Вы тут

5 «вучнёўскіх» хвароб, якія можна прадухіліць


Часам бацькі, перанасычаныя сумессю з «бабулінага выхавання», міфаў і стэрэатыпаў, парушаюць усе добрыя інстынкты, закладзеныя ў дзецях самой прыродай. Так бы мовіць, яны да дзіцяці з самымі лепшымі намерамі, а атрымліваецца... далёка не лепшае. Наступныя актуальныя парады дапамогуць пазбегчы пэўных праблем са здароўем у тых, каму зараз 6-7 гадоў.

Гіпакінезія

Недастатковая рухальная і нізкая мышачная актыўнасць — праблема не толькі дарослых, але і дзяцей. Дзіўна чуць ад бацькоў і настаўнікаў забароны бегаць і шумець. Рух, фізічныя практыкаванні, спорт — вось эфектыўны, універсальны рэцэпт захавання і ўмацавання здароўя. Недахоп руху адмоўна адбіваецца на развіцці арганізма і функцыі многіх органаў.

— Працяглае сядзенне за партай робіць дыханне менш глыбокім, абмен рэчываў запаволеным, абумоўлівае застой крыві ў нагах, — кажа ўрач-метадыст 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіна САФРОНАВА. — Гэта, у сваю чаргу, зніжае працаздольнасць і ўвагу, аслабляе памяць, павялічвае час разумовых рэакцый. Акрамя таго, арганізм становіцца больш уразлівым да інфекцый. На фоне празмернага харчавання, лішку вугляводаў і тлушчаў у рацыёне гіпакінезія прывядзе і да атлусцення. У дзяцей, якія мала рухаюцца, слабыя мышцы — яны не ў стане падтрымліваць цела ў правільным становішчы, а значыць, у іх парушаецца постаць.

Што рабіць?

Ранішняя гігіенічная гімнастыка. 10-12 практыкаванняў на раўнамерную работу мышцаў рук, ног і тулава.

Працягласць — 15-30 хвілін. Пасля зарадкі рэкамендуюцца водныя працэдуры: абціранні, абліванні або душ.

Хада. Звяртайце ўвагу дзіцяці на неабходнасць адмаўляцца ад ліфта, транспарту — прывучайце хадзіць шмат і адганяйце ад тэлевізара з камп'ютарам. Падчас хады вучыце дзіця сачыць за постаццю, дыхаць раўнамерна і свабодна. Лепшы час — да яды або праз 1,5 гадзіны пасля яе.

Міяпія

Блізарукім лічаць таго, хто дрэнна бачыць удалечыню і да пэўнага моманту няблага спраўляецца з работай на блізкай адлегласці. Блізарукаму цяжка бачыць нумары грамадскага транспарту, дарожныя знакі, людзей, якія да іх набліжаюцца і г.д. Пры нараджэнні большасць дзяцей мае дальназоркасць — 91%, у 4% — норма і ў 5% — міяпія. Аднак бліжэй да 18 гадоў ад блізарукасці пакутуе кожны трэці.

2-8

Прагрэсуючая міяпія ўзнікае менавіта ў дзіцячым узросце. У групе рызыкі — неданошаныя; са зніжаным імунітэтам (частымі рэспіраторнымі захворваннямі, грыпам, пнеўманіямі); дзеці блізарукіх бацькоў. Для школьнікаў актуальнымі будуць празмерныя зрокавыя нагрузкі, знаходжанне працяглы час за камп'ютарам, парушэнне постаці за сталом, пастаянны стрэс ад кантактаў з настаўнікамі, рэпетытарамі, равеснікамі, мінімальнае знаходжанне на свежым паветры.

Першыя прыкметы зніжэння зроку — дзіця вечарам пацірае надброўную дугу або заплюшчвае адно вока, калі чытае.

Прагрэсаванне блізарукасці (звыш 1 дыяптрыі ў год) можа прывесці да незваротных змен.

Што рабіць?

У ідэале не трэба дазваляць дзіцяці да 2 гадоў глядзець тэлевізар (гэта звязана не толькі з нагрузкамі, але і з уплывам на цэнтральную нервовую сістэму). Дазіруйце зрокавыя нагрузкі. Да 7 гадоў глядзець тэлевізар можна 30-40 хвілін у дзень. Пасля — да 1,5 -3 гадзін. Бесперапынная нагрузка павінна быць не больш за 1,5 гадзіны.

