Top.Mail.Ru

Жалезнае братэрства без «падводных камянёў»

У Мінску адзначаюць 76-годдзе з дня ўтварэння КНР


Кітай паспяхова ідзе па шляху мадэрнізацыі. Гэта адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 76-й гадавіны ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.

«Я хацеў бы выказаць высокую павагу і шчырую падзяку сябрам з усіх колаў, якія на працягу доўгага часу аказваюць клопат і падтрымку развіццю Кітая і ўмацаванню кітайска-беларускага сяброўства, — адзначыў дыпламат. — 1 кастрычніка 1949 года была заснавана Кітайская Народная Рэспубліка. За мінулыя 76 гадоў Камуністычная партыя Кітая, якая згуртавала і вяла за сабой шматнацыянальны народ усёй краіны, нястомнымі намаганнямі здзейсніла вялікі скачок — кітайская нацыя ўстала на ногі, стала жыць лепш і ператвараецца ў моцную і магутную нацыю. Яна стварыла два цуды — хуткае эканамічнае развіццё і доўгатэрміновую сацыяльную стабільнасць, — падкрэсліў пасол. — Пад кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна Кітай паспяхова ўступіў на шырокі шлях кітайскай мадэрнізацыі, атрымаў перамогу ў самай маштабнай за ўсю гісторыю чалавецтва барацьбе з беднасцю і ва ўстаноўленыя тэрміны завяршыў усебаковую пабудову сярэднезаможнага грамадства».

Сёння Кітай — другая па велічыні эканоміка ў свеце. Краіна займае першае месца ў свеце па аб’ёме гандлю таварамі, памеры золатавалютных рэзерваў і маштабах вытворчага сектара. «У Кітаі былі створаны найбуйнейшыя ў свеце сістэмы сацыяльнага забеспячэння, медабслугоўвання і аховы здароўя, — заўважыў Чжан Вэньчуань. — Ва ўмовах запаволення глабальнага эканамічнага росту ў сусветнай эканоміцы назіраюцца складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі, аднак ВУП Кітая ў першым паўгоддзі паказаў рост на 5,3% у гадавым вылічэнні, захаваўшы лідзіруючыя пазіцыі сярод асноўных эканомік. Доля ўкладу Кітая ў рост сусветнай эканомікі перавысіла 30%, што робіць яго ключавым рухавіком глабальнага эканамічнага росту».

Як адзначыў Чжан Вэньчуань, гадавы аб’ём вытворчасці новых энергетычных аўтамабіляў у Кітаі перавысіў 13 мільёнаў машын, вялікая мадэль DeepSeek карыстаецца сусветнай вядомасцю і папулярнасцю, высокатэхналагічная вытворчасць і галіны новых тэхналогій перажываюць бурнае развіццё. Пасол таксама заўважыў, што набліжаецца да паспяховага завяршэння чатырнаццатая пяцігодка (2021-2025 гг.). «20-23 кастрычніка Кампартыя Кітая правядзе чацвёрты пленум ЦК 20-га склікання, на якім будуць разгледжаны прапановы па распрацоўцы плана на наступную, пятнаццатую пяцігодку. «Кітай прадоўжыць упэўнена рухацца па шляху кітайскай мадэрнізацыі, усебакова рэалізуючы вялікую задачу пабудовы моцнай дзяржавы і ажыццяўлення нацыянальнага адраджэння», — падкрэсліў дыпламат.

Ён адзначыў, што КНР будзе дакладна прытрымлівацца канцэпцыі глабальнага кіравання. Пасол звярнуў увагу, што нядаўна Кітай паспяхова правёў саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цяньцзіні, вызначыўшы важныя планы па падтрыманні «шанхайскага духу» і далейшым развіцці арганізацыі. «На саміце Старшыня КНР Сі Цзіньпін вылучыў Ініцыятыву па глабальным кіраванні, растлумачыўшы яе пяць ключавых прынцыпаў: забяспечваць суверэнную роўнасць, захоўваць міжнароднае вяршэнства права, увасабляць у жыццё мультылатэралізм, укараняць чалавекацэнтрычны падыход, быць арыентаванымі на дзеянні, — заявіў пасол. — Гэтая ініцыятыва з’яўляецца яшчэ адной важнай грамадскай выгадай, прапанаванай Кітаем свету пасля Ініцыятывы па глабальным развіцці, Ініцыятывы па глабальнай бяспецы, а таксама Ініцыятывы глабальнай цывілізацыі, — растлумачыў Чжан Вэньчуань. — Адразу пасля свайго вылучэння яна была цёпла прынята і падтрымана лідарамі краін-удзельніц і міжнародных арганізацый, пры гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка першым у сваім выступленні цвёрда выказаў падтрымку».

Пасол запэўніў, што кітайскі бок будзе прытрымлівацца канцэпцыі глабальнага кіравання, заснаванай на сумесным абмеркаванні, сумесным будаўніцтве і сумесным выкарыстанні, а таксама будзе ўмацоўваць каардынацыю і ўзаемадзеянне з усімі бакамі, уключаючы Беларусь, каб сумесна рэалізаваць Ініцыятыву па глабальным кіраванні і садзейнічаць пабудове больш справядлівай і рацыянальнай сістэмы глабальнага кіравання.

«Сёлета таксама адзначаецца 80-годдзе заснавання ААН. Кітай будзе цвёрда абараняць аанацэнтрычную міжнародную сістэму і светапарадак, заснаваны на міжнародным праве, прытрымлівацца сапраўднага мультылатэралізму і сумесна з краінамі свету будаваць Супольнасць адзінага лёсу чалавецтва», — адзначыў кітайскі дыпламат.

Беларусь высока цэніць шчырую дружбу з Кітаем. Гэта падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў. «Сёння нашы краіны — унікальны прыклад дзяржаў, у якіх у дыялогу няма „падводных камянёў“, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. — У нас няма застарэлых гістарычных крыўд, геапалітычнага саперніцтва, канкурэнцыі за ўплыў і гандлёвых войнаў. Замест спрэчак і канфліктаў у нас сумесныя праекты, замест недаверу — адкрытасць і гатоўнасць да падтрымкі».

Першы віцэ-прэм’ер звярнуў увагу, што 2025-ты багаты на юбілейныя падзеі. Гэта 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 80 гадоў Перамогі кітайскага народа над японскім мілітарызмам, дзе змацаваная дружба Беларусі і Кітая, што стала невычэрпнай крыніцай сапраўднага братэрства і заклала трывалую аснову для будучага супрацоўніцтва.

«Сёлета таксама спаўняецца 30 гадоў з моманту першага афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку, 15 гадоў з першага візіту таварыша Сі Цзіньпіна ў Беларусь яшчэ на пасадзе намесніка Старшыні КНР, — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. — Менавіта тая сустрэча, тое асабістае знаёмства ў 2010 годзе стала трывалай асновай цяперашняй дружбы нашых лідараў і стратэгічнага дыялогу Беларусі і Кітая», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.

Па яго меркаванні, цяпер Кітай ператварыўся ў магутную індустрыяльную і навукова-тэхналагічную дзяржаву, у апору глабальнай эканомікі. Краіна таксама дасягнула выдатных поспехаў у ліквідацыі беднасці, