Вы тут

Паказанні пры хваробах печані


Пры хваробах печані дазваляецца

Чэрствы белы хлеб, сухарыкі, кашы, белая мука. Неразведзенае малако, сыроватка, ёгурт, кефір, нятлусты тварог, клінковы сыр, яечны бялок. Нятлустыя гатункі мяса і рыбы (ялавічына, цяляціна, трусяціна, каніна, кураціна, індычаціна, траска, судак, плотка, марскі акунь і да т.п.), нятлусты кумпяк і вяндліна. Морква, буракі, гарбуз, спаржа, шпінат, зялёная салата, памідоры, аўсяны корань, кабачкі, пятрушка, сельдэрэй, земляная груша. Уся свежая і адварная садавіна (апроч груш), пладовыя сокі, печаныя яблыкі, жэле фруктовае, мусы. Сметанковае масла, вяршкі, алей (аліўкавы, соевы, сланечнікавы, кукурузны). Цукар, натуральны і штучны мёд, джэм, мармелад, варэнне. Соль, лімонная кіслата, лімонны сок, апельсінавая і лімонная цэдра, кмен, канцэнтрат (сіроп) шыпшыны, ваніль, карыца, слабая кава і гарбата.

Забараняецца

Жытні і свежы хлеб, бабовыя. Цвёрдыя і сычужныя сыры, яечныя жаўткі. Тлустыя гатункі мяса і рыбы (качка, гусь, свініна, бараніна, ласось, вугор, селядзец і г. д.). Вяндліна і кансервы, мясныя і рыбныя. Усе віды капусты, кальрабі, рэпа, радыска, бручка, цыбуля-парэй, грыбы, свежыя і салёныя агуркі, часнок. Недаспелая садавіна, грушы. Сала, топленае сала, грудзінка, курыны і гусіны тлушч, маргарын. Шакалад, какава, шакаладныя цукеркі, тарты, крэмы, пірожныя, марозіва. Гарчыца, перац, воцат, чырвоны перац, арэхі, міндаль, марынады, моцна завараны чай і кава, усе алкагольныя напоі.

 

Есці хворы павінен часта, невялікімі порцыямі. Лепш за ўсё дзённы рацыён падзяліць на 4—6 прыёмаў. Стравы не павінны быць ні гарачымі, ні надта халоднымі. Важна, як яны прыгатаваны. Супы трэба гатаваць на адварах з агародніны, рэкамендуюцца таксама агароднінныя і фруктовыя супы. Выключаюцца супы на мясных адварах. Агароднінныя супы запраўляюцца невялікім кавалачкам сметанковага масла або вяршкамі. Загусціць можна працёртымі гароднінай або садавіной, а таксама мукой. Смажаныя запраўкі для гэтай дыеты не рэкамендуюцца. Некаторыя віды супоў можна запраўляць абястлушчаным або парашковым малаком (агароднінны суп-пюрэ, бульбяны, фруктовы). Пажадана дадаваць да іх дробна насечанае зяленіва кропу або пятрушкі. Дазволены наступныя супы: крупнікі; з рознай агародніны; баршчы, закісленыя лімонам, сыроваткай або канцэнтратам шыпшыны; са свежых памідораў, фруктовыя і малочныя.

Асабліва неабходныя стравы, якія змяшчаюць бялкі. Складовыя часткі бялкоў жывёльнага паходжання аказваюць гаючае ўздзеянне на хворую печань, засцерагаючы яе клеткі ад выраджэння. Таму істотна, якой кулінарнай апрацоўцы падвяргаюцца прадукты, якія змяшчаюць бялок. Мяса і рыбу трэба падаваць у адварным выглядзе, але мясны або рыбны экстракты не ўключаць у рацыён. Калі стан хворага паляпшаецца, урач можа дазволіць кураціну, індычыну, цяляціну або рыбу, запечаную на патэльні без тлушчу, у духоўцы ў пергаменце або фользе, у "цуда-печцы". Каб разнастаіць мясныя і рыбныя стравы, рыбу, ялавічыну або цяляціну, прыгатаваную на агароднінным адвары, падаем з гэтай ж гароднінай. У варанага мяса (або рыбы) зусім іншы смак, калі паліць яго таматным соусам або ж апырскаць лімонным сокам, пасыпаць сечаным зяленівам кропу, пятрушкі. Печанае мяса смачнае з пладовым пюрэ, напрыклад, яблычным.

Мяса, рыбу і ўсе іншыя прадукты варта гатаваць без тлушчу. Разнастаіць меню можна напаўмяснымі стравамі. Іх лепш за ўсё гатаваць на пары. Гэта можа быць рыс з адварной курыцай, зялёнай пятрушкай і яблыкамі. Такім жа чынам можна гатаваць і іншыя кашы, злучаючы іх з мясам, узбітым бялком і гароднінай. Мясныя, рыбныя і паўмясныя стравы трэба заўсёды падаваць з добра здробненай варанай або сырой гароднінай.

