Вы тут

Беларуская рулетка


Вочы. Паглядзіце ў яго вочы: яны прагнуць выйгрышу. Яны не заўважаюць, якую па ліку купюру з'ядае прыёмнік ігральнага стала, — думкі толькі пра тое, што вось-вось павінна пашчасціць. Але рулетка сёння так проста «не здаецца». Пасля «смерці» каля 300 тысяч удача прамільгвае побач. Выйгрыш — 500 тысяч. З пераможным выглядам мужчына забірае грошы і ідзе... Не, не дадому. Да гульнёвых аўтаматаў. Пасля вандроўкі амаль па ўсіх «аднарукіх» гулец некуды знікае. А я назіраю далей...

Забарані сабе сам

Я памятаю, як год таму прадстаўнікі ігральнага бізнесу збіралі журналістаў на прэс-канферэнцыю. Распавялі пра тое, што яны займаюцца такім жа бізнесам, як і астатнія — проста прапануюць людзям магчымасць адпачынку, забавы. Асаблівы націск быў зроблены на тое, што цяпер кожны азартны гулец, калі сам пажадае, можа напісаць спецыяльную заяву ў любым казіно ці клубе з аўтаматамі, каб яго не пускалі ў такія ўстановы.

1379108387623_14-12

Яго пашпартныя звесткі трапляюць у спецыяльную базу — адзіную для ўсіх ігральных устаноў па ўсёй Беларусі. Гэтым ігральныя бізнесмены даказвалі сваю сацыяльную адказнасць. «Ідэя, вядома, неблагая, але ж хто сам сябе пагодзіцца абмяжоўваць?», — падумаў я тады. Час ішоў, і пастаянна з'яўлялася інфармацыя аб тым, што напісалі падобную заяву столькі чалавек, потым — столькі. Спрацавала? Можа быць. Каб праверыць гэта, я пайшоў у ігральны клуб сам.

Такіх не бяруць у круп'е

Шчыра кажучы, спачатку думаў, што паспрабую яшчэ прайсці адбор на працу круп'е, каб паглядзець, хто патрэбен для працы ў казіно. Але не склалася. У адным месцы ўжо скончылі набор, у другім патрэбны былі толькі дзяўчаты, а хлопцаў ужо хапала. У трэцім адказалі так, што ісці не хацелася. Хоць заробкі і прываблівалі: часцей за ўсё — ад 4 да 8 мільёнаў. Яшчэ больш натхнялі зместы аб'яў: нават падчас навучання выплачваецца стыпендыя (3 мільёны 600 тысяч), а пасля ўладкавання на працу гарантуецца «стабільная заработная плата, сума якой пералічваецца на картку два разы на месяц, + чаявыя». Не тое, каб я быў занудным, але год таму, калі памяць не падводзіць, пасля той самай прэс-канферэнцыі пачалі ў СМІ з'яўляцца тэксты пра тое, чым жывуць нашы казіно і ці лёгкі гэта бізнес, кшталту «адзін дзень з гаспадаром казіно». І вось тады актыўна прасоўвалася думка, што трымаць ігральную ўстанову ледзь не стратна — адзін дзень выйграе казіно, а ў другі можа амаль да банкруцтва даходзіць. Тады адкуль «стабільная» зарплата?

Прайграў 8 мільёнаў і шчаслівы

Пасля няўдачы з першым планам стаў рыхтавацца да візіту ў які-небудзь клуб гульнёвых аўтаматаў пад выглядам гульца. Спачатку вырашыў паглядзець, што пішуць пра клубы тыя, хто часта туды ходзіць. Сярод шматлікіх абмеркаванняў у інтэрнэце трапляліся вельмі цікавыя думкі.

«Казіно я абажаю. Гульнёвыя ж аўтаматы — дзірка яшчэ тая. Усё як у жыцці. Сёння ты выйграеш, а заўтра не. Прычым няма ніякай сістэмы ўвогуле. Рулетку не асабліва люблю, а вось карты...»

«Ці выгадная гэта справа? Калі выйгрыш складае 90%, то 10% заўсёды ідзе ўладальніку. Гульня з адмоўным матэматычным чаканнем на дыстанцыі заўсёды дае прыбытак. Усе гульні ў казіно — з адмоўным матэматычным чаканнем, таму не варта хвалявацца наконт даходаў».

Пасля некалькіх старонак падобных запісаў стала сумна. Але на іншым сайце, дзякуючы таму, што захаваліся запісы за апошні год, я змог параўнаць сітуацыю цяпер і год таму і заўважыць некаторыя цікавыя тэндэнцыі. Рэч у тым, што, скажам, у ліпені—верасні 2012 года можна сустрэць запісы кшталту: «Самая класная ўстанова! Ды ў Мінску асабліва і выбару няма. І скажу: буйныя выйгрышы былі толькі ў вас. Поспехаў вам!» ці «Зала ў... руліць! Велічэзная плошча, апараты аддаюць дастаткова класна...

