Вы тут

Закатаваная, але не забытая


Падпольшчыца Марына Малаковіч выконвала розныя заданні. І кожнае з іх было
небяспечным для яе жыцця.

Перада мной фота, з якога глядзяць на свет шчаслівымі вачыма Марына Фядосаўна Малаковіч і яе дзеткі — сын Саша і дачка Ірына. (Муж, Фёдар Іванавіч Клішын, знаходзіўся ў камандзіроўцы, у Беластоку.) Вайна падзяліла сям'ю на жывых і мёртвых. Гэты артыкул прысвечаны перапетыям жыцця падпольшчыцы Марыны Фядосаўны Малаковіч, якая, аказаўшыся ў фашысцкіх засценках, перанесла страшэнныя пакуты, але не здалася.

20-16

Марына Малаковіч нарадзілася ў ліпені 1903 г. у вёсцы Зубарэвічы Глускага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сям'і. Закончыла Акадэмію камуністычнага выхавання імя Н.К. Крупскай у Маскве. Пачынала з камсамольскай работы, дарасла да супрацоўніка апарата ЦК Кампартыі Беларусі... У 1937 г. Малаковіч выключылі з членаў КП(б)Б «за сувязь з ворагамі народа». Меліся на ўвазе, у першую чаргу, яе добрыя ўзаемаадносіны са Старшынёй Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай ССР А.Р. Чарвяковым, які ў чэрвені 1937 г., у час працы ХVІ з'езда Кампартыі Беларусі, не вытрымаўшы несправядлівых абвінавачванняў у нацыяналізме, скончыў жыццё самагубствам. Праз год членства ў партыі было адноўлена. Напярэдадні вайны Марына Фядосаўна — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, выкладчыца асноў марксізму-ленінізму ў Беларускім політэхнічным інстытуце.

У 1948 г. у сувязі з падрыхтоўкай да 30-годдзя ўтварэння БССР абмежаванаму колу людзей — наркаму ўнутраных спраў БССР Л.Ф. Цанаву і некалькім пісьменнікам — было ўпершыню дазволена пазнаёміцца з архівам партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Названыя асобы з дазволу Кампартыі Беларусі павінны былі падрыхтаваць першыя навуковыя і мастацкія творы, прысвечаныя юбілейным датам утварэння БССР і КПБ. З тых дзён і пачалі адкрывацца біяграфіі найбольш вядомых удзельнікаў барацьбы супраць агрэсара. Сваё месца сярод іх заняла і імя Марыны Малаковіч.

* * *

З чаго канкрэтна пачалося яе «вяртанне» ў гісторыю? Як і ў соцень іншых змагароў — з прыняцця адэкватных рашэнняў спецыяльнымі камісіямі ЦК. У кастрычніку 1959 г. у даведцы, падпісанай супрацоўнікамі партыйнага архіва, членамі толькі што створанага творчага калектыву, С.З. Пачаніным, П.П. Ліпілам, В.С. Давыдавай, А.А. Кузняевым — зацверджаны ўдзел Марыны Малаковіч у антыфашысцкім супраціўленні ў якасці члена падпольнай групы, у якую ўваходзілі студэнты і выкладчыкі Мінскага юрыдычнага інстытута. Пасля правядзення дадатковых навукова-гістарычных экскурсаў з мінскімі падпольшчыцамі (М.Б. Осіпавай, С.А. Верамейчык, Г.А. Язубчык) Малаковіч атрымлівае статус удзельніцы Мінскага падполля і кіраўніцы Каладзішчанскай падпольнай арганізацыі, якая дзейнічала на тэрыторыі мясцовага сельсавета. (Калодзішчы — чыгуначная станцыя на лініі Мінск — Масква.)

Добра склаліся лёсы яе дзяцей: Аляксандр Фёдаравіч стаў доктарам тэхнічных навук, як вучоны ён падтрымлівае цесныя сувязі з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі; Ірына Фёдараўна прысвяціла жыццё журналістыцы. Абое жывуць і працуюць у Маскве. Аднойчы з Мінска ім патэлефанавалі і паведамілі пра існаванне пэўных цяжкасцяў у рэканструкцыі той часткі гісторыі Мінскага падполля, якой датычыцца дзейнасць іх маці, Марыны Фядосаўны. Аляксандру і Ірыне прыйшлося шмат вандраваць у пошуках дадатковага гістарычнага матэрыялу, арганізоўваць сустрэчы са сведкамі тых падзей. Зробленае не было дарэмным. Яно нават дазволіла Ірыне Фёдараўне выдаць у 1985 г. кнігу «Партрэт маці».

