Вы тут

Палессе склікае сяброў карагод


Ёсць мясціны, дзе толькі марыш пабываць, разглядаючы каляровую карту свету. Ёсць экзотыка, якую цікава аднойчы ўбачыць на ўласныя вочы, пакаштаваць на смак і колер. Ёсць больш ці менш папулярныя курорты, танныя ці не вельмі, модныя ці крыху падзабытыя, куды, пры пэўным старанні, сёння можа паехаць адпачыць практычна кожны. А ёсць месцы, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, бо там застаецца жыць часцінка твайго сэрца.

Áåçûìÿííûè?-4

Нам пашанцавала, што такія месцы ёсць і ў Беларусі. Адна з турыстычных жамчужын нашай краіны — Прыпяцкае Палессе: гэта Эльдарада для паляўнічых і рыбаловаў, найбагацейшая глеба для працы эколагаў, археолагаў, этнографаў і іншых навукоўцаў і безліч уражанняў для адпачывальнікаў. У кожную сустрэчу Прыпяць — беларуская Амазонка — нібыта зусім новая, і ў той жа час нязменна чароўная і прывабная. А палешукі — руплівыя, гасцінныя і ветлівыя гаспадары тутэйшых мясцін — робяць усё, каб захаваць гэту прыгажосць, і з такой любоўю расказваюць і паказваюць сваю зямлю, што проста немагчыма ў яе не закахацца...

1468ac0da607b04db7b0c102d8c6fd9e

Таму не дзіўна, што менавіта тут, у Нацыянальным парку «Прыпяцкі», зарадзілася і выспела ідэя правядзення фестывалю этнакультурных традыцый «Покліч Палесся».
Сёлета 13 верасня фэст пройдзе на Гомельшчыне ўжо трэці раз — і ўпершыню ў высокім статусе міжнароднага. Пра тое, якім будзе гэта грандыёзнае свята, што змянілася
ў Нацыянальным парку за гэтыя гады і якія перспектывы для развіцця турызму бачаць перад сабой палешукі, «Звязда» даведалася, што называецца, з першых вуснаў.
Сучасная гісторыя

IMG_3167

Першы фестываль «Покліч Палесся» адбыўся ў адміністрацыйным цэнтры Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» — аграгарадку Ляскавічы — у 2010 годзе і сабраў больш як 5,5 тысячы гасцей і ўдзельнікаў з 11 рэгіёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны. Наступны фэст, які прайшоў у 2012 годзе, наведалі ўжо звыш 10 тысяч чалавек.
Асноўнымі арганізатарамі фестывалю выступаюць Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Міністэрства культуры, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства інфармацыі Беларусі, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Знайшло маштабнае культурнае мерапрыемства і падтрымку ў спонсараў — ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ААТ «Белаграпрамбанк» і шэрагу іншых.

— Нават самы першы фестываль засведчыў, што падобныя мерапрыемствы патрэбны, — разважае генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сцяпан БАМБІЗА. — Дзе яшчэ можна не проста пазнаёміцца, а павучыцца традыцыйным рамёствам, даведацца іх сакрэты ад саміх майстроў; не толькі паслухаць выступленні прафесійных артыстаў, а пачуць аўтэнтычныя нашы песні, шмат дзе незаслужана забытыя, якія беражліва захоўваюць самадзейныя артысты ў глыбінцы, у сельскіх дамах культуры? Вось у гэтым рэчышчы хацелася б рухацца і далей, не губляючы тую асаблівую атмасферу шчырасці, захоўваючы адметны фармат «Поклічу Палесся», на якім галоўнымі героямі мусяць быць не нейкія заезджыя «зоркі», а самі палешукі.

Хачу адзначыць: калі б не было ў нас падтрымкі на самым высокім узроўні, рэалізаваць гэту ідэю і тым больш правесці фестываль трэці раз і вырасці з вясковага свята да міжнароднага ўзроўню нізавошта не ўдалося б. Хоць шмат было сумненняў, ці патрэбен нам яшчэ адзін фестываль, калі штогод праходзіць мноства маштабных культурных мерапрыемстваў у іншых гарадах Беларусі; але на мінулым фэсце, у 2012-м, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта «Покліч Палесся» адраджае нашу самабытнасць і нясе асаблівую душэўнасць,таму фестывалю — быць. Ды наогул, толькі дзякуючы любові нашага Прэзідэнта да палешукоў, да гэтага працавітага краю, у свой час была прынята праграма комплекснага развіцця і адраджэння Прыпяцкага Палесся!

...Прайдзіцеся па падворках, зазірніце ў твары гэтых людзей: жанчыны ў святочных строях, твары нібы свецяцца знутры, вочы ззяюць — якія яны ўсе прыгожыя, пявучыя, поўныя спрадвечнага, нейкага сапраўднага жыцця, якое часцінкай застаецца ў кожным з нас «ад каранёў», у які б мегаполіс ты ні з'ехаў... Каб гэтыя «карані» не высахлі, а заставаліся напоўненымі жыццядайнай сілай, трэба насамрэч зусім мала: уважлівае і паважлівае стаўленне да традыцый, да ўласнай гісторыі і культуры.

IMG_3222

Справы фестывальныя

...Да пачатку 3-га міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» застаюцца лічаныя дні, а ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» ўжо практычна ўсё гатова для прыёму ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства. Завяршаецца афармленне падворкаў, на якіх дэлегацыя кожнага з раёнаў (Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Лунінецкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Пінскага, Столінскага, Хойніцкага) прадэманструе сваю праграму — традыцыйныя рамёствы палешукоў, стравы нацыянальнай кухні, аўтэнтычныя спевы і танцы. Наносяць апошнія мазкі і рыскі на свае работы 10 гомельскіх і брэсцкіх мастакоў, якія цягам некалькіх тыдняў натхняліся прыпяцкімі краявідамі падчас першага пленэру «Зямля пад белымі крыламі» — 13 верасня на адмысловай пляцоўцы можна будзе паглядзець, якім убачылі творцы твар Палесся. І нават флагманы мясцовага флоту, белыя з блакітам цеплаходы «Зубр», «Лось» і «Кірыл Тураўскі», гатовыя ў любы момант павезці сваіх пасажыраў на прагулку па велічнай і загадкавай Прыпяці, здаецца, стоячы ля прычала, у нецярпенні перашэптваюцца з рачнымі хвалямі і прыбярэжным чаротам: «Чакаем, чакаем...».

IMG_3069

Гэтае нецярплівае прадчуванне цалкам зразумелае: праграма сёлетняга фестывалю абяцае быць надзвычай цікавай і насычанай сюрпрызамі, тым больш многія падзеі суправаджаюцца дадаткам «упершыню».

Так, упершыню ў адной з зал Музея прыроды пройдзе фотавыстава «Знакамітыя палешукі», героямі якой сталі некалькі дзясяткаў чалавек, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё Палесся, а таксама бліскуча праявілі сябе ў розных прафесійных сферах, прычым не толькі ў Беларусі. Напрыклад, ці ведалі вы, што першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман — ураджэнец Палесся, выпускнік Пінскай гімназіі? А такіх прыкладаў у гісторыі палешукоў не адзін і не два... Як не адзін і не два творы мастацтва прысвечаны менавіта гэтаму адметнаму краю. Якім убачылі Палессе шматлікія рэжысёры, кожны ахвотны зможа даведацца падчас паказу тэматычных кіна- і відэафільмаў «Вянок Палесся». Таксама ў першы раз адбудзецца прэзентацыя і ўручэнне памятнага знаку-сімвала «Ганаровы паляшук», а яшчэ пройдзе гашэнне адмысловага штэмпеля.

Упершыню Гомельскі аблвыканкам правядзе падчас фестывалю конкурс маладой сям'і «Уладар Палесся» (у ім, на радасць тутэйшых жыхароў, возьме ўдзел і сям'я з мясцовай вёскі Брынёва): маладыя прадэманструюць, хто з іх лацвей упраўляецца з косамі ды сякерамі, а жанкам давядзецца праявіць як гаспадарчыя ўменні, так і кулінарныя, а таксама творчыя, таленты. У першы раз пройдзе і міжнародны конкурс дзявочага хараства «Палеская прыгажуня-2014».

Упершыню на пляцоўцы пад адкрытым небам пройдзе выстава ручнікоў, на якой госці фэсту змогуць параўнаць узоры і прыёмы вышыўкі, уласцівыя кожнаму палескаму раёну. Тут жа ўсталююць некалькі кроснаў, за якімі майстрыхі дадуць кожнаму ахвотнаму майстар-клас па ткацтве.

...Яшчэ напярэдадні асноўнага свята адбылася этнаграфічная экспедыцыя па Прыпяцкім Палессі «Летнік на Петрыкаўшчыне», удзельнікі якога — маладыя навукоўцы, практыкуючыя фалькларысты, студэнты вядучых ВНУ — наведалі тры населеныя пункты Петрыкаўскага раёна, дзе захаваліся традыцыйныя народныя абрады і гульні, занатавалі ўспаміны і расказы мясцовых жыхароў — носьбітаў фальклору, паўдзельнічалі ў майстар-класах па народнай культуры Прыпяцкага Палесся. Па выніках гэтай маштабнай экспедыцыйнай працы за 2012 і 2014 гг. плануецца выданне адмысловага этнаграфічнага зборніка.

На галоўнай фестывальнай сцэне выступяць як беларускія артысты і калектывы (заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, спявачка Вольга Гарнічар, салісты Гомельскага абласнога прадзюсарскага цэнтра, аматарскі ансамбль танца «Дружба», аматарскі калектыў вакальна-харэаграфічны ансамбль «Гомій», фальклорны гурт «Млын сонца»), так і госці: расійскі калектыў «Данскія казакі», ансамбль рускай песні «Бабчыны ўнукі», ансамбль песні і танца народаў Поўначы «Чукотка», украінскі народны ансамбль «Чып», артысты і творчыя калектывы з Малдовы і Польшчы. Увечары канцэрт зменіць маладзёжная танцавальна-забаўляльная праграма, а завершыцца песенна-танцавальны марафон святочным феерверкам і лазерным шоу.

IMG_3485

І высокае, і зямное

...Тым жа, хто аддае перавагу не шумнаму і шматлюднаму святу, а адпачынку на ўлонні прыроды, варта завітаць у іншае месца — на прыстань ля гасцініцы «Над Прыпяццю». Адсюль можна будзе адправіцца на прагулку на лодках або пракаціцца па рацэ на цеплаходзе. Або ўздоўж Прыпяці — на конях. Або — гэта для зусім адчайных аматараў вострых адчуванняў — узняцца над святам і паглядзець у сінія вочы магутнай ракі з вышыні палёту на паветраным шары. Падобная забава, дарэчы, сёлета таксама будзе арганізавана ўпершыню. Ну, а калі вы прыбудзеце на свята сям'ёй, то дзяцей, безумоўна, парадуе гульнявая пляцоўка з аніматарамі, конкурсамі, атракцыёнамі, арэлямі, электрамабілямі і іншымі мілымі дзіцячаму сэрцу заняткамі.

Знойдзецца месца і ежы духоўнай — для паэтаў і пісьменнікаў арганізуюць творчую майстэрню «Літаратурнае Палессе» (у яе межах пройдзе прэзентацыя кнігі-пераможцы конкурсу Гомельскага аблвыканкама — літаратурнай прэміі імя Кірыла Тураўскага «Вядзьмарка Палеская» В. Куліка) — і звычайнай, зямной: ужо чакае наведнікаў «рэстаран пад адкрытым небам» (пляцоўка літаральна на вадзе, дзе будуць карміць удзельнікаў фестывалю), таксама абсталявана мноства гандлёвых пунктаў для рэалізацыі харчовых і нехарчовых тавараў, сувеніраў, вырабаў народных умельцаў.

«На вялізным шэрагу тэматычных падворкаў «Палеская слабада», які размесціцца ўздоўж Прыпяці, кожны раён прадстаўляе падворак, што адлюстроўвае этнаграфічную самабытнасць народнай культуры мікрарэгіёна, ладзіць майстар-класы па рамёствах. Свае работы пакажуць найлепшыя ў раёнах ганчары, рыбакі, паляўнічыя, кавалі, майстры па вырабе лодак і чаўноў, ткачы, бортнікі, бондары, майстры па пляценні з лазы і з саломы, вышывальшчыцы і вязальшчыцы на прутках і кручком, — пералічвае намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі Вольга Прыходзька. — Нацыянальны парк «Прыпяцкі» тэрытарыяльна належыць да чатырох розных раёнаў — Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага і Лельчыцкага — і адначасова з'яўляецца самастойнай адладжанай структурай, таму і на фестывалі па традыцыі арганізуем уласны падворак».

А паміж падворкамі ўпершыню ўзвялі асобную канцэртную пляцоўку — тут у межах фестывальнай праграмы аўтэнтычных калектываў «Палескія гульні» выступяць выканаўцы розных жанраў палескага фальклору — і пакажуць шырокай публіцы фрагменты старажытных летніх і восеньскіх каляндарна-абрадавых і сямейна-бытавых свят з выкананнем тых самых песень, танцаў, народных гульняў, інструментальных твораў, а таксама вусных узораў народнай прозы, якія таленавітыя палешукі захавалі ад продкаў і перадалі наступнаму пакаленню.

Дарэчы, сёлета паміж раёнамі — удзельнікамі фестывалю не будзе спаборніцтва: плануецца ацэньваць падворкі па розных намінацыях і адзначыць узнагародамі і памятнымі прызамі абсалютна кожнага з удзельнікаў. Бо каго ні вазьмі з прадстаўленых творчых калектываў, майстроў і рамеснікаў — у пэўным сэнсе каштоўнасць, бо захоўвае для нашчадкаў частку ўнікальнай этнакультурнай спадчыны Палесся

Самы малады з турыстычных аб'ектаў Нацыянальнага парку — гасцініца «Тураў+». Яна адкрылася толькі сёлета ў красавіку, але камфорт і ўтульнасць яе нумароў і кухню мясцовай кавярні паспелі ацаніць ужо больш за 500 гасцей.

new

«Сярод нашых пастаяльцаў даволі шмат камандзіраваных работнікаў, у тым ліку расіян, — распавядае намеснік дырэктара гасцініцы Валянціна Казко, — якіх прывабліваюць і невысокія цэны, і размяшчэнне гатэля — тут даволі ціхае, спакойнае месца, разам з тым зручнае ў сэнсе транспартнага злучэння: недалёка і да Турава, і да Жыткавіч. Але мы, безумоўна, зацікаўленыя і ў тым, каб прыцягваць больш турыстаў, якія жадаюць наведаць старажытны Тураў, прайсці экалагічнымі сцежкамі або з'ездзіць на рачную прагулку ці ў сафары-тур у Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Бо гэта зусім іншая катэгорыя гасцей: яны прыязджаюць менавіта адпачываць, і акрамя пражывання, цікавяцца дадатковымі паслугамі — пракатам веласіпедаў, мангалаў, экскурсійным абслугоўваннем».

Пасля рэканструкцыі былое адміністрацыйнае памяшканне не пазнаць ні звонку, ні знутры: замест працоўных кабінетаў і падсобных памяшканняў — 20 разнастайных нумароў на 36 ложка-месцаў: 8 двухмесных, 4 аднамесныя, 4 люксы і 4 паўлюксы. У кожным, незалежна ад катэгорыі нумара, ёсць усё неабходнае для пражывання: мяккая мэбля для адпачынку, новая сантэхніка, халадзільнік, тэлевізар. Кошты дэмакратычныя: ад 200 тысяч за ложка-месца да 620 — за люксавы нумар. На першым паверсе для гасцей працуюць кавярня, сувенірная крама і асобны музей прыроды з багатай экспазіцыяй — многія турысты адхіляюцца ад асноўных маршрутаў у Тураве і прыязджаюць спецыяльна, каб наведаць яго. Налета музей плануюць таксама абнавіць.

NlZDctNjZ

«Гэта самы першы музей Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», ён пачаў сваю работу задоўга да цяперашняга вялікага комплексу ў Ляскавічах, — не без гонару за сваю «дзялянку» адзначае спецыяліст па турызме Таццяна Курбакова. — І папулярнасці ён з часам не губляе. Мяркуйце самі: на 1 жніўня толькі наш музей наведалі больш як 3,5 тысячы чалавек, а прыбытак ад экскурсій склаў больш за 40 мільёнаў рублёў. Прыязджаюць і сем'ямі, і кампаніямі — і выходзяць з круглымі вачыма, кажуць, быццам у сапраўдным дзікім лесе пабывалі, толькі што камароў не сустрэлі. Бывае, людзі, якія наведалі раней аналагічную ўстанову ў Белавежскай пушчы, робяць кампліменты нашай экспазіцыі — кажуць, падабаецца больш, бо ўсё зроблена кампактна і натуральна». Натуральна — гэта не моўны абарот, а рэальная акалічнасць: штогод супрацоўнікі ідуць у лес, каб сабраць новы мох для музея. У калекцыі экспанатаў — больш як 120 відаў птушак, а таксама ўсе асноўныя віды млекакормячых, якія жывуць на тэрыторыі нацыянальнага парку: ласі, казулі, алені, нават мядзведзі...

«А яшчэ карыстаюцца папулярнасцю ў нашых турыстаў экалагічныя сцежкі, — дадае Таццяна. — Недалёка адсюль ёсць Азяранскае лясніцтва, у якім ужо амаль 20 гадоў як пракладзена сцежка да цар-сасны — паўтара кіламетра па лесе праз забалочаныя ўчасткі, дубровы, саснякі, меліярацыйная сетка ХІХ стагоддзя, бабровыя паселішчы літаральна ў 1,5 метра ад драўляных масткоў і ўласна сама цар-сасна ўзростам 320 гадоў, высачэзная — 24 метры, з вуллем-калодай і абаронай ад мядзведзяў. Вельмі прыгожыя мясціны і найчысцейшае паветра — не дзіва, што туды ходзяць вялізнымі групамі, бывае, набіраецца некалькі аўтобусаў. Замежнікі туды часта выбіраюцца на арніталагічныя назіранні — сёлета, напрыклад, прыязджалі англічане, бельгійцы, галандцы, якія ведаюць, што менавіта ў гэтым месцы гняздуюць птушкі, якія іх цікавяць. У гэтым жа лясніцтве ёсць экалагічная сцежка да цар-дуба, якому каля 800 гадоў — гэта самае старое дрэва ў нацыянальным парку. І, безумоўна, традыцыйна вялікі попыт на маршруты па старажытных тураўскіх мясцінах — наведванне царквы ў гонар Усіх Святых, збудаванай у 1810 годзе, паломніцтва да каменных крыжоў, якія растуць з зямлі на Барыса-Глебскіх могілках, паход да сярэднявечнай Замкавай гары і помніка Кірылу Тураўскаму».

IMG_3820

Рух без перапынкаў

45-годдзе, якое сёлета адзначае Нацыянальны парк «Прыпяцкі» — гэта хоць і не юбілей, але тым не менш пэўная мяжа і нагода падвесці вынікі работы. І вынікі гэтыя, як і асноўныя эканамічныя паказчыкі, адзначае генеральны дырэктар ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», збольшага станоўчыя: «Мы здолелі давесці да высокага ўзроўню сельскагаспадарчую вытворчасць і вылучылі яе ў асобнае гасразліковае падраздзяленне, наладзілі годную інфраструктуру для прыёму і размяшчэння гасцей — можна сказаць, з'яўляемся лідарамі ў гэтай сферы; мы заслужылі за гэтыя гады і падтрымліваем добрую рэпутацыю сярод замежных турыстаў... Сёлета «прыраслі» яшчэ на адну гасцініцу — яна адкрылася ў Тураве і ўжо з вясны прымае гасцей. Безумоўна, ёсць куды развівацца і на якія перспектывы працаваць — мы іх бачым і рухаемся ў гэтых кірунках».

Так, з пачатку бягучага года, адзначаюць спецыялісты аддзела турызму, Нацыянальны парк «Прыпяцкі» наведалі ўжо больш як 30 тысяч турыстаў — ды яшчэ асобна на свята Купалля прыехалі каля 5 тысяч гасцей. Для наведнікаў праведзена 403 экскурсіі — калі ўключыць чыстую арыфметыку, выходзіць амаль па 2 экскурсійныя маршруты штодня.

Адкуль едуць госці (а турыстаў тут называюць не «кліентамі» і не «наведнікамі», а менавіта гасцямі. — Аўт.)? Найчасцей прыродная і культурная скарбніца Прыпяцкага Палесся вабіць турыстаў з Італіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі (адсюль, напрыклад, у маі прыбывае вялікая група навукоўцаў-арнітолагаў), а таксама з Нідэрландаў, Ізраіля. Ацанілі гасціннасць беларусаў і суседзі па СНД — грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана, і, безумоўна, самі суайчыннікі з задавальненнем прыязджаюць у «Прыпяцкі» на невялікія туры выхаднога дня працягласцю ў 1—3 дні. Многія прыбываюць у складзе арганізаваных турыстычных груп — хтосьці выбіраецца на карпаратыўны адпачынак, хтосьці сумяшчае прыемнае з карысным і праводзіць на ўлонні прыроды выязныя семінары, нарады і г.д., часта бываюць на аглядных экскурсіях цэлымі сем'ямі.

Карыстаюцца попытам і разнастайныя экалагічныя сцежкі. Хоць вялікага прыбытку гэты, у большай ступені асветніцкі, напрамак турызму не прыносіць, адмаўляцца ад яго ў «Прыпяцкім» не збіраюцца, бо ўскладваюць на сябе ў тым ліку і адукацыйныя, даследчыцкія, навуковыя задачы.

«Нават у самы напружаны працоўны час мы не забываемся і на прыродаахоўныя мерапрыемствы, — зазначае галоўны ляснічы Нацыянальнага парку Андрэй Бяспалы, — у пажаранебяспечны перыяд, які быў у жніўні, мы ўзмацнілі кантроль па гэтым пытанні, праводзіліся кругласутачныя дзяжурствы, вылучылі дадатковыя сродкі і стварылі аператыўныя брыгады. Мабыць, таму, што знаходзіліся ў пастаяннай баявой гатоўнасці, надзвычайных здарэнняў і не ўзнікла, тушыць лясныя пажары нам не спатрэбілася. Сумесна з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях мы таксама пільна сочым за ўчасткамі сельгаскарыстання. Асаблівую ўвагу надаём такому моманту, як кантроль жывёльнага свету — у сувязі з небяспекай успышак АЧС у дзікоў. У нацыянальным парку закладзены два жывёльныя могільнікі, праводзяцца знішчальныя мерапрыемствы ў адпаведнасці з даведзенымі планамі. Літаральна штодня пытанне трымаецца на кантролі. І, безумоўна, днямі завяршаем падрыхтоўку да прыёму гасцей міжнароднага фестывалю «Покліч Палесся», прадастаўляем будаўнічы матэрыял кожнаму раёну для абнаўлення падворкаў, абнаўляем машынны парк, дакупляем неабходнае абсталяванне — словам, усе работы вядуцца для таго, каб паказаць у поўнай меры гасціннасць палескага краю».

Каб сачыць за бяспекай у лясной гаспадарцы, гаворыць галоўны ляснічы, трэба не два, а тры вокі: трэцяе на ўсякі выпадак мець на патыліцы. «Бо адказнасць вельмі вялікая: па-першае, Нацыянальны парк — гэта асаблівая прыродаахоўная зона, а па-другое, асабліва пільна трэба кантраляваць раёны, якія трапілі пад забруджванне радыенуклідамі».

Сам Андрэй Аляксандравіч, акрамя кіравання гаспадарчай і прыродаахоўнай дзейнасцю ў лясніцтвах, схільны яшчэ да даследчыцкай працы. Неўзабаве ён збіраецца працягнуць прафесійную адукацыю ў аспірантуры, збірае практычныя матэрыялы для навуковай работы па вытворчай ацэнцы штучных сухадольных дуброў беларускага Палесся. «Прастора для навуковых распрацовак тут проста неабсяжная: трэба вывучаць і гідралогію, і захаванне біяразнастайнасці, і ўплыў змены клімату на змену драўняных парод, што, у сваю чаргу, уплывае на жывёльны свет», — адзначае Андрэй Бяспалы.

***

Наогул, расказваючы пра Прыпяцкае Палессе, можна прысвяціць яму тысячы слоў. Але гэта той самы выпадак, калі лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць ці прачытаць. Дакладней, хоць бы адзін раз — бо (праверана і пацверджана тысячамі турыстаў з розных краін), завітаўшы сюды аднойчы, хочацца вярнуцца зноў. У любую пару года — я не ведаю часу, у які Прыпяць была б непрыгожай. У любой кампаніі ці нават аднаму. У любым настроі — але з адкрытым сэрцам, з любоўю да прыроды і жаданнем убачыць, адчуць асаблівае хараство палескай зямлі. Вось і цяпер, калі надвячоркам ці зранку выйсці на бераг задуменнай ракі, удыхнуць на поўныя грудзі свежасць паветра і ўслухацца ў цішыню, можна пачуць няўлоўныя ноткі. Думаеце, гэта робяць развітальны круг над лесам жураўлі? Не, гэта гаворыць само Палессе — кліча ў запаведныя глыбіні і раскрывае свае адвечныя таямніцы...

IMG_3753

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, Алена ДАЎЖАНОК.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіваў Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Я павяду цябе ў музей...

IMG_3322

Абысці і аб'ехаць за адзін раз усю плошчу «Прыпяцкага» — а гэта больш як 200 тысяч гектараў лясоў, палёў і рэк — зразумела ж, немагчыма. Але атрымаць уяўленне пра тое, хто са спрадвечных чатырохногіх, крылатых і падводных насельнікаў Прыпяцкага Палесся жыве па суседстве з чалавекам, можна, нават не пакідаючы тэрыторыю аграгарадка Ляскавічы. Дзеля гэтага варта наведаць Музей прыроды і пазнаёміцца з Прыпяцкім Палессем у мініяцюры — можна самастойна, а лепш у кампаніі экскурсавода (тым больш кошт экскурсіі па сённяшнім часе — чыста сімвалічны, параўнальны з цаной пачка чыпсаў!). У тым ліку і дзякуючы гэтаму фактару музей карыстаецца вялікай папулярнасцю — толькі ў бягучым годзе яго наведалі ўжо каля 20 тысяч чалавек.

Гэты турыстычны аб'ект вельмі малады: памяшканне было ўзведзена ў 2010 годзе, а ўрачыстае адкрыццё Музея прыроды адбылося 25 жніўня 2012 года, на другім фестывалі «Покліч Палесся». Тады, як узгадваюць дзяўчаты-экскурсаводы, быў нечакана вялікі наплыў наведнікаў, і ім давялося прайсці сапраўдную «баявую загартоўку». Затое цяпер, здаецца, іх хоць пасярод ночы разбудзі — правядуць экскурсію з заплюшчанымі вачыма і нідзе не саб'юцца і не запнуцца.

— Музей прыроды нацыянальнага парку складаецца з 6 асноўных зал, дзе размяшчаюцца пастаянныя экспазіцыі, і адной, у якой можна праводзіць кароткатэрміновыя выставы, — расказвае выканаўца абавязкаў загадчыцы Музея прыроды Вольга Фёдараўна Пашук.

Карысную інфармацыю можна атрымаць ужо пры ўваходзе ў музей — проста ў вестыбюлі месціцца археалагічная даведка па тэрыторыі нацыянальнага парку, паказана Тураўская свідравіна ў разрэзе, Муравінскае міжледавікоўе (яго рэльеф можна ўбачыць падчас рачной прагулкі на параходзе). Таксама з першых крокаў можна ажыццявіць «падарожжа» па рэчышчы Прыпяці і яе асноўных буйных прытокаў (забягаючы наперад, прыадкрыем яшчэ адзін сакрэт: на самым верхнім паверсе музея, напрыканцы экспазіцыі, кожны ахвотны можа, не сыходзячы з падлогі, яшчэ і «праплыць з варагаў у грэкі», праз Тураў, Смаленск, Чарнігаў і Кіеў, ад Чорнага да Балтыйскага мора...).

Пераходзячы з залы ў залу, наведнікі знаёмяцца найперш з археалагічнымі згадкамі пра Прыпяцкае Палессе. Дарэчы, спецыяльна для Музея прыроды Нацыянальная акадэмія навук Беларусі перадала ў дар частку калекцыі знаходак, зробленых у 1985 годзе экспедыцыяй Валянціны Вяргей падчас раскопак на тэрыторыі парку, у вёсках Снядзін і Мардвін. У зале гісторыі можна даведацца, у склад якіх дзяржаў уваходзіла тэрыторыя нацыянальнага парку, пачынаючы з Тураўскага княства да цяперашняга часу. А далей... далей пачынаецца самае цікавае. Набірайце поўныя грудзі паветра і — паглыбляйцеся ў прыроду Палесся, толькі без рызыкі заблукаць у лесе.

У супрацоўніцтве са спецыялістамі Мінскага мастацкага камбіната і прыватнымі майстрамі з Магілёва ўдалося стварыць поўнае адчуванне прыпяцкіх краявідаў, пойменных і сухадольных дуброў, балот, затокаў... І, самае галоўнае, — прадстаўнікоў багатага жывёльнага і расліннага свету Палесся. А ў адмысловым макеце дна старыцы (старога рэчышча Прыпяці), бы ў акварыуме, «плывуць» разнастайныя рыбіны, радуючы вока заўзятых рыбакоў.

Заўважаем, што іншыя наведнікі музея міжволі пачынаюць размаўляць цішэй — ілюзія прысутнасці жывых казуль і ланяў, рысі, баброў, дзікоў, якія пільна сочаць за турыстамі з кустоўя, настолькі поўная, што здаецца: толькі неасцярожна паварушыся — і ўся гэта звярыная суполка з тупатам кінецца ўрассыпную.

«Дзеці, напэўна, у захапленні ад гэтай залы, — заўважаю я. — І не толькі дзеці, — дадае Вольга Пашук. — Летась да нас прыязджалі немцы з Франкфурта, у іх там ёсць добры музей прыроды, але сцвярджалі, што наш лепшы».

На наступным паверсе наведнікі як быццам трапляюць у дэкарацыі да гістарычных фільмаў — тут з дакладнасцю да дробязяў прадстаўлены традыцыйныя рамёствы і заняткі палешукоў канца ХІХ стагоддзя: пчалярства (у тым ліку яго архаічная разнавіднасць, у якой выкарыстоўвалі вуллі лясных пчол — борці, змешчаныя ў дуплах дрэў, і атрымлівалі асабліва духмяны мёд), кавальская справа, рыбацкі промысел, пляценне з лазы, ганчарства (цэнтрам гэтага рамяства на Палессі была вёска Гарадная ў Столінскім раёне: напрыканцы ХІХ стагоддзя тут пражывалі 300 вопытных ганчароў)... Кросны, млын-вятрак, кавадла — усе гэтыя неад'емныя часткі сялянскага побыту нібыта распавядаюць кожны сваю гісторыю. Яшчэ крыху вышэй можна завітаць «у госці» да палешукоў — на падворак ці ў хату, ацаніць нацыянальныя строі і тыповае ўбранне дома і, магчыма, узгадаць даўнейшыя паездкі да вясковых сваякоў ці сяброў.

IMG_3308

Пасля апошняга вітка экскурсіі турысты прыходзяць да сувенірнай крамы, дзе найчасцей набываюць падкоўкі на шчасце, вышываныя тканыя ручнікі і стылізаваныя слуцкія паясы, разнастайныя кубкі, інтэр'ерныя карціны і іншыя забаўныя і адначасова прыдатныя для выкарыстання ў паўсядзённым жыцці рэчы. Плюс да гэтага, безумоўна, застаюцца яскравыя ўражанні (колькі хапае аб'ёму памяці ў фотаапаратах) і ўспаміны, каштоўнасць якіх пачынаеш цаніць толькі з часам...

— У бліжэйшай перспектыве, — расказвае генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза, — узвядзенне другой часткі Музея прыроды і побыту — на пляцоўцы пад адкрытым небам. Цяпер распрацоўваецца адпаведны архітэктурны праект, а само будаўніцтва, паводле папярэдніх разлікаў, будзе завершана за 2-3 гады. Ёсць некалькі варыянтаў таго, што хацелася б размясціць у гэтай экспазіцыі, але адназначна будзе паляшуцкі падворак, будуць млыны — вадзяны і вятрак, магчыма, размесцім стылізаваныя пад мястэчка XVІІ стагоддзя сувенірныя крамы, якія змаглі б рэалізоўваць вырабы нашых рамеснікаў і народных майстроў, яшчэ сёе-тое. Паўтараць ужо існуючыя музеі народнай архітэктуры ў Дудутках, у Строчыцах, безумоўна, не будзем, хочацца знайсці сваю адметнасць, якая і турыстаў зможа прывабіць, і будзе адпавядаць гістарычнай праўдзе.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.