Top.Mail.Ru

Зрабіць выбар дзеля будучыні

Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Наш голас, аддадзены за аднаго з кандыдатаў, вызначыць маршрут краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Таму так важна рабіць яго ўзважана, асэнсавана і адказна. Чым будуць кіравацца ў гэтым пытанні прадстаўнікі маладога пакалення беларусаў, даведаліся нашы карэспандэнты.


«За мір і стабільнасць»

За гэта збіраецца галасаваць дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея, старшыня Маладзёжнага парламента пры Крычаўскім райсавеце дэпутатаў Уладзімір Мішчанка:

— Моладзь з адказнасцю ставіцца да сваёй місіі аддаць голас за будучае краіны. Нам у ёй жыць і працаваць, — кажа ён. — Наш грамадзянскі доўг зрабіць выбар на карысць квітнеючай Беларусі. Каб яна і надалей дынамічна развівалася. 

Самае галоўнае, мы жадаем жыць у мірнай, моцнай і незалежнай краіне. Сёння Беларусь прадстаўлена ў свеце ва ўсіх сферах. Мы і мірны атам скараем, і касмічную прастору даследуем. Перакананы, што будучае яшчэ больш вялікае. Яна краіна прадэманструе свае новыя дасягненні ў іншых прагрэсіўных кірунках. І ёю павінен кіраваць моцны Прэзідэнт, які зможа гарантаваць мір і стабільнасць, каб людзі былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні.

Для Крычава 2025 год знамянальны. Сёлета ў нас будуць праходзіць абласныя «Дажынкі», трэба як след падрыхтавацца. Летась ужо шмат чаго зрабілі для павышэння якасці жыцця жыхароў нашага райцэнтра. На працягу года ён будзе добраўпарадкоўвацца, будуць праводзіцца бягучыя рамонты, будавацца дарогі, тратуары.

Трэба цаніць тое, што робіцца для людзей кіраўніцтвам краіны. Вакол грымяць войны, народы канфліктуюць, а наша Беларусь у гэтых няпростых умовах развіваецца і нават больш хуткімі тэмпамі, чым гэта было раней. Выпрабаванні нас кансалідавалі, мы цэнім тое, што маем, і моладзь Крычава будзе і далей дэманстраваць гэтую згуртаванасць у канкрэтных справах на карысць горада і краіны. Будзем выступаць з праектамі і ініцыятывамі па паляпшэнні жыцця ў горадзе. Гэта наш унёсак у мірнае і стабільнае будучае краіны, за якое мы і збіраемся галасаваць.


Працаваць на карысць сваёй краіны

Сталічная моладзь — за моцную і квітнеючую Беларусь

Сёння наша краіна перажывае важны этап — электаральную кампанію. Беларусы выдатна разумеюць, што ўзяць удзел у выбарах, прыйсці на свой участак для галасавання і аддаць свой голас — тое, ад чаго будзе залежыць наша будучыня. Гэта грамадзянскі доўг кожнага жыхара нашай краіны. Важнасць электаральнай кампаніі выдатна разумее і наша моладзь, нават тыя, хто ўпершыню пойдзе галасаваць. 

З ліку такіх — студэнтка першага курса БДЭУ Мілана ЦЯШКО. Дзяўчына мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і падзялілася сваім меркаваннем наконт выбарчай кампаніі, а таксама сваімі планамі на будучыню. «У першую чаргу вельмі хачу ў будучыні трапіць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У мінулым я была дэпутатам Маладзёжнага парламента пры Шчучынскім райсавеце. 

Хачу працаваць на карысць сваёй краіны і дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы, развівацца ў дзяржаўнай дзейнасці. Нездарма кіраўнік дзяржавы адзначыў, што час выбраў нас. І ад таго, што будзе зроблена цяпер, будзе залежаць будучыня, — адзначыла студэнтка. — Я ведаю, што для таго, каб паспяхова рэалізавацца, трэба шмат вучыцца і працаваць, а той, хто валодае інфармацыяй, валодае светам. Цяпер у Беларусі праходзіць важная электаральная кампанія, таму для ўсіх нас асабліва важна выбіраць і фільтраваць атрыманую інфармацыю».