У канцы 50-х гадоў пачалося сапраўднае навуковае вывучэнне гісторыі Мінска ў час Вялікай Айчыннай вайны. Паўстала пытанне аб адносінах Мінскага падполля да каладзішчанскага, ядро складалі мясцовыя чыгуначнікі. Так узнікла патрыятычная гісторыя самастойнай падпольнай арганізацыі на чале з адважнай прадстаўніцай беларускай інтэлігенцыі — Марынай Малаковіч.

* * *

Падполле ўтваралася як рэакцыя мясцовых жыхароў на нямецка-фашысцкую акупацыю. Менавіта Марыне Фядосаўне сакратар Мінскага падпольнага гаркама партыі І.К. Кавалёў даручыў арганізацыю Каладзішчанскага падполля. Пад гэтым мелася на ўвазе персанальнае знаёмства з членамі названых падпольных груп, утварэнне адзінага каардынацыйнага цэнтра, узяцце ў свае рукі абавязкаў кіраўніка падпольнай арганізацыі.

Некаторыя звесткі аб асаблівасцях дзейнасці Марыны Малаковіч-падпольшчыцы змяшчаюцца ва ўспамінах М.Б. Осіпавай: «Малаковіч Марына ведала мяне па інстытуту (маецца на ўвазе юрыдычнаму. — Аўт.) і ведала мой хатні адрас. У пачатку жніўня 1941 г. яна прыйшла да мяне з Калодзішчаў. Параіліся і вырашылі, што будзе лепш, калі яна застанецца ў Калодзішчах і ўладкуецца там на працу ў школу». Напрамак і месца падпольнай дзейнасці Марыны былі вызначаны Мінскім падпольным гаркамам партыі. Марыя Барысаўна Осіпава не кіравала Марынай, а толькі дапамагала ёй, выкарыстоўваючы магчымасці Мінскага падполля.

Імя Малаковіч ведалі камандзіры партызанскіх брыгад «Разгром», «За Савецкую Беларусь», імя Шчорса. Яны, пачынаючы з 1942 г., рэгулярна атрымлівалі ад яе і яе сувязных звесткі аб руху нямецкіх войскаў і баявой тэхнікі па чыгунцы і аўтамагістралі, аб канцэнтрацыі варожых сіл у раёне Калодзішчаў, Сцяпянкі, Юхнаўкі, Глебкавіч. Пры яе ўдзеле былі падрыхтаваны і адпраўлены ў партызанскія фарміраванні каля 480 грамадзян. Каладзішчанскія падпольшчыкі перадавалі партызанам медыкаменты, дэталі для радыёпрыёмнікаў і радыёперадатчыкаў, пісчую і капіравальную паперу, выбухоўку. Марына Фядосаўна змагла наладзіць у мясцовым медпункце прыём мінчан-патрыётаў і іх лячэнне.

У маі 1943 г. М.Ф. Малаковіч разам з разведчыцай-партызанкай Г.В. Фінскай арганізавала пераход на бок партызанаў інжынера сувязі штаба ВПС групы армій «Цэнтр» обер-лейтэнанта Карла Круга з важнымі дакументамі. У Маскве Карл Круг даў савецкаму камандаванню каштоўныя звесткі аб размяшчэнні 32 нямецкіх аэрадромаў, аб падрыхтоўцы Германіі да хімічнай вайны.

Не часта ў архівах сустракаюцца распіскі падпольшчыкаў, якія яны давалі разведгрупам СССР. Такія дакументы, як правіла, перадаюцца на спецзахаванне. Распіска Малаковіч камандзіру дэсантнай разведгрупы Генштаба Чырвонай Арміі СССР капітану Бухаву захавалася. Працытуем яе змест: «Я, Малаковіч Марына Фядосаўна, грамадзянка Савецкага Саюза, хачу дапамагчы Чырвонай Арміі і чырвоным партызанам у іх баявых дзеяннях. Не шкадуючы сіл і самога жыцця, буду добрасумленна выконваць усе даручаныя мне справы. Клянуся захоўваць усё ў найстражэйшым сакрэце. За невыкананне і выдаванне даручэнняў нясу адказнасць па законе ваеннага часу. 7.05.1943 г.» (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.)

