Вы тут

На мяжы існавання


На пачатку вайны становішча Беларусі было блізкім да крытычнага. Краіна трапіла ў стан «штопара»...

Сёння многа пішацца і гаворыцца пра бітву пад Масквой у снежні 1941-га. А якія падзеі ў тыя дні адбываліся на тэрыторыі Беларусі? Падчас вывучэння гісторыі пытання мне часта прыходзіў на памяць стратэгічны бамбардзіроўшчык «ТУ-16», на якім давялося служыць у 1960-я гады паветраным стралком-радыстам і які аднойчы аказаўся на мяжы штопара (штопар — некіраванае падзенне самалёта па вертыкалі). Нас выратаваў цудоўны рускі чалавек, камандзір паветранага карабля, лётчык 1-га класа, капітан Алёшын... На маю думку, становішча Беларусі летам-восенню 1941 г. нагадвала стан самалёта, які трапіў у штопар.

[caption id="attachment_77531" align="alignnone" width="600"]1-14 Немцы вядуць наступленне. У рове (на заднім плане справа) знаходзяцца нашы ваеннапалонныя.[/caption]

Штопар, дарэчы, нярэдкая з'ява ў авіяцыі. Але самая вялікая іх колькасць адбылася ў паветры Беларусі за два тыдні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тады на асваенне ў 9-ю змешаную авіяцыйную дывізію паступілі 240 самалётаў «МІГ»-1 — «МІГ»-3. З іх засталіся не сапсаванымі толькі 90 — на 206 лётчыкаў. У большасці гібель авіятараў была звязана менавіта са штопарам. «МІГі», — гаворыцца ў справаздачы спецыяльнай камісіі, — пры пілатажы патрабуюць вялікай увагі, бо пры мінімальных нескаардынаваных дзеяннях лётчыка самалёт раптоўна зрываецца ў штопар, а выхад са штопара складаны і патрабуе значнай вышыні». У дакуменце падрабязна апісваюцца здарэнні з рулявымі прыборамі і гарматным узбраеннем. Відаць, што прычынай выпадкаў быў не «чалавечы фактар» (лётны састаў), а буйныя завадскія недапрацоўкі. Такім чынам, намёк на няпростую будучыню Беларусі прагучаў яшчэ за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У рэспубліцы выйшаў шэраг добрых кніг пра вайну 1939—1945 гг. Але ў іх мала гаворыцца аб правядзенні саюзным урадам знешняй палітыкі. Няма адказу на пытанні: чаму краіна з пункту гледжання знешняй палітыкі аказалася закладніцай фашысцкага рэйха? Чаму СССР не пабудаваў нармальных узаемаадносін з Польшчай, Чэхіяй, Францыяй, Англіяй, ЗША? Нельга ўсё перакладваць на Сталіна, бо калі Сталін зблізіўся падчас вайны з кіраўніцтвамі Англіі (Уінстан Чэрчыль), ЗША (Франклін Рузвельт), то ўсё атрымалася найлепшым чынам. А калі гэта да яго рабілі асобныя кіраўнікі ваенных праграм (авіяцыі, бранятанкавых войскаў, караблёў, сувязі і г.д.), то нярэдка СССР аказваўся ў ізаляцыі. Ці магла тут быць нейкая змова? На мой погляд, пытанне тут існуе.

Ролю доўгачаканых крыніц па гісторыі Маскоўскай бітвы маглі б адыграць успаміны Г.К. Жукава, К.К. Ракасоўскага, С.К. Цімашэнкі, Б.М. Шапашнікава, прадстаўнікоў нашай рэспублікі П.К. Панамарэнкі, Д.Р. Паўлава, П.М. Машэрава і іншых. Некаторыя з іх пакінулі мемуарныя творы. Але яны рыхтаваліся ў той час, калі для праўды не заўсёды знаходзілася месца. Калі аднойчы, у 1950-я гады, Георгію Жукаву паказалі адзін твор па гісторыі першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны, ён сказаў: «Гэта не тая гісторыя, якая была, а тая гісторыя, якая напісана».