Фота Лізаветы ГОЛАД


Гонар і адказнасць казаць «Так!» таму, што важна

Настаўніца хіміі Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Вольга Савянок сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй вядомая не толькі ў сябе на малой радзіме. Маладая дзяўчына падтрымлівае ўсе знакавыя праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ўвогуле не застаецца раўнадушнай да грамадска значных падзей у краіне. Мінулы 2024 год у жыцці Вольгі быў надзвычай багатым у гэтым плане і вельмі адказным. Настаўніца сельскай школы стала дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Цяпер дзяўчына рыхтуецца стаць назіральнікам на ўчастку для галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Цалкам падрыхтавалася выканаць гэтую важную місію, чакаю, але крыху хвалююся, вядома, бо гэта вельмі адказна, — падзялілася Вольга Савянок. — Абавязкова аддам свой голас у галасаванні, бо гэта адначасова і мой абавязак, і маё права як грамадзяніна. Пераканана, што настаўнік у прынцыпе не можа быць абыякавым чалавекам.

Маладому педагогу з Добрушчыны ўжо другі раз выпала магчымасць выступаць назіральнікам на выбарчым участку. Упершыню такі досвед у Вольгі быў падчас Адзінага дня галасавання.

— Зразумела, гэта цікава. Пераканалася, чаму неабходна разбірацца, як працуе выбарчае заканадаўства ў краіне. Было карысна паназіраць, як людзі прыходзяць аддаць свой голас. Цяпер мне выпаў гонар яшчэ і стаць членам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Удзельнічала ў зборы подпісаў не толькі на пікетах, але і па месцы жыхарства грамадзян, наведвала працоўныя калектывы. Гэта дало мне вельмі важны досвед і асабіста, і ў прафесійным, камунікатыўным плане, — распавяла маладая настаўніца.

Другі раз у жыцці Вольга будзе аддаваць свой голас на выбарах Прэзідэнта. Упершыню яна галасавала ў 2020 годзе.

— Цяпер мне ёсць з чым параўноўваць. Першы раз галасавала ў нейкай студэнцкай мітусні, кіравалася больш эмоцыямі. Цяпер адчуваю, што буду галасаваць ужо іншым чалавекам, больш асэнсавана. Мяне ўзбагаціў, даў магчымасць падужэць у грамадзянскай пазіцыі вопыт апошніх гадоў, калі ўдзельнічала ў дыялогавых пляцоўках, грамадска значных акцыях, мерапрыемствах. Гэта насамрэч вельмі важна для моладзі, — пераканана Вольга.

Дзяўчына падзялілася, што магчымасць максімальна ўключацца ў важныя для краіны падзеі дапамагла ёй не толькі больш разабрацца ў працэсе выбараў, стаць больш ідэалагічна падкаваным чалавекам.

— Але і больш свядома казаць «Так!» таму, што для цябе важна. 

Чалавек заўсёды галасуе за тое, што хвалюе менавіта яго. Выбірае кандыдата, які зможа даць тое, што чакаюць яго родныя, блізкія. Удзел 
у выбарах — заўжды асабісты выбар. Усвядомленасць, уменне аналізаваць сітуацыю і падзеі навокал — а гэтаму неабходна вучыцца нам, маладым людзям, — дапамагаюць рабіць выбар не на нейкіх імгненных эмоцыях, не пад уплывам парываў юнацкага максімалізму, а цалкам асэнсавана. Я пайду галасаваць за мір, за нашу будучыню, за росквіт краіны.

Фота з архіва гераіні


«За гарантыі і развіццё дзяржавы»

І гэта вельмі важна, лічыць першы сакратар Слаўгарадскага райкама БРСМ Наталля Валынцава:

— Выбары — гэта важная падзея ў жыцці кожнай краіны. І для моладзі асаблівы гонар удзельнічаць у гэтым працэсе.

Наш горад невялікі, але вельмі прыгожы і ўтульны для жыцця. На тэрыторыі раёна знаходзіцца жамчужына Слаўгарадчыны — Блакітная крыніца — унікальны прыродны аб’ект. Дзякуючы кіраўніцтву краіны пабудаваны мост, які дае магчымасць наведваць гэтую славутасць на працягу года. Раней у зімовы перыяд дабрацца туды праз раку Сож было складана, а часам і немагчыма. Цяпер такой праблемы не існуе.

