, астудзіла радыкальныя настроі асобных «гарачых галоў» палітычнай апазіцыі. Аналізуючы тыя падзеі з гісторыка-палітычнага пункту гледжання, можна сказаць, што сам факт арганізацыі прэвентыўнага «народнага веча» купіраваў палітычны канфлікт паміж галінамі ўлады, засцярог ад яго перарастання ў грамадзянскае супрацьстаянне, тым самым заклаўшы асновы стабільнасці айчыннай дзяржаўнай мадэлі.

Гэтым разам дата правядзення Усебеларускага народнага сходу была аднесена больш чым на паўгода пасля прэзідэнцкіх выбараў, што, як ужо казалася вышэй, спарадзіла ў пэўных колах шмат дзіўных меркаванняў, якія часам больш нагадваюць не аналіз, а плёткі гандлярак семачкамі на кірмашы.

Маўляў, Прэзідэнту больш няма чаго сказаць людзям. Між тым было зразумела, што мінулыя выбары, нягледзячы на іх безумоўнае гістарычнае значэнне, па сваім накале нельга было параўнаць з кампаніяй 2001-га ці, скажам, 2010 года. Тады асобныя сілы, карыстаючыся безумоўнай фінансавай і палітычнай падтрымкай шэрагу замежных краін, адкрыта праводзілі дзейнасць, скіраваную на гвалтоўную змену ўлады ў Беларусі і, думаецца, што Аляксандру Лукашэнку быў неабходны народны мандат, сімвалічная дэманстрацыя даверу і падтрымкі грамадзян як для мэт палітычнай кампаніі, так і для рашучых дзеянняў для захавання міру ў грамадстве і абароны інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі.

Мінулыя выбары, на шчасце, прайшлі ў нашмат больш спакойных умовах і сталі сведчаннем поспеху Беларусі, калі нават адкрытыя нядобразычліўцы нашай краіны былі вымушаны адмовіцца ад палітычных дыверсій, прызнаць права беларускага народа на ўласны шлях. Таму і Усебеларускі народны сход можна было спакойна прызначыць на больш познюю дату пасля прэзідэнцкіх выбараў і звязваць яго правядзенне не з палітычнымі кампаніямі, а з іншымі падзеямі, не менш важнымі для існавання беларускай дзяржавы.

Не будзем забываць, што летам гэтага года наша дзяржава ўваходзіць у новы этап свайго развіцця: будзе праведзена дэнамінацыя, у краіне ўводзяцца новыя грошы.

Нарэшце, з'явіцца ўласная паўнавартасная свабодна канверсоўная валюта, якой можна будзе давяраць і якой можна будзе ганарыцца. Для Беларусі заканчваецца эпоха «зайчыкаў» і мільёнаў, жарты пра тое, што «ў Мінску кожны жаніх мільянер», застануцца толькі для гісторыі гумару, і моладзь праз 10-15 гадоў ужо не будзе разумець гэтыя анекдоты, як многія ў наш час не разумеюць кпінаў пра часы «застою» ў Савецкім Саюзе.

Найважнейшая падзея на шляху суверэннага будаўніцтва супадае з часам правядзення пятага Усебеларускага сходу і, напэўна, гэта не дарма. Калі ў палітычным плане Беларусь даказала сваю сталасць, а апошнім часам яшчэ і атрымала добры імідж краіны-міратворцы на міжнароднай арэне, то айчынная эканамічная мадэль, якая забяспечыла развіццё нашай дзяржавы ў апошнія 20 гадоў, відавочна, патрабуе пэўнай трансфармацыі.

Як вядома, нічога не бывае вечным, любыя тэхналогіі старэюць, ім на змену прыходзяць іншыя.

Ад здольнасці краін, рэгіёнаў ці карпарацый адаптавацца да навукова-тэхнічнага прагрэсу залежыць іх месца ў новым свеце. Яшчэ нядаўна кіраўніцтва Расіі вельмі ўтульна адчувала сябе ў ролі «нафтагазавага манапаліста», а зараз з вуснаў прадстаўнікоў расійскай эліты на адрас уласнай мадэлі гучаць абвінавачванні накшталт «краіна-даўншыфтар». ЗША прапануюць развітым рэгіёнам свету новую эканамічную сістэму ў фармаце двух «партнёрстваў» — Трансатлантычнага і Трансціхаакіянскага. У выпадку ўдалай рэалізацыі гэтай ідэі ў зоне свабоднага гандлю вакол Вашынгтона аб'яднаецца абсалютная частка сусветнай эканомікі. Аналітыкі сцвярджаюць, што сінергетычны эфект ад такога аб'яднання зможа прывесці да небывалага тэхналагічнага рыўка Захаду ў інтарэсах буйнога капіталу транснацыянальных карпарацый. У свеце яшчэ больш умацуецца рэгіянальны разрыў паміж багатымі і беднымі, і гэтае адставанне можа набыць непераадольны характар. У такіх умовах усе краіны, у тым ліку і наша, мусяць задумацца аб сваім месцы ў новай канфігурацыі свету, стратэгічных задачах развіцця экономікі, бо цалкам магчыма, што Беларусь будучыні — гэта ўжо не МАЗ, а Парк высокіх тэхналогій, прыбыткі ад якога летась былі большымі за прыбыткі ад машынабудавання.

Бачыцца правільным, каб у Беларусі паралельным курсам развіваліся і машынабудаванне, і інтэрнэт-тэхналогіі. Бачыцца мэтазгодным, калі менавіта такія стратэгічныя пытанні развіцця нашай дзяржавы беларускае кіраўніцтва вынесла на народную нараду. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што «найбольш значны выклік для Беларусі — гэта эканоміка», і хочацца, каб айчынныя адказы на эканамічныя пагрозы былі такім ж упэўненымі, як і на палітычныя пытанні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».