Беларусь была першай у свеце краінай, якая стварыла Музей Вялікай Айчыннай вайны. Учора ў Мінску адкрыўся яго новы будынак.
Адной з ключавых падзей святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала адкрыццё новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У цырымоніі адкрыцця, якая адбылася ўчора, прынялі ўдзел Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
ска «Мінск — горад-герой», дзе яго вітаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Затым прэзідэнты разам падняліся па лесвіцы да абеліска і ўсклалі да яго падножжа букеты кветак.
У музеі лідары дзвюх краін азнаёміліся з экспазіцыяй, пагутарылі з ветэранамі.
У выступленні на цырымоніі адкрыцця новага будынка музея Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі высока цэняць факт прысутнасці Прэзідэнта Расіі — кіраўніка братняй дзяржавы, самага бліжэйшага і надзейнага саюзніка — на гэтым памятным мерапрыемстве. «Менавіта разам з вялікай Расіяй, з братнім рускім народам мы здабылі тую цяжкую, але вельмі патрэбную Вялікую Перамогу. Сімвалічна, што мы адкрываем гэты святы храм памяці разам. Гэта была наша агульная вайна. Гэта была наша агульная перамога, і такой яна застанецца навечна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Нягледзячы на акупацыю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, беларусы засталіся непакораным народам, заявіў Прэзідэнт Беларусі. «Галоўны ўдар гітлераўцаў прыйшоўся на Маскву праз нашу Беларусь. Бясстрашныя абаронцы Брэсцкай крэпасці і Магілёва, героі Мінскага падполля і беларускія партызаны — усе яны разумелі сваю праўду ў барацьбе з агрэсарам і мужна змагаліся, не шкадуючы ўласнага жыцця».
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі народ заплаціў за Перамогу самую высокую цану: «Кожны трэці загінулы жыхар Беларусі, сотні тысяч вязняў канцлагераў, тысячы разбураных гарадоў і спаленых вёсак — такая страшная цана нашай свабоды».
«Мы глыбока шануем агульны летапіс гераізму і подзвігаў савецкага народа. Ганарымся тым, што беларусы плячом да пляча з рускімі, украінцамі, азербайджанцамі, армянамі, казахамі і іншымі народамі СССР адстаялі Маскву, абаранялі Ленінград, удзельнічалі ў Сталінградскай бітве, на Курскай дузе і ў стратэгічнай аперацыі «Баграціён», якая вызваліла Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неўміручыя словы князя Аляксандра Неўскага «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе» з'яўляюцца ключом да разумення вытокаў Вялікай Перамогі ў бітве з фашысцкімі захопнікамі, удзел у якой прымалі ўсе народы Савецкага Саюза.
«Менавіта паражэнне гітлераўцаў на Усходнім фронце вызначыла зыход Другой сусветнай вайны, а затым і ўсё пасляваеннае светаўладкаванне. І гэта праўда! Здавалася б, заходнія дзяржавы павінны шанаваць унёсак нашых народаў у Вялікую Перамогу, аднак замест удзячнасці ад іх мы бачым пагардлівы дыктат і санкцыі. І гэта, на жаль, таксама праўда!» — адзначыў беларускі лідар.
«Сапраўдную пагарду ў нашых людзей выклікае адкрытая хлусня пра вайну, калі розныя псеўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — вызваліцелямі, калі яны бессаромна перакройваюць гісторыю пад канкрэтны палітычны заказ і спрабуюць скрасці ў нашага народа Вялікую Перамогу. Такім марадзёрам мы давалі і будзем даваць рашучы адпор, адстойваючы гэты найважнейшы гістарычны здабытак. І ў гэтай вайне супраць марадзёраў мы таксама будзем разам», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь заўсёды была супраць скажэння праўды пра вайну і стала першай у свеце краінай, якая стварыла Музей Вялікай Айчыннай вайны. Рашэнне аб яго стварэнні было прынята ў адзін з самых цяжкіх перыядаў вайны, калі Беларусь знаходзілася пад акупацыяй. «Якой жа моцнай і непахіснай была вера людзей у перамогу праўды і дабра!» — заў-
важыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падзякаваў архітэктараў, будаўнікоў, супрацоўнікаў музея і ўсіх тых, хто прымаў удзел у стварэнні гэтага храма народнай памяці. «Яго адказная місія — данесці будучым пакаленням усю праўду пра вайну», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адрасаваў цёплыя словы падзякі ветэранам за вялікі подзвіг. «Мы зробім усё магчымае, каб новыя пакаленні ніколі не забыліся аб сапраўдных героях Вялікай Айчыннай вайны», — запэўніў беларускі лідар.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны паказаў прыклад самаахвярнасці і шчырай любові да Радзімы. «Мы схіляемся перад мужнасцю і воляй беларускага народа», — падкрэсліў расійскі Прэзідэнт.
Уладзімір Пуцін павіншаваў ветэранаў, працаўнікоў тылу і «ўвесь братэрскі беларускі народ» з 70-годдзем вызвалення ад гітлераўскай акупацыі і Днём Незалежнасці. Ён таксама адзначыў, што Беларусь перажыла цяжкую акупацыю, зведала ўсе жахі вайны, жорсткасць нацызму. «Мы памятаем трагедыю Хатыні, іншых беларускіх вёсак, спаленых разам з жыхарамі», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі нагадаў, што больш за 1,3 млн ураджэнцаў Беларусі змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а звыш 400 — сталі Героямі Савецкага Саюза. Акрамя таго, вялася барацьба ў тыле ворага. «Партызанскі рух Беларусі, у якім змагаліся людзі розных нацыянальнасцяў, стаў сімвалам народнага гераізму», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін, нагадаўшы, што менавіта ў гэтыя дні 70 гадоў таму партызаны прымалі ўдзел разам з савецкімі войскамі ў легендарнай аперацыі «Баграціён».
«Гэтая пераможная бітва — адна з найбуйнейшых у гісторыі Другой сусветнай вайны. Яна прадэманстравала талент палкаводцаў, мужнасць салдат і афіцэраў. Увесь свет убачыў, што такую армію — нашу армію — перамагчы нельга», — сказаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. «Бліжэй стала перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, наша агульная перамога, за якую народы Савецкага Саюза заплацілі вялікую цану», — дадаў расійскі лідар.
Ён адзначыў, што менавіта таму так беражліва захоўваецца памяць пра тыя падзеі. Уладзімір Пуцін пазітыўна ацаніў факт адкрыцця новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску: «Гэта сапраўдны помнік несмяротнаму подзвігу нашых продкаў і нашых суайчыннікаў, усім, хто змагаўся з фашызмам». Ён таксама адзначыў, што экспазіцыі музея будуць спрыяць выхаванню падрастаючага пакалення, якое павінна раўняцца на сапраўдных герояў, якія абаранілі сваю Радзіму і адстаялі свабоду. «Вельмі важна выхоўваць у моладзі катэгарычнае непрыманне саміх ідэй нацызму, каб ён больш нідзе і ніколі не падняў галаву», — асобна адзначыў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін нагадаў, што ў будучым годзе будзе адзначацца 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Беларусь у якасці старшыні СНД уносіць вялікі ўклад у падрыхтоўку да юбілейных мерапрыемстваў на прасторы Садружнасці. Будзем і далей цесна каардынаваць планы па арганізацыі ўрачыстасцяў з беларускімі сябрамі. Нашы бацькі і дзяды перамаглі, таму што былі разам», — сказаў расійскі Прэзідэнт.
Таксама ён адзначыў, што Расія і Беларусь працягнуць умацоўваць добрасуседскія сувязі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Больш за тое, новыя вялікія магчымасці для паглыблення ўзаемаадносін дае дагавор аб ЕАЭС.
«Перакананы, стабільнасць і росквіт нашых краін, адзінства народаў Расіі і Беларусі — менавіта тое, за што змагаліся і пра што марылі героі Вялікай Айчыннай вайны. Няхай слаўныя традыцыі братэрства, узаемадапамогі, адзінства будуць і далей служыць надзейнай асновай для развіцця расійска-беларускіх сувязяў і саюзных адносін», — рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей музея. «Экспазіцыя нікога не можа пакінуць абыякавым. Яна распавядае пра герояў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы, пра неўміручы подзвіг воінаў, партызан, працаўнікоў тылу. Ад усёй душы дзякую калектыву музея за вашу вельмі патрэбную і карысную працу», — гаворыцца ў запісе. Прэзідэнт Расіі паднёс у дар музею перыёдыку, прысвечаную вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей, у якім падкрэсліваецца, што адкрыццё абноўленага музея з'яўляецца знакам падзякі і павагі да герояў Вялікай Перамогі.
Падчас адкрыцця новага будынка музея ў прысутнасці Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі таксама адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы памятнага мяча «Гораду-герою Мінску» з серыі падарункавай зброі «Меч Перамогі». Меч «Гораду-герою Мінску» выраблены аўтарскім калектывам Златаустаўскай зброевай кампаніі. Формай і зместам гэта падарункавая зброя сімвалізуе нязломны дух, згуртаванасць і гераізм савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Плануецца, што меч зойме пачэснае месца ў экспазіцыі музея.
-------
У ходзе сустрэчы двух прэзідэнтаў у Мінску Аляксандр Лукашэнка назваў прыезд Уладзіміра Пуціна ў Беларусь у гэтыя святочныя дні сімвалічным. «Гэта сімвалізуе наша адзінства, сведчыць пра тое, што мы як былі тады разам, так і заўсёды будзем разам, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Мы вельмі цэнім ваш прыезд у гэтыя святочныя дні. Няхай і цяжкія былі часы, але ўсё-такі перамога пасля ўсіх цяжкасцяў была жаданая і агульная».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за прыезд, а таксама за дапамогу і падтрымку, якія аказваюцца краіне і эканоміцы. «Мы гэта памятаем, і паверце, што паволі і Расія, і Беларусь з сусветнага крызісу выходзяць. Мы станем на ногі і, упэўнены, эканамічна будзем яшчэ мацнейшымі», — падкрэсліў беларускі лідар.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы і ўвесь беларускі народ з
70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Мы ўжо сёння ўспаміналі аб тых неверагодных ахвярах, якія прынёс на алтар перамогі беларускі народ, як шмат было зроблена пасля Вялікай Айчыннай вайны для аднаўлення рэспублікі і такога светлага, прыгожага горада Мінска», — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Гаворачы аб двухбаковым супрацоўніцтве, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што краіны будуць і далей аб'ядноўваць свае намаганні. «Нашы сумесныя намаганні па інтэграцыі ў эканамічнай сферы, безумоўна, прыносяць і прынясуць свой плён у яшчэ большым памеры, і мы не толькі павялічым аб'ёмы нашай эканомікі, але і яе якасць», — адзначыў Уладзімір Пуцін. Ён звярнуў увагу на тое, што зусім хутка пачне дзейнічаць Еўразійскі эканамічны саюз. «Без усякага сумневу, гэта будзе яшчэ адным крокам наперад у аб'яднанні намаганняў нашых народаў, нашых дзяржаў на базе ўсяго таго станоўчага, што дасталася нам з ранейшых часоў і што было зроблена рукамі і паліта, прама скажам, крывёю, калі мець на ўвазе ваенны час, нашых продкаў, бацькоў і дзядоў», — сказаў Прэзідэнт Расіі.
Паводле БЕЛТА.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?