Працягласць работы за камп'ютарам — 40 хвілін у дзень.

Чытаць толькі седзячы за сталом пры добрым асвятленні.

Карэкцыя постаці.

Гімнастыка для вачэй, агульнае ўмацаванне арганізма (фізкультура, загартоўванне, вітамінатэрапія, рацыянальнае харчаванне).

Абавязковае нашэнне акуляраў. Пры міяпіі слабай і сярэдняй ступені — толькі для далечыні, высокай ступені — для пастаяннага нашэння.

Галаўны боль

Псіхалагічныя нагрузкі могуць абумовіць галаўны боль у любым узросце, у тым ліку і ў 7 гадоў.

Паводле слоў інструктара-валеолага 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірыны ШЫМАНСКАЙ, галаўны боль мае незлічоную колькасць прычын: урокі ў душным памяшканні, фізічнае і разумовае перанапружанне, складаныя стасункі ў сям'і і школе, працяглыя спартыўныя перагрузкі (якія не мяняюцца), працяглы прагляд тэлевізара, працяглае напружанне мышцаў пры нефізіялагічных позах (нязручны пісьмовы стол, парта, якая не адпавядае росту, нязручная поза падчас сну), змена надвор'я, міяпія без належнай карэкцыі, агрэхі ў харчаванні і г.д.

Што рабіць?

Наладзіць рэжым дня, паўнацэнны сон, забяспечыць зручныя ўмовы працы.

Масаж галавы і каўняровай зоны, лячэбная фізкультура, іголкарэфлексатэрапія, мануальная тэрапія, серавадародныя і марскія ванны, фізіяпрацэдуры, псіхатэрапія.

Аднаразовы прыём анальгетыку (парацэтамол і інш.).

Чай з элеутэракокам, лімоннікам. Чай з лімонам — эфектыўны сродак павышэння жыццёвага тонусу. Аскарбінавая кіслата, заспакаяльныя сродкі (валяр'ян, буйміна, півоня).

Для прафілактыкі патрабуецца чаргаванне працы і адпачынку. Прычым, выбар дадатковых заняткаў павінен быць такі, каб не пазбавіць дзіця часу для адпачынку. Гэта заняткі фізкультурай на адкрытым паветры, водныя працэдуры (абціранні, душ, ванны), масаж, вітамінізаванае харчаванне.

Лішняя вага

Самае важнае ў гэтым узросце — актыўна закладваць правільныя, карысныя «інстынкты» і звычкі. Вучоныя сцвярджаюць, што дзеці таўсцеюць у абыякавых бацькоў.

Што рабіць?

Не прымушайце дзіця падчышчаць талерку, есці столькі, колькі даюць. Арыентавацца неабходна толькі на пачуццё голаду.

Не ўказвайце, што дзіцяці есці. Учора яно з задавальненнем ела рыбу, вараную моркву, а сёння жадае зялёнага гароху і курыцу. Гэта не капрызы, а жаданне арганізма папаўняць і падтрымліваць баланс неабходных рэчываў. Калі не дазваляць дзіцяці харчавацца тымі прадуктамі, якія яно інстынктыўна выбрала, можна дабіцца згасання інстынкту. Страта гэтага інстынкту і вымушае пазней чалавека ўжываць непатрэбныя яго арганізму прадукты. Асабліва небяспечна прымушаць есці прадукты, якія дзіця «пастаянна» не любіць. Можа аказацца, што ў дзіцяці ёсць захворванне, пры якім нелюбімыя прадукты проціпаказаны.

Прысмакі не павінны быць перакусамі, бо яны даюць толькі лішнія калорыі і не ўспрымаюцца арганізмам як «ежа». Смачнае трэба адкладваць да бліжэйшага прыёму ежы і дазваляць на дэсерт. Дзіця павінна ведаць, што яго цукерка нікуды не дзенецца, і можа спакойна чакаць таго ж абеду.

Не адмаўляйце дзіцяці ў шакаладзе — але ў невялікай яго колькасці і зрэдку.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.