Паўнацэнны бялок змяшчаецца не толькі ў мясе або рыбе. Багатай крыніцай яго з'яўляюцца малако, тварог і яйкі. Гэта могуць быць малочныя, малочна-фруктовыя супы; малочныя соусы з дабаўленнем мукі, сечанага зяленіва, а таксама піўных дражджэй; малочныя кісялі, жэле і напоі. Шырокі асартымент малочных напояў: малако, сыроватка, кефір, ёгурт, малочна-фруктовыя і малочна-агароднінныя напоі. З усіх відаў сыроў дапускаецца толькі белы клінковы тварог. Рэкамендуецца гатаваць з тварагу ў спалучэнні з садавіной і цукрам смачныя дэсерты. Тварог можна дадаваць да мучных страў (лянівыя варэнікі, піражкі, запяканкі). Прыгатаваныя на пары стравы з круп і тварагу падаюцца на другое ці на вячэру, асабліва калі заправіць іх соусам, дадаць гародніну. Варта есці як мага больш тварагу.

Яечны бялок уяўляе сабой каштоўную дабаўку да многіх страў — у цеста, мяса, крупы, рыбу, сыр і разнастайныя дэсерты. Яго гатуюць на вадзе або на пары, злучаюць з працёртай садавіной. Жаўток, як правіла, не выкарыстоўваецца. Толькі тады, калі стан хворага значна палепшыцца, урач можа рэкамендаваць цэлае яйка. Справа ў тым, што ў жаўтку шмат тлушчаў, якія супрацьпаказаны пры захворванні печані.

Гэтая дыета дазваляе шырока выкарыстоўваць агародніну, але толькі тую, якая не выклікае ўздуцця кішэчніка, каб не патрывожыць хворую печань. Прычым варта прытрымлівацца пэўнай тэхналогіі пры гатаванні страў. Агародніна падаецца старанна здробненай, прыпраўленай лімонам або аліўкавым алеем. У адварную гародніну дадаем крыху сметанковага масла, пасыпаем яе зяленівам пятрушкі або кропу, цёртымі сухарыкамі, якія гатуем на сухой патэльні (без кроплі тлушчу!), бесперапынна памешваючы, каб не падгарэлі, а толькі трохі падрумяніліся. Цёртыя сухарыкі робяць страву больш каларыйнай і смачнай. Здробненую агародніну можна пасыпаць мукой, а перад самай падачай дадаць у яе неразведзенае ці парашковае малако. Гэта таксама паляпшае смак.

Сырымі, як правіла, падаем ліставую салату, памідоры, часам моркву і свежапрыгатаваную квашаную капусту. Аднак капусту не ўсе хворыя добра пераносяць. Можна дадаваць да сырых салатаў дзёртыя яблыкі. Агародніна багатая на вітаміны і іншыя каштоўныя рэчывы, таму яе варта падаваць да кожнай стравы.

Бульбу альбо адварваюць цалкам, альбо гатуюць пюрэ з малаком. Можна для разнастайнасці адварыць яе ў лупіне. Смачная таксама печаная бульба. Пякуць яе на блясе ў духоўцы, пасыпаўшы зверху соллю. Падаючы, на талерку кладуць крыху сметанковага масла.

У гэтай дыеце дазваляюцца ўсе віды круп. Імі запраўляюць агароднінныя, малочныя або фруктовыя супы (напрыклад, рысам, манкай). На другое падаюць кашы. У гэтым выпадку да іх абавязкова падаюць мяса, тварог, яечны бялок, малако, якія змяшчаюць паўнацэнны бялок. З некаторых круп можна гатаваць дэсерты: пудынг з манкі, рыс з садавіной, грэцкую сечку заправіць яечным бялком, з фруктовым сокам і да т. п. Каша варыцца без тлушчу, трохі сметанковага масла можна дадаць у гатовую страву. Локшыну па-хатняму, варэнікі, лянівыя варэнікі, клёцкі заварныя па-французску можна гатаваць толькі на бялках або ўзбітай з іх пенцы. Прапануецца шырокі выбар мучных страў, у тым ліку разнастайнае печыва. Выключаецца свежы хлеб, перавага аддаецца беламу, чэрстваму, лепш за ўсё сухарыкі або тосты. Да хлеба падаваць можна клінковы сыр, тварог, а таксама джэмы, мёд, мармелад, варэнне. Час ад часу дазваляецца некалькі тонкіх скрылікаў вяндліны або нятлустага кумпяка, адварной рыбы, цяляціны.

Вялікую разнастайнасць у дыету ўносяць дэсерты: кампоты, печаная садавіна, фруктовыя мусы і суфле, малочныя і фруктовыя жэле і кісялі, фруктовыя і малочна-фруктовыя напоі. У іх можна дадаваць лімонны сок або канцэнтрат шыпшыны.

З ласункаў дазволены безэ, каймак (без тлушчу), вафлі з джэмам або мёдам, а таксама дыетычныя пернікі — без тлушчу, арэхаў і прыпраў.

У некаторых выпадках з дазволу ўрача можна крыху змяніць тыповую дыету. Так, напрыклад, пры захворванні жоўцевых шляхоў дапускаецца невялікая колькасць тлушчаў і не рэкамендуецца павялічваць колькасць прадуктаў, якія змяшчаюць бялкі.

Ларыса Ракоўская

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.