У панядзелак сур'ёзныя дажджы, а з аўторка — холадна
Гэтымі днямі на тэрыторыі нашай краіны будзе і надалей гаспадарыць антыцыклон, таму ападкаў не будзе, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Тэмпература паветра ўдзень складзе 16-21 цяпла. І ў суботу ў нас захаваецца павышаны фон атмасфернага ціску, аднак у паўднёва-заходніх рэгіёнах краіны пачне адчувацца ўплыў атмасферных франтоў, якія рухаюцца да нас з боку Заходняй Еўропы. Уначы па крайнім захадзе, а ўдзень і ўвогуле па паўднёва-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Раніцай месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы на суботу складзе ад 1 цяпла па ўсходзе, да плюс 11 градусаў па захадзе краіны. На ўсходзе Беларусі ўначы на глебе магчымы слабыя замаразкі да 0 — мінус 2 градусаў. Удзень будзе плюс 13-20 градусаў. У нядзелю франтальны раздзел працягне рухацца далей на ўсход. Таму месцамі там чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература ўначы на нядзелю складзе плюс 3-10 градусаў, а ўдзень — 12-20 цяпла.
Паводле доўгатэрміновых прагнозаў айчынных спецыялістаў, на пачатку наступнага тыдня надвор'е пагоршыцца. У панядзелак дажджы чакаюцца амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Удзень месцамі прагназуюцца сапраўды моцныя дажджы, часам з навальніцамі і моцным ветрам. Уначы на панядзелак будзе плюс 5-11 градусаў, удзень — толькі 10-17 цяпла, у Гомельскай вобласці да плюс 20 градусаў. Бліжэй да сярэдзіны наступнага тыдня ў Беларусь прыйдзе халоднае паветра з боку Скандынавіі. Чакаецца ветранае надвор'е, месцамі з кароткачасовымі дажджамі. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1-6 градусаў, а ўдзень — усяго 7-14 цяпла. Згадзіцеся, што гэта ўжо сур'ёзна. Аднак сіноптыкі разлічваюць, што недзе праз тыдзень нас яшчэ парадуе бабіна лета.
Сяргей КУРКАЧ.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?