Два чалавекі ў Беларусі персанальна адказвалі за баяздольнасць Беларускай ССР: камандуючы Беларускай (з 11.07.1940 г. — Заходняй) асобай ваеннай акругі, генерал арміі Д.Р. Паўлаў і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, член шэрагу ваенных саветаў Беларускай (Заходняй) асобай ваеннай акругі П.К. Панамарэнка. Яны, дзякуючы сваім пасадам, былі часткаю тагачаснай палітычнай сістэмы і верна ёй служылі. Але іх лёсы розныя. Напярэдадні вялікіх падзей Д.Р. Паўлаў паклаў на стол П.К. Панамарэнкі дакументаваную даведку (37 стар.) аб выніках інспектарскай праверкі стану мабілізацыйнай і ваеннай падрыхтоўкі Беларускай рэспублікі. Паводле яе, пакідалі жадаць лепшага падрыхтоўка механікаў-вадзіцеляў танкаў, урачоў, узровень навыкаў штабных работнікаў, забяспечанасць войскаў сродкамі сувязі, уменне імі карыстацца, стан супрацьпаветранай абароны, узровень баяздольнасці 10-й арміі, якая знаходзілася ў Беластоцкім выступе, і іншае. У размешчаных у Беларусі 3, 4, 10, 13 арміях недахоп кадраў складаў у сярэднім 30-35 працэнтаў. На даведцы — рэзалюцыя Панамарэнкі: «Цудоўны дакумент. Збіральнае абагульненне многіх пытанняў МАБ-падрыхтоўкі. Іх трэба разгледзець. Некаторыя пытанні паставіць на ўдакладненне з саюзным урадам. Падрыхтаваць па раздзелах і галінах на падставе гэтага дакумента з улікам усіх іншых пытанняў МАБ-падрыхтоўкі. Рашэнне 30.04.1941 г.» (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь). Але ў Маскву, на імя Сталіна, П.К.Панамарэнка адправіў сваё бачанне сітуацыі, якое ўжо не было такім жорсткім, як гэта здавалася ўдзельніку баёў у Іспаніі, Герою Савецкага Саюза Д.Р. Паўлаву. (Калі б вярнуць з таго свету Панамарэнку і Паўлава, то, напэўна, Панцеляймон Кандратавіч папрасіў бы прабачэння ў калегі — з прычыны адчування сваёй віны ў паражэннях вайскоўцаў, якія каштавалі жыцця Д.Р. Паўлаву.)

1-15

Дзмітрый Рыгоравіч Паўлаў (1897—1941): «Я прашу далажыць нашаму ўраду, што на Заходнім фронце здрады і прадажніцтва з боку кіраўніцтва фронту не было. Усе мы працавалі з вялікім напружаннем. І ў дадзены час сядзім на лаве падсудных не таму, што здзейснілі злачынства ў час баявых дзеянняў, а таму што недастаткова рыхтаваліся да вайны ў мірны час».

Заходняя асобая ваенная акруга была адной з самых моцных, саступала яна толькі Кіеўскай. У ёй, напярэдадні вайны, налічвалася 672 тыс. чал., 10087 гармат і мінамётаў, 2201 танк (у тым ліку 383 «КВ» і «Т»-34), 1909 самалётаў (з іх новых — 424). Гэта складала чацвёртую частку войскаў, размешчаных у заходніх акругах. На стыку Заходняй і Кіеўскай акруг дыслацыравалася Пінская ваенная флатылія на чале з камандуючым, контр-адміралам Д.Д. Рагачовым.

За тры гадзіны да пачатку вайны камандуючы 2-й нямецкай танкавай групай генерал-палкоўнік Гудэрыян пад'ехаў да мяжы, дзе добра было відаць Брэсцкую крэпасць і чырвонаармейцаў. У дзённіку ён запісаў: «Без дапамогі бінокля бачыў будучага ворага. Ён такі расслаблены, што ў мяне ўзнікла жаданне прапанаваць нашым артылерыстам апусціць артпадрыхтоўку». Але гарматы сваё адпрацавалі, бо ўсё было праплачана за месяц да крывавай даты — 22 чэрвеня 1941 года. Сваё слова стрымаў і Гудэрыян: праз 6 дзён ён і яго танкі ўваходзілі ў Мінск. Прайшло яшчэ некалькі дзён, і сталіца Беларусі ўбачыла захопленых у палон чырвонаармейцаў, якіх канваіравалі немцы. Калі яны ішлі па Савецкай вуліцы, хтосьці з разявак са злараднасцю выкрыкнуў: «Ну і дзе ж ваша «самая любимая и непобедимая»?

1-16

Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка (1902-1984): «Толькі аўтарытэтны камандзір можа выхоўваць байцоў, развіваць у іх самавалоданне і прымусіць пераадолець страх і інстынкт самазахавання, можа не толькі заклікаць да стойкасці, але і прымусіць да стойкасці».

