Вы тут

Як «падсілкаваць» народаўладдзе


Што чакаюць людзі ад Саветаў мясцовых дэпутатаў?

Як павысіць іх статус у грамадстве? Менавіта гэтыя пытанні абмеркавалі старшыні гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённых Саветаў дэпутатаў на сустрэчы ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— У краіне вельмі своечасова і правільна пастаўлена пытанне аб узмацненні ролі мясцовых Саветаў, паколькі гэтай вясной адбудуцца выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы, — нагадала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч. — Трэба паклапаціцца аб тым, каб у іх прыйшлі дастойныя прадстаўнікі, і, бясспрэчна, варта выкарыстаць той вопыт, традыцыі, якія ўжо напрацаваны. Праблема народаўладдзя, па сутнасці, самая актуальная: толькі самі людзі могуць беспамылкова вызначыць і абраць сваіх дэпутатаў. Менавіта яны лепш за ўсіх ведаюць дзелавыя і маральныя якасці тых, хто жыве побач, іх здольнасці вырашаць злабадзённыя пытанні жыццезабеспячэння мясцовых тэрыторый.

За апошнія пяць гадоў мясцовыя Саветы значна ўмацавалі сваю матэрыяльную базу. Яны размяшчаюцца ў добрых адміністрацыйных будынках, маюць неабходную аргтэхніку, камп'ютары. Праўда, ёсць яшчэ пытанні з транспартам, заменай парку старых аўтамабіляў, якія трэба вырашаць на ўзроўні абласцей. У краіне 288 сельсаветаў не датуюцца з дзяржбюджэту. Толькі ў адным Мінскім раёне іх 20. Як правіла, яны размешчаны каля буйных гарадоў, прамысловых цэнтраў і папаўняюць бюджэт за кошт продажу зямлі і маёмасці на аўкцыёнах. Але сёння існуе тэндэнцыя, што і ў глыбінцы навучыліся зарабляць: усё больш ахвотных сярод грамадзян набыць домік на беразе рэчкі ці возера далей ад бойкіх дарог.

Разам з тым, Саветы пярвічнага ўзроўню павінны стаць больш фінансава самастойнымі і плацежаздольнымі. Заканадаўчая база прадастаўляе дэпутатам мясцовых Саветаў вялікія магчымасці для эфектыўнай дзейнасці, але рэалізаваць свае паўнамоцтвы не заўсёды ўдаецца менавіта з-за недахопу сродкаў. Канкрэтныя прапановы па пытаннях папаўнення бюджэту на днях былі абмеркаваны на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі з удзелам старшынь абласных, раённых, сельскіх Саветаў дэпутатаў.

— Адна з крыніц заробку — камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы пры сельскіх Саветах. Яны аказваюць насельніцтву паслугі ў вядзенні падсобнай гаспадаркі, апрацоўцы зямельных участкаў, нарыхтоўцы дроў, вывазе смецця і вырашэнні шматлікіх гаспадарчых пытанняў. Мы прапаноўваем, каб падатак на прыбытак ад іх дзейнасці, што ідзе ў раённы бюджэт, заставаўся ў бюджэце сельсавета, — увяла ў курс справы прысутных Святлана Герасімовіч. — Грошы, вядома, невялікія, але для мясцовых Саветаў пярвічнага ўзроўню — гэта дадатковы артыкул для развіцця канкрэтных тэрыторый, зацікаўленасць у тым, каб самім зарабіць больш грошай і імі распараджацца ў рамках сваіх паўнамоцтваў.

Яшчэ адным крокам да фінансавай самастойнасці сельсаветаў можа стаць магчымасць выкарыстоўваць сродкі ад продажу зямельных участкаў і маёмасці на аўкцыёнах. Яны маглі б ісці на добраўпарадкаванне тэрыторый, пракладку дарог і праездаў, наладжванне асвятлення, аўтастаянак, дзіцячых і спартыўных пляцовак, устаноўку малых архітэктурных формаў і іншае. Сёння гэтыя сродкі дазволена накіроўваць толькі на інфраструктуру жылля, якое будуецца нанова. Таму пакуль што сельскія Саветы не зацікаўлены ў правядзенні аўкцыёнаў, паколькі не могуць распараджацца выручкай.

Бясспрэчна, не лішняй у гэтай справе была б і спонсарская дапамога, якая сёння пастаўлена ў жорсткія рамкі. Пасля ўзбуйнення сельсаветаў на тэрыторыі кожнага з іх працуюць адна — дзве сельскагаспадарчыя арганізацыі, прыватны бізнес, прамысловыя прадпрыемствы, інвестары. Нядрэнна, каб кіраўнікам гэтых структураў дазволілі на заканадаўчым узроўні аказваць мясцовым Саветам і выканаўчым камітэтам бязвыплатную спонсарскую і грашовую дапамогу, якія б пайшлі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў адпаведнай адміністрацыйнай тэрытарыяльнай адзінкі. Аднак, згодна з дзейным заканадаўствам спонсарскую дапамогу нельга выкарыстоўваць на добраўпарадкаванне, а толькі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Павышэнню статусу дэпутата пярвічнага ўзроўню спрыяў бы і адзін свабодны дзень штомесяц з захаваннем заробку на асноўным месцы работы. Гэта дало б магчымасць больш цесна працаваць з выбаршчыкамі, дайсці, так бы мовіць, да кожнай вёскі, якіх у акрузе народнага выбранніка часта некалькі. Таксама ўдзельнікі сустрэчы падтрымалі ініцыятыву аб тым, каб сельскія Саветы, іх старшыні мелі магчымасць нароўні з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны вызначаць грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Бывае, што бацька «малазабяспечанай» сям'і працуе ў Расіі, зарабляе вялікія грошы, а тым часам сям'я карыстаецца дзяржаўнай падтрымкай. Старыя, адзінокія, якія рэальна маюць патрэбу ў падтрымцы, саромеюцца пра гэта прасіць. А работнікі сельвыканкамаў бачаць і добра ведаюць, як жывуць землякі, якая падтрымка трэба кожнаму канкрэтнаму чалавеку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Загаловак у газеце: Як «падсілкаваць» народаўладдзе, або Яшчэ раз пра статус дэпутатаў мясцовых Саветаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.