* * *

Супраць чаго часцей за ўсё змагаюцца людзі? Супраць забыцця, народжанага нярэдка ў выніку абылгання. А ад яго ў нашай краіне ў ХХ ст. цярпелі нават цэлыя грамадскія арганізацыі. (Прыклад — абылганне і роспуск у 1938 г. Кампартыі Заходняй Беларусі.) У першы пасляваенны перыяд органы НКУС СССР паспрабавалі заявіць, што нібыта восенню 1942 г. перад чыгуначнікамі выступаў з антысавецкай прамовай арыштаваны гітлераўцамі кіраўнік Мінскага антыфашысцкага падполля І.К. Кавалёў. Але калі былі праведзены дадатковыя расследаванні, аказалася, што гэта не адпавядае рэальнасці. Мітынг сапраўды быў, але выступаў на ім не падпольшчык, а галоўны нямецкі адміністратар — Вільгельм Кубэ. Дзясяткі і сотні мінскіх падпольшчыкаў з-за памылак органаў улады падвяргаліся не толькі рэпрэсіям, але і прымусоваму забыццю. Такія цені доўгі час віселі над імёнамі Марыі Адамаўны Сержановіч, Фёдара Спірыдонавіча Кузняцова, Ніны Лявонцьеўны Адзінцовай, Людмілы Мікалаеўны Вышынскай, Пятра Іванавіча Антохіна, Івана Мікалаевіча Бялова, Івана Іванавіча Рогава, Ільі Міхайлавіча Пракопчанкі і многіх, многіх іншых.

Для ваеннай гісторыі важнае значэнне мае канкрэтыка ў апісанні падзей і іх удзельнікаў. Трэба рабіць гісторыю так, каб ей верылі не толькі тыя, хто ёй цікавіцца, але і тыя, хто ваяваў. Нельга думаць, што ў акупаваным горадзе панавала толькі нянавісць. Як у такіх умовах магло б існаваць жыццё? Грамадзянін Польшчы Баляслаў Войцэхавіч Берут, першы пасляваенны прэзідэнт гэтай краіны, працуючы ў Мінску пры немцах у гарадской управе загадчыкам аддзела харчу, выратаваў ад галоднай смерці дзясяткі патрыятычна настроеных жыхароў, яму сваёй свабодай абавязаны дзеці кампазітара Любана, яўрэя па нацыянальнасці (Любан па аб'ектыўных прычынах у час вайны аказаўся ў Маскве, а дзеці — у Мінску.) Мела месца і наступнае. Аўтар гэтых радкоў у сярэдзіне 1980-х гадоў удзельнічаў у разглядзе пісьма жыхаркі беларускай сталіцы, дачка якой, партызанская сувязная, выводзіла з горада ў партызанскую зону аднаго дзеяча культуры (імя яго па этычных меркаваннях не агучваем). Падапечны, баючыся падману, адмовіўся пакідаць горад і здаў сувязную нямецкай паліцыі. Але ў пасляваенны час магілы дзвюх згаданых асоб аказаліся на адных могілках і нават блізка адна ад адной, што выклікала зразумелы пратэст у маці гэтай партызанскай сувязной.

Як і дзе скончылася жыццё Марыны Малаковіч? Завяршылася яно трагічна. Гэта адбылося з-за здрады канкрэтных асоб. У жніўні 1943-га яна была схоплена гітлераўцамі пры падрыхтоўцы важнай аперацыі і па-зверску закатавана. Малаковіч, яна ж Ляхновіч (так запісана ў картачцы разведчыцы) пражыла 40 гадоў. Але па яе біяграфіі можна вывучаць гісторыю дзяржаўнасці і патрыятызму.

У адной со справаздач у Берлін стаўленік Гітлера Вільгельм Кубэ з пафасам паведамляў аб пакрыцці Беларусі сеткаю акупацыйных органаў кіравання. У адказ яму пісалася: «Нам патрэбна не тэрыторыя, а народ». Беларусь была захопленай, але не пакоранай. Свой уклад у гэта ўнесла і слаўная дачка беларускага народа Марына Фядосаўна Малаковіч.

* * *

Летам 1990 г. М.Ф. Малаковіч, разам з І.К. Кавалёвым, Д.А. Караткевічам, В.К. Нікіфаравым, Л.Я. Адзінцовым і нямецкім антыфашыстам Гансам Штрубэ, была прадстаўлена да ўзнагароджання званнем Героя Савецкага Саюза. Але пакуль ішлі перамовы з кіраўніцтвам СССР, адбылася дэнансацыя Дагавора аб утварэнні СССР.

Імем Марыны Фядосаўны Малаковіч названа вуліца ў пасёлку Калодзішчы і адна з бібліятэк у Глускім раёне.

Яўген Бараноўскі, кандыдат гістарычных навук.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.