Вы тут

Часцінка сонца ў руках


Саломка, лаза, ткацтва і іншыя беларускія промыслы

Букет дзіўных кветак у вытанчанай вазе... Якое дзіва? Зараз жа, летам, каго можна здзівіць кветкамі? Але такімі — можна. Не, сутнасць не ў тым, што букеты і нават вазы зроблены з залацістай саломы. Зноў жа, у нас у Беларусі — традыцыйны матэрыял. Тут важна, як гэты матэрыял выкарыстоўваецца і якія цуды здольны ён утвараць. Усё ж такі разумныя былі нашы продкі: нічога не прападала ў іх гаспадарках, з драбязы і падручных сродкаў умелі зрабіць цуд. І пакінулі ў спадчыну гэтае ўменне сваім нашчадкам. Праўда, мала ўжо тых, хто сам гатовы доўгімі зімовымі вечарамі сядзець з матэрыяламі, падараванымі прыродай, і, вырабляючы з іх нешта адмысловае, напаўняцца цяплом лета, укладваючы гэтае цяпло ў вырабы.

1375700556972_3-13

Сёння гэтая справа ў нас стала не проста часткай мастацтва, але і асобнай вытворчай галіной. Хоць адно другога не выключае. Гэта якраз і дэманструе выстава дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб'яднання "Белмастпромыслы",

якая працуе ў Музеі гісторыі горада Мінска. Сваю прадукцыю прадстаўляюць розныя фабрыкі мастацкіх вырабаў з усёй Беларусі, якія ўваходзяць у аб'яднанне. У кожнага з прадпрыемстваў свая задача: ёсць "адказныя" за ткацтва, вышыўку, вязанне, пляценне з прыродных матэрыялаў (саломы, лазы, скуры, бяросты), разьбу па дрэве, ганчарства, працы па метале. Хто на што багаты з нашых мастацкіх прыдпрыемстваў — паказвае выстава.

"Сонечныя ўзоры" яе назвалі нездарма: усе вырабы дыхаюць цеплынёй і дораць святло незалежна ад таго, ці гэта радасная саломка, ці вытанчаная лаза, ці прыгожы тканы жаночы строй — узяць, апрануць бы ды пайсці так "у людзі", на якое-небудзь свецкае мерапрыемства. Вось быў бы фурор!

Кажуць, што беларускі народны строй дагэтуль адзін з самых запатрабаваных з усіх вырабаў, на якія здольныя майстры"Белмастпромыслаў". Хто купляе яго для выступленняў на сцэне, а хто — і як сувенір, для падарунка. Нехта — дзеля цёплых і шчырых эмоцый, каб проста быў у хаце і нагадваў, да якога народу належым. Немагчыма згубіць такое ўменне.

А ткацтва? Сёння на прадпрыемствах аб'яднання развіваюцца яго традыцыйныя віды: пераборнае, рамізнае, бранае, ажурнае, падвойнае, кругавое, закладное, на дошчачках. Усё гэта даходзіць да нас з глыбінь стагоддзяў, усё аднаўляецца майстрамі, засвойваецца новымі пакаленнямі мастакоў, якія хочуць рабіць "як калісьці". Напрыклад, у рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца" нават арганізоўваюць навуковыя экспедыцыі па абласцях Беларусі, паводле расказаў тых, хто яшчэ памятае і ўмее, вывучаюць старажытныя тэхналогіі з разуменнем рэгіянальных асаблівасцяў. Нездарма ж вырабы, створаныя на "Скарбніцы", былі высока адзначаны на выставах у Расіі, Латвіі, Малдове, Парыжы, Гановеры. А ў сонечным Мадрыдзе нашы новыя скарбы ад "Скарбніцы" былі адзначаны залатым медалём якасці. А вы яшчэ не зразумелі чаму?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.