Партызан, падпольшчык — словы, якія нарадзіліся ў Беларусі падчас барацьбы з замежнай ваеннай інтэрвенцыяй адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтых людзей акружалі вялікай павагай. Існавала нават грамадская арганізацыя, якая падтрымлівала іх матэрыяльна, брала ў іх успаміны, арганізоўвала сустрэчы з моладдзю. Адным з яе кіраўнікоў быў Лявонцій Яфімавіч Адзінцоў, які потым, падчас нямецкай акупацыі, стаў удзельнікам Мінскага антыфашысцкага падполля. (Пераемнікам арганізацыі ў нашы дні з'яўляецца Рэспубліканская камісія па справах былых партызанаў і падпольшчыкаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.) Словы «партызан» і «падпольшчык» існавалі не толькі як памяць, але і як дзейны фактар. Гэта знайшло сваю матэрыялізацыю ў рашэнні стварыць — пад пратэктаратам НКУС СССР — партызанскіх атрадаў на выпадак захопу Беларусі замежнай дзяржавай. Але ж перад самым пачаткам вайны гэта дактрына была несправядліва прызнана варожай, нездаровай і кампраметуючай усю боегатоўнасць краіны. Амаль 70 працэнтаў людзей, якія прайшлі такую падрыхтоўку, былі арыштаваны, а многія з іх рэпрэсаваны.

Жонка У.І. Леніна, Надзея Канстанцінаўна Крупская, расказваючы пра свайго мужа, асноўны сэнс думак вызначыла так: «Усё чалавечае было яму ўласціва». Простыя людзі ў першыя дні нападу Германіі не саромеліся прызнавацца ў разгубленасці. А якія пачуцці апаноўвалі кіраўнікоў — Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча, Берыю, Будзённага? З нядаўна рассакрэчаных матэрыялаў стала вядома аб спробе ўрада СССР (Л.П. Берыя), выкарыстоўваючы пасла Балгарыі ў СССР Стаменава, заключыць з Германіяй сепаратыўны мір. Узамен абяцалася аддаць Гітлеру Прыбалтыку, Украіну, Малдавію. Адбывалася гэта ў канцы чэрвеня 1941 г. У дакуменце, надрукаваным у кнізе аднаго з кіраўнікоў знешняй разведкі СССР Паўла Судаплатава, іншая інфармацыя адсутнічае. Такім чынам, словы Крупскай адносяцца і да названых намі кіраўнікоў: вызначаюць іх стан і падкрэсліваюць высокі ўзровень небяспекі, якая навісла над СССР.

Напярэдадні вайны адбылася змена пакаленняў у кіруючых колах Чырвонай Арміі. Заўважылі гэта і немцы. Пасля аднаго з баёў на подступах да Масквы Гудэрыян запісаў: «Я даведаўся ад аднаго штабіста, што ўсёй абаронай Масквы кіраваў прадстаўнік савецкага генералітэта нехта Жукаў». Але пройдуць чатыры гады, і ўжо іншы вядомы военачальнік, камандуючы амерыканскімі войскамі Дуайт Эйзенхаўэр, запросіць Г.К. Жукава да сябе ў госці, у Злучаныя Штаты Амерыкі. Такім чынам, можна сказаць, што сапраўды ў радах Чырвонай Арміі, у складзе яе ваенных кіраўнікоў адбылася змена пакаленняў. Але гэта не можа разглядацца ў якасці прычыны паражэнняў. Іншая справа — змены былі вынікам палітычных рэпрэсій, з-за якіх загінуў намеснік наркама абароны СССР Тухачэўскі і яго паплечнікі. Такія кадравыя страты адбіваліся як на практычным становішчы спраў, так і на тэорыі.

Крыніцы паражэнняў хаваліся і ў тым, што Сталін аддаваў шмат сіл барацьбе з апазіцыяй, у незавершанасці рэфармавання ўзброеных сіл краіны. Гэта выкарыстаў Гітлер, які ўжо ў 1939 г. даў умоўны знак аб падрыхтоўцы вайны з СССР. Думку гэту па-свойму выказаў вядомы савецкі пісьменнік Ілья Эрэнбург: «Сталін не выкарыстаў два гады перадышкі для ўмацавання абароны. Аб гэтым мне казалі ваенныя і дыпламаты».

Літаратура, прысвечаная гісторыі Ленінградскай, Прыбалтыйскай, Беларускай, Кіеўскай, Адэскай прыгранічных ваенных акруг, дае магчымасць для больш праўдзівых расказаў пра тых, хто тут ваяваў.

Сцяпан Васільевіч Супрун. Скончыў ваенную школу пілотаў. З 1931 г. — лётчык-выпрабавальнік розных тыпаў самалётаў, у тым ліку «МІГ-3». Папрасіў у Сталіна дазволу стварыць спецыяльны полк з лётчыкаў-выпрабавальнікаў. Станоўчы адказ быў атрыманы, і ён адправіўся на фронт. 4 ліпеня 1941 г. уступіў у бой з шасцю фашысцкімі знішчальнікамі. Збіў аднаго, але загінуў і сам. 22.07.1941 г. С.П. Супрун пасмяротна ўзнагароджаны другім медалём «Залатая Зорка». Толькі праз 20 гадоў у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці былі знойдзены астанкі героя...

Мікалай Францавіч Гастэла 26 чэрвеня 1941 г., вяртаючыся з баявога задання, трапіў пад абстрэл нямецкага самалёта. Ад прабітага бензабака пачаўся пажар. Становішча аказалася крытычным. Але Гастэла і экіпаж скіравалі самалёт у нямецкую калону аўтамашын. Імя Героя Савецкага Саюза М.Ф. Гастэлы (1941) унесена ў спіс 207-га далёкабамбардзіровачнага авіяпалка 42-й бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі.

У цэнтры антынямецкага супраціўлення стаялі палкі Заходняга фронту, размешчанага на тэрыторыі Беларусі. Гэта трэба мець на ўвазе тым гісторыкам, якія з пэўнай прыкрасцю называюць Заходні фронт самым крывавым фронтам Чырвонай Арміі. Дачка Сталіна, Святлана Алілуева, «узнагародзіла» яго нават словам «пекла».

1-17

Гейнц Вільгельм Гудэрыян: «14 чэрвеня Гітлер слухаў даклады камандуючых групамі армій аб іх гатоўнасці да нападу на Расію. Мяне запыталі толькі аб адным: праз колькі дзён я дасягну Мінска. Я адказаў: праз 5-6. 22 чэрвеня пачалося наша наступленне. А 27 чэрвеня я дасягнуў Мінска».

Але Заходні фронт, нягледзячы на цяжкія паражэнні летам 1941 г. (з 44 дывізій 24 былі разгромлены, страчана 1797 самалётаў), застаўся жыць. Стаў удзельнікам Маскоўскай бітвы. Яго камандуючымі былі: Паўлаў, Цімашэнка, Конеў, Жукаў, Сакалоўскі, Чарняхоўскі.

На 93-й старонцы трохтомніка «Усенародная барацьба Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» напісана: «Партыйныя агітатары з ліпеня па снежань 1941 г. казалі праўду аб гераічнай барацьбе Чырвонай Арміі, жыцці ў савецкім тыле». Але якая гэта была праўда, калі сапраўдную не заўсёды ведалі нават кіраўнікі Генеральнага штаба Чырвонай Арміі Жукаў, Шапашнікаў, Цімашэнка? Пералом у ход падзей, у тым ліку і інфармацыйных, унёс дзень 5 снежня 1941 г., з якім звязаны дзве гістарычныя падзеі: спыненне руху ворага ў маскоўскім кірунку і пераход Чырвонай Арміі ў контрнаступленне. Вось тады і пачаліся новыя старонкі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. (У некаторых артыкулах сцвярджаецца аб падрыхтоўцы ў Мінску, у студзені 1942 г., нібыта ў гонар Маскоўскай бітвы, народнага паўстання. Але гэта не адпавядае рэальнасці. Гэта была нямецкая правакацыя, якая скончылася гібеллю соцень і тысяч людзей. Нават Вільгельм Кубэ ў гарадской управе назваў тую справу жорсткай акцыяй.)

Маскоўская бітва стала пачаткам новай эры ў гісторыі Другой сусветнай вайны ў цэлым. Але «штопар» як асаблівая пагроза ваенна-стратэгічнаму становішчу Беларусі спыніў сваё існаванне ў ліпені 1943 г., калі Чырвоная Армія нанесла немцам пад Курскам такі ўдар, пасля якога войскі СССР ні разу не станавіліся ў працяглую абарону аж да 9 мая 1945 г. Сваю ролю ў гэтым адыграла і рэйкавая вайна ў Беларусі, падрыхтаваная і праведзеная партызанамі і падпольшчыкамі нашай рэспублікі.

Яўген Бараноўскі, кандыдат гістарычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.