У густых лясах павета Інцзян, што ў правінцыі Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай), каля самай мяжы з М’янмай, можна сустрэць людзей з даўгафокуснымі аб’ектывамі. Раней яны былі звычайнымі сельскімі жыхарамі, якія займаліся паляваннем і падсечна-агнявым земляробствам. Сёння ў іх новая прафесія — «птушыныя гіды», перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» .
Вёскі Шыці і Дагудзі размешчаны ў сэрцы правінцыйнага прыроднага запаведніка Тунбігуань, які лічыцца адным з найбагацейшых цэнтраў біяразнастайнасці Кітая. Непадалёк знаходзіцца «Даліна птушак-насарогаў» — адзінае ў краіне месца, дзе ў дзікай прыродзе можна назіраць адразу тры віды гэтых птушак.
Перш жыхары гэтых месцаў былі вымушаны эксплуатаваць навакольнае асяроддзе: секлі лес і адстрэльвалі звяроў, руйнуючы далікатную экалагічную раўнавагу. Такое заганнае кола здавалася непарыўным.
Перамены прыйшлі разам з дзяржаўнай палітыкай аховы прыроды і ўмацавання граніц. Улады дапамаглі жыхарам стварыць кааператывы, пабудаваць наглядальныя пляцоўкі і гасцявыя дамы. Склаўся паўнавартасны экатурыстычны кластар: бердвотчынг, фотасафары і сельскія гасцініцы з мясцовым каларытам. Прынцыпы «не секчы дрэвы, не страляць птушак, ахоўваць граніцу» увайшлі ў вясковыя статуты.
У выніку сярэднедушавы даход жыхароў вырас з менш як 2 тысяч юаняў у 2014 годзе да звыш 50 тысяч юаняў зараз. Пры гэтым «птушыныя гіды» — не толькі ўласна праваднікі. Ведаючы кожную сцежку ў запаведніку, яны пільна сочаць за парадкам: спыняюць незаконны збор рэдкіх раслін і аператыўна паведамляюць аб падазроных асобах, якія спрабуюць пракрасціся на ахоўную тэрыторыю пад выглядам фатографаў, тым самым забяспечваючы ахову біялагічных рэсурсаў краіны.