Адным словам, гуляйце і выйгравайце!». І сустрэчу з «Ненавіджу вас усіх і вашу сетку! Вы ўсім нармальным людзям жыццё псуеце, а мужы па тыднях у вас прападаюць і грошы прайграюць!» можна было лічыць выключэннем. Праз год сітуацыя змянілася кардынальна. У асноўным можна ўбачыць такое: «Клуб рэальна папсаваўся... Хоць і гуляў у іх 3 гады. Сэрвіс дрэнны, апараты не гуляюць... Квітнее толькі непрыкрытае кленчанне персаналу. Пайшоў ад іх у іншыя клубы — добра, што іх шмат...» ці «...Але пасля Новага года — як закрыла. Народ перастаў хадзіць (магчыма, многія напісалі заявы), апараты не зараджаюцца, адпаведна і не гуляюць». Значыць, людзі і сапраўды сталі менш хадзіць. Але ж не ўсе пазбавіліся гэтай хваробы: «Прыйшоў з 8 мільёнамі — пайшоў з нулём. Рулетка ўвогуле жорсткая! Персанал супер. Атмасфера добрая, а вось апарацікі не даюць...» Зразумела, што персанал будзе «супер», калі ты там 8 мільёнаў пакідаеш.

Крок у цемру

Калі шчыра, то сам ісці трошкі пабойваўся. Быў у мяне аднойчы вопыт гульні ў рулетку. Але так, без грошай, на інтарэс. Далі мне пэўную колькасць фішак — гуляй. Я то выйграваў, то прайграваў. У выніку прайграў усё. І сам сябе злавіў на думцы: «Гулялі б зараз па-сапраўднаму, пайшоў бы і купіў яшчэ фішак, калі б грошы засталіся. І стаў бы адыгрывацца...» Вось і баяўся, што магу раптам сарвацца.

На разведку вырашыў зайсці ўдзень. Недалёка ад працы знайшоў клуб, дзе запрашалі наведнікаў не толькі па-руску, але і па-беларуску. Зайду, думаю, пагляджу, што там ды як, папытаюся наконт гэтай шыльды. Калі я ўвайшоў у залу пасля яркага сонечнага святла на вуліцы, мне захацелася адразу прыгнуцца. Ногі самі вялі да крэсла, каб прысесці, адпачыць, бо цемра напружвала. Гэта добрая абстаноўка, падумалася мне, для ўяўнай абароненасці. Чаму злачынцы часцей за ўсё рабуюць уначы? Бо ёсць ілюзія беспакаранасці. І тут тое ж самае: здаецца, прыйшоў, сеў за аўтамат, і ніхто цябе не бачыць, нікому да цябе няма справы — гуляй.

Адміністратар вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў новага кліента. Але выраз яго твару змяніўся пасля таго, як ён даведаўся, што я не хачу гуляць, што прыйшоў як журналіст. Увесь інтарэс да мяне адразу знік. Пра беларускамоўную шыльду ён параіў пагутарыць з менеджарам. Той таксама не асабліва ўзрадаваўся майму з'яўленню. А на пытанне «Як разумець гэты надпіс? Можа, гэта стратэгія клуба: прывабліваць беларускамоўных гульцоў?» мужчына рассмяяўся. Зарагаталі і дзяўчаты-афіцыянткі, якія стаялі побач. Я адчуў сябе неяк няёмка, бо смяяліся, лічыце, з мяне. Пасля таго, як рогат спыніўся, менеджар запытаўся: «Ну што? Яшчэ які-небудзь адказ патрэбен?». Ды не, дзякуй. Я пачаў развітвацца. «Можа, хочаце згуляць?» — ужо амаль у спіну спытаў мужчына. Але я ветліва адмовіўся.

Выйшаў зноў на сонца. І падумалася: чаму яны так сябе паводзілі? Я іх чым-небудзь абразіў, ці што? Потым сам сабе адказаў: яны так робяць, бо ім не патрэбен імідж, рэклама. Гулец і сам іх знойдзе, асабліва той, хто мае вялікую залежнасць ад гульні.

«Ну як? Сёння дае?»

Мужчына гадоў 35-40, пра якога я распавядаў на самым пачатку, сеў за стол, калі я ўжо паспеў трошку прайграць і думаў, ці паспрабаваць яшчэ раз. Ахоўнік, які, дарэчы, насамрэч праверыў на ўваходзе мой пашпарт, увесь час неяк дзіўна паглядваў на мяне. Я баяўся, калі не буду гуляць, то мяне папросяць адсюль, вось і рабіў выгляд, што напружана думаю, куды ставіць. З жывым гульцом стала цікавей, чым проста з машынай. Тым больш што ён сапраўды пастаянны гулец — нават мае спецыяльную бонус-картку. Але я зноў усё прайграў.

Пасля таго, як спартыўна апрануты мужчына знік, я доўга сядзеў і баяўся аддаваць гэтаму ненаеднаму сталу яшчэ грошы. Тут за плячо мяне хтосьці зачапіў. «Ну што? Дае сёння?», — малады хлопец прыкладна маіх гадоў (22-24) сеў побач. Пярсцёнак на правай руцэ паказваў, што ён, як і я, жанаты. Я спачатку не зразумеў яго. Але потым адказаў: «Не асабліва. Мне спачатку дала трошку выйграць, а пасля забрала ўсё». — «Ты проста, відаць, ставіць не ўмееш», — кінуў мне маладзён і запхнуў у прыёмнік 50 тысяч. Прайграў. Раззлаваўся. Запхнуў яшчэ столькі ж. Прайграў і пайшоў шукаць шчасця за гульнёвымі аўтаматамі.

А я пайшоў дадому, бо жонка чакае...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.