У нашым горадзе знаходзіцца вядомае на ўсю краіну сучаснае і высокатэхналагічнае прадпрыемства «Чырвоны харчавік — Слаўгарад», прадукцыя якога пастаўляецца за мяжу. На ім працуе шмат моладзі, якая прыехала ў райцэнтр пасля ВНУ па размеркаванні. Годная зарплата, добрыя ўмовы працы, ключы ад арэнднага жылля — усё гэта пасадзейнічала таму, што маладыя спецыялісты засталіся і працуюць на карысць Слаўгарада. Моладзь у нас у краіне наогул у прыярытэце. Без падтрымкі дзяржавы, без тых праграм, якія сёння рэалізуюцца, нам, маладым, было б цяжка ўсё гэта атрымаць, лічы, на першых этапах свайго самастойнага жыцця. Гэта вельмі стымулюе і матывуе маладых людзей.

Сёння мы жывём у мірнай, квітнеючай, незалежнай Беларусі і вельмі добра разумеем, што ад нас, маладога пакалення, залежыць яе будучыня. Я з упэўненасцю кажу, што 26 студзеня я пайду на выбары і аддам свой голас за таго кандыдата, які зможа і надалей гарантаваць стабільнасць і развіццё нашай дзяржавы.


«Права і магчымасць уплываць на змены ў грамадстве»

Аляксандр Бышнёў, першы сакратар Віцебскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ»:

«У 2025 годзе перад нашай краінай стаяць розныя выклікі — эканамічныя, сацыяльныя, экалагічныя. Вырашэнне гэтых праблем напрамую залежыць ад таго, які лідар будзе выбраны. Варта адзначыць, што ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах — гэта не толькі права, але і магчымасць уплываць на палітыку і змены ў грамадстве. Мы як грамадзяне маем шанец выказаць сваё меркаванне, падтрымаць кандыдата, чые каштоўнасці адпавядаюць нашым поглядам, і ўнесці свой уклад у фарміраванне будучыні краіны.

Нарэшце, удзел у выбарах — гэта праява грамадзянскай адказнасці. Мы не можам прэтэндаваць на змены ў грамадстве, калі не ўдзельнічаем у працэсе. Разам мы фарміруем лёс нашай краіны, і чым больш грамадзян прымаюць у гэтым удзел, тым мацней і стабільней становіцца наша Беларусь.

Мы дастаткова дарослыя людзі, каб задумвацца аб заўтрашнім дні, а выбары Прэзідэнта — гэта якраз той выпадак, калі ад твайго голасу залежыць многае, у тым ліку твая будучыня, будучыня тваіх родных і блізкіх. Можна, вядома, адмахнуцца і заняцца іншымі справамі. А потым крыўдзіцца, што нешта ідзе не так, як хацелася б. Каб гэтага не здарылася, трэба выказвацца цяпер. Самы просты і правільны спосаб — прыйсці на будучыя выбары. 

За 30 гадоў самастойнага, незалежнага шляху нашай краіны зроблена вельмі многае. Сёння мы не стаім у кіламетровых чэргах за дэфіцытнымі прадуктамі, амаль кожная сям’я мае аўтамабіль, з кожным годам Беларусь прырастае сучаснымі дзіцячымі садкамі і школамі. А калісьці нашы бацькі не маглі і марыць аб тым, што для нас з’яўляецца паўсядзённасцю. Сёння невялікая Беларусь вядома на міжнароднай арэне сваёй якаснай прадукцыяй машынабудаўнічай, тэкстыльнай, харчовай прамысловасці. А самае каштоўнае — нас, беларусаў, ведаюць як мірную і спакойную нацыю, якая першай ніколі не распачынала ваенныя канфлікты. З улікам таго, што зараз вакол нашых граніц складваецца нялёгкая сітуацыя, Прэзідэнт змог захаваць самае важнае для свайго народа — чыстае неба над галавой. 

І кожнаму грамадзяніну нашай краіны, які пойдзе на выбары, таксама варта ўспомніць наш пройдзены шлях. І адказаць сабе на пытанне: «Ці будуць мае дзеці жыць у такой жа квітнеючай Беларусі?»

Фота з адкрытых крыніц і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю