Транзіт да суседзяў пракантралюе наша краіна
Расія забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю шэрагу тавараў з Еўрасаюза, і наша дзяржава, як партнёр па Мытным саюзе, прыняла на сябе пэўныя абавязацельствы. У асноўным яны заключаюцца ў тым, што Беларусь абязуецца кантраляваць транзіт праз нашу тэрыторыю. Ігар НАЗАРУК, дырэктар Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў, патлумачыў журналістам некаторыя спрэчныя пытанні па гэтай тэме.
— Меры, якія Расійская Федэрацыя прыняла ў якасці абмежавальных, — гэта адказ на тыя забароны і абмежаванні, якія прыменены да яе з боку шэрагу заходніх і іншых краін. Заўважу, што ў рамках Мытнага саюза ў Рэспублікі Беларусь ёсць пэўныя абавязацельствы. І калі адзін з нашых партнёраў па «тройцы» ўводзіць абмежавальныя меры, якія закранаюць знешні гандаль, то, згодна з пагадненнем дзяржаў — членаў Мытнага саюза, заключаным у 2009 годзе, мы адпаведным чынам рэагуем.
Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым Беларусь павінна прыняць меры, якія не дазволяць паступіць пэўным таварам на рынак Расійскай Федэрацыі.
— Калі кажуць, што, маўляў, праз нашу краіну здзяйсняюцца нелегальныя пастаўкі і Беларусь спрыяе гэтаму, то хацелася б рашуча адзначыць наступнае: у нас ёсць міжнародныя абавязацельствы і мы ні ў якім разе не будзем гэтым займацца. Што да нелегальных паставак, то само слова «нелегальныя» кажа пра тое, што яны — элемент камерцыйнага махлярства. Пранікненне так званых «санкцыйных тавараў» на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі не дапускаецца.
Адказваючы на пытанні журналістаў, ці стануць больш ліберальнымі ўмовы доступу на беларускі рынак сыравіны з краін Еўрасаюза (у сувязі з тым, што вырабленыя на нашай тэрыторыі прадукты з яе можна пастаўляць у Расію), дыпламат звярнуўся да праблемы харчовай бяспекі.
— Я прасіў бы не ўвязваць санкцыі з харчовай бяспекай, якая мае на ўвазе ветэрынарны і фітасанітарны кантроль. Ні для каго ні сакрэт, што ў свеце «бушуе» шэраг вельмі сур'ёзных захворванняў жывёл, мяса якіх чалавек ужывае. У сувязі з гэтым нашы ветэрынары дастаткова эфектыўна манітораць знешнюю сітуацыю. Гэта робіцца па той прычыне, што мы, з'яўляючыся краінай з адкрытай эканомікай, дзе высокая доля менавіта імпартнай сыравіны, вельмі ўважліва ставіліся да таго, з якіх рэгіёнаў будзе пастаўляцца гэта сыравіна, жывёлы. Апошнія завозяцца і як узоры новых парод, і для падтрымання статка — тут могуць быць розныя варыянты. Не трэба разглядаць толькі так, што да нас арганізавана пастаўка жывёл толькі для вытворчасці мяса, хоць гэта таксама не выключаецца.
У Беларусі ёсць шмат магчымасцяў для таго, каб сюды прыйшлі інвестары і пачалі на нашай тэрыторыі вырабляць нейкія тавары. Ці былі ўжо нейкія звароты ад сусветных вытворцаў харчавання з таго часу, як Расія ўвяла санкцыі?
— Яшчэ ў 2011–2012 гг. мы пачалі прапрацоўваць пагадненне аб свабодным гандлі з Новай Зеландыяй. Гэта краіна з развітым аграрным сектарам, і калі мы прааналізавалі, то, натуральна, ад такога пагаднення большую карысць атрымлівала б Новая Зеландыя. Там круглы год добрыя ўмовы, нізкай тэмпературы не бывае, а ў нас, на жаль, зімой бывае і да мінус 35. Дык вось ужо тады мы прапрацоўвалі не проста доступ сюды малочнай і жывёлагадоўчай прадукцыі, а стварэнне сумесных кааперацыйных праектаў. Таму я папрасіў бы не звязваць санкцыйныя з'явы з нашым кааперацыйным супрацоўніцтвам з іншымі краінамі. Мы заўсёды прапаноўвалі тым або іншым інвестарам рэалізоўваць разам пэўныя праекты.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.