Днямі ўдзельнікі праекта «Інстытут трэцяга ўзросту» адсвяткавалі свой выпускны. Студэнты паспяхова здалі экзамен і сабраліся ў Доме Масквы, каб атрымаць дыпломы.
Ідэя, якая ўзнікла ў выглядзе стварэння камп'ютарнага клуба для пенсіянераў, перарасла ў вялікі праект «Сеціву ўсе ўзросты пакорныя», які быў падтрыманы кампаніяй «МТС» і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Удзел у ім узялі 300 пенсіянераў. Заняткі праходзілі на базе тэрытарыяльных цэнтраў Першамайскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы.
«Цяпер пажылыя людзі без страху гавораць cлова «account», тым самым даказваючы, што могуць размаўляць з моладдзю на адной мове, — адзначыла Таццяна Пранько, выканаўца абавязкаў каардынатара праграм ЮНФПА. — Праз інтэрнэт людзі сталага веку без праблем могуць заказаць талон да доктара, паглядзець расклад транспарту, паразмаўляць з роднымі праз Skype, спампаваць любімую музыку».
«Калі я пайшоў на гэтыя курсы, то думаў, што буду там самым адсталым, але ўсё склалася далёка не так! — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад вучобы студэнт-актывіст Мікалай Мікалаевіч Маркевіч. — Увогуле я зразумеў, што камп'ютар і інтэрнэт прымушаюць чалавека думаць і дзейнічаць. Але не трэба «кляваць» на рэкламу!» Такое папярэджанне моладзі выказаў былы 83-гадовы інжынер. Між іншым, сярэдні ўзрост слухачоў праекта склаў 67 гадоў, а самаму старэйшаму выпускніку — 87 гадоў!
Увогуле праект быў прызнаны паспяховым. Адзіны недахоп, адзначаны арганізатарамі і валанцёрамі, заключаўся ў тым, што пры фарміраванні груп не былі ўлічаны рознаўзроўневыя веды студэнтаў. У будучыні плануецца ствараць асобныя групы з тымі пенсіянерамі, якія будуць вывучаць камп'ютар з нуля, і з тымі, хто ўжо нешта ўмее.
Выпускны баль людзей «залатога веку» мала чым адрозніваўся ад студэнцкага: вялікая зала, накрытыя сталы і святочнае адзенне на галоўных віноўніках свята. На мерапрыемстве падводзіліся вынікі чатырохмесячнай работы, узгадваліся першыя крокі студэнтаў у навучанні. На відэа, што было прапанавана ўвазе гледачоў, выпускнікі з задавальненнем пазнавалі сябе і сваіх аднагрупнікаў. А перад атрыманнем дыпломаў студэнты-пенсіянеры праз Skype звязаліся з такімі ж студэнтамі з расійскага Обнінска і атрымалі ад іх віншаванні. Дыпломы ўсім выпускнікам выдалі чырвоныя.
Ужо з 24 лютага на факультэт будзе праводзіцца другі набор студэнтаў. Таццяна Пранько расказала, што прынята ўжо 100 заяў ад валанцёраў, а ў студэнты плануецца залічыць каля 500 пенсіянераў.
Ці плакалі студэнты, калі чакалі хуткага расстання? Не, не плакалі, бо цяпер сярод валанцёраў будзе не толькі моладзь, але і былыя слухачы курса. Выпускнікі выступілі з прапановай навучаць камп'ютарнай грамаце сваіх знаёмых, якія па нейкіх прычынах не змогуць наведваць заняткі ў цэнтрах. Мікалай Маркевіч выказаўся ад імя ўсіх выпускнікоў: «Мы будзем прыходзіць на дом і знаёміць з камп'ютарам тых, хто сёння сядзіць на лавачцы».
Вікторыя ЧАПЛЕВА.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.