Вы тут

«Дынама» пусцiла «Трактар» пад адхон


Форвард «зуброў» Аляксандр Кiтараў (на фота) стаў сапраўдным героем апошняга матча хатняй серыi. Не, у вароты чалябiнскага «Трактара» таксама забiлi Джэф Плат, Iлья Казнадзей i Яўген Нагачоў (вынiковы лiк — 4:2). Але менавiта атаку Кiта (мянушка Аляксандра Кiтарава. — Аўт.) заўзятары бела-сiнiх палiчылi сапраўднай феерыяй. Гол прыгожы, няма спрэчкi, але справа нават не ў гэтым. Фанаты «Дынама» жартуюць: пад кiраўнiцтвам Покавiча нават Кiтараў пачаў забiваць! Цэнтравы гулец нарэшце ўспомнiў, на якой пазiцыi гуляе, — цi гэта не падстава для асаблiвай радасцi?

1385789872640_30-34

Жарты жартамi, але паказальна iншае. Сапраўды здзiўляцца трэба таму, што карысць камандзе пачалi прыносiць не толькi вопытныя спартсмены, але i ўчарашнiя юнiёры, якiя свае першыя крокi ў дарослым хакеi рабiлi ў беларускай экстра-лiзе. Бо смак перамог на зусiм iншым узроўнi — гэта моцны каталiзатар, якi можа запрацаваць на перспектыву (самы час узгадаць, што нацыянальная зборная на хатнi чэмпiянат свету яшчэ не сфармiравана).

I, безумоўна, гэта заслуга Любамiра Покавiча, якi не прымушае «малады дэсант» чакаць, сядзець на лаўцы, а выпускае на лёд — гуляць, забiваць... набiваць гузакi. Птушанятам, выкiнутым з гнязда, трэба вучыцца лятаць. А да з'яўлення на пасадзе глаўкама славацкага спецыялiста «птушанятам», здаецца, любiлi нагадваць, што iх час яшчэ не прыйшоў i ўвогуле — не заслужылi. Хiба дзве шайбы ў вароты «трактарыстаў», запiсаныя на рахунак Казнадзея i Нагачова, маладых навабранцаў «зуброў», гэта не абвяргаюць? Покавiч ведае, што робiць, бо вопыт заўжды павiнен падсiлкоўвацца маладосцю, i наадварот. Дарэчы, новы кантракт з 36-гадовым абаронцам са Славакii Рыхардам Лiнтнерам — лiшняе гэтаму пацвярджэнне.

Наперадзе ў «Дынама» цяжкiя матчы на выездзе. Спадзявацца на працяг казачнай серыi вельмi складана. Няхай будучых сапернiкаў нельга назваць непераможнымi («Адмiрал», «Металург», «Амур» знаходзяцца ў нiжняй палове таблiцы ўсходняй канферэнцыi; «Сiбiр» — на 6-м месцы. — Аўт.), тым не менш пералёты, сыход з каманды трэнера варатароў Пятра Яраша, эмацыянальнае «выгаранне» хакеiстаў пасля чаргi перамог — усё гэта можа адбiцца на вынiках, якiя ўсе так чакаюць. Мiж iншым, Любамiр Покавiч кажа, што гатовы сустрэць сваё першае паражэнне на пасадзе настаўнiка «зуброў». «Мне ўжо 53 гады, я даўно ў хакеi, i пройгрышы ўспрымаю адэкватна. Гэта ж спорт». Хтосьцi скажа: «Упаднiцкi настрой!». а мне здаецца — рэалiзм, супакоенасць i... упэўненасць у сваiх падапечных. Упэўненасць у тым, што нiякае паражэнне не зможа зламаць каманду.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.