Вы тут

І Арктыка пакарыцца!


70-гадовы юбілей 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады святкавалі не адзін дзень і з размахам. Сярод ганаровых гасцей, якія прыехалі павіншаваць віцебскіх ваенных, быў і камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі Расійскай Федэрацыі генерал-палкоўнік Уладзімір Шаманаў.

6-16

У сваім выступленні камандзір брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Белы адзначыў, што да дня святкавання вайскоўцы падышлі з высокімі паказчыкамі:

— Па выніках вучэбнага года злучэнне прызнана лепшым у сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта — заслуга кожнага з тых, хто стаіць у страі.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр Алег Белаконеў, звяртаючыся да прысутных, нагадаў пра слаўны і геройскі воінскі шлях.

— Створаная на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны 103-я стралковая дывізія (цяперашняя брыгада. — Аўт.) унесла дастойны ўклад у вызваленне народаў Еўропы ад фашызму. На тэрыторыі Венгрыі, Чэхаславакіі і Аўстрыі яе воінскія часці ўдзельнічалі ў дзясятках жорсткіх баёў. За праяўленыя мужнасць і гераізм больш як 3,5 тысячы воінаў удастоены баявых узнагарод. Пяці з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праяўлены падчас аказання інтэрнацыянальнай дапамогі народу Афганістана. Дывізія ў поўным складзе там прымала ўдзел у баявых дзеяннях з 1979-га па 1989 год. Больш за 13 тысяч вайскоўцаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Восем былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, узнагароджаны ордэнамі Леніна, — паведаміў генерал-маёр.

6-15

Паводле яго слоў, у 1980-я гады мінулага стагоддзя ваенныя дзеянні з Афганістана маглі перанесціся на тэрыторыю СССР.

— Але гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца, дзякуючы мужнасці і гераічнасці воінаў абмежаванага кантынгенту, у тым ліку 103-й дывізіі, — дадаў Алег Белаконеў.

Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый генерал-маёр Вадзім Дзенісенка падкрэсліў, што сёння гэтая брыгада адна з лепшых ва ўсіх беларускіх Узброеных сілах. Ён заклікаў салдат і афіцэраў і надалей служыць так, каб не было сорамна глядзець у вочы ветэранам.

Прадстаўнік ваеннага ведамства Саюзнай дзяржавы генерал-палкоўнік Уладзімір Шаманаў перадаў беларускім ваенным шчырае брацкае прывітанне ад расійскіх вайскоўцаў.

Паводле яго слоў, у наступным годзе прадстаўнікі беларускіх сіл спецыяльных аперацый падчас вучэнняў з удзелам армейцаў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы возьмуць удзел ва ўнікальнай пошукава-выратавальнай аперацыі на Паўночным полюсе. Паколькі міністры абароны дзяржаў ужо далі прынцыповую згоду, ідзе падрыхтоўка, узгадняюцца дэталі будучага «кідка» на халодны мацярык...

Феерыяй мітынгу сталі традыцыйныя паказальныя выступленні армейцаў. Ваеннаслужачыя прадэманстравалі навыкі рукапашнага бою. Дарэчы, выступілі і дзеці афіцэраў, якія займаюцца ў гуртках адзінаборстваў... Вельмі відовішчнай была дэманстрацыя страявых прыёмаў са зброяй. Гледачы, затаіўшы дыханне, назіралі за інсцэніроўкай бою па знішчэнні незаконнага ўзброенага фарміравання. Каб «знішчыць ворагаў», быў задзейнічаны і верталёт, з якога ваенныя спусціліся па канаце на зямлю... Цікавай рэжысёрскай знаходкай святкавання стала «ажыўшая гісторыя». Былі «рэанімаваны» фрагменты слаўнага мінулага воінскага фарміравання. У прыватнасці, па пляцы праехаў матацыкл часоў Вялікай Айчыннай з палонным немцам у калясцы. Гледачы таксама ўбачылі фрагмент з часоў афганскай вайны...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.