Падчас святкавання Дня роднай мовы ў Магілёве пройдзе «салодкая» акцыя
Яе збіраюцца правесці прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імя Скарыны сумесна з кампаніяй «Цукеркі-бай». 21 лютага валанцёры выйдуць на пешаходную Ленінскую вуліцу, каб павіншаваць магіляўчан са святам і пачаставаць іх ласункамі. Але, каб атрымаць салодкі прыз, прахожыя павінны будуць запісаць у нататнік слова па-беларуску.
А ў суботу ўсіх, хто цікавіцца роднай мовай, запросяць у Палац культуры вобласці на традыцыйную дыктоўку, якая ў гэтым годзе будзе прысвечана твору нашага земляка Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». Тэма выбрана невыпадкова, паколькі сёлета спаўняецца 100 гадоў з яе пачатку, а Максім Гарэцкі быў яе ўдзельнікам. Гасцей мерапрыемства таксама чакаюць выпрабаванні ў пяцібор'і па беларускай літаратуры і мове, матэматыцы, гісторыі і прыродазнаўстве, якое правядзе выкладчык матэматыкі Міхась Булавацкі. (Як ён адзначае, калі нехта з яго падапечных падчас рэпетытарства бярэцца вывучаць матэматыку на беларускай мове, ён нават робіць зніжкі.)
Запланаваны і канцэрт з удзелам калектываў установы, а таксама магілёўскіх пісьменнікаў і паэтаў, сярод якіх — 86-гадовы пісьменнік Віктар Арцем'еў, сябар вядомага паэта з Магілёўшчыны Аляксея Пысіна.
Для дзяцей таксама прадугледжаны карысныя забавы. На гэты раз, напрыклад, яны атрымаюць цікавыя кніжкі-размалёўкі. Як адзначыў старшыня магілёўскага гарадскога аддзялення ТБМ Алег Дзьячкоў, які працуе экскурсаводам, вывучаць родную мову лягчэй за ўсё не прымусова, а ненадакучліва, у лёгкай форме. Калі пра гістарычныя мясціны распавядаеш па-беларуску, людзі непрыкметна для сябе пачынаюць задаваць пытанні на сваёй мове. Вялікую цікавасць выклікаюць таксама сустрэчы з беларускамоўнымі пісьменнікамі і гісторыкамі, якія ладзіць таварыства.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Што за таемнымі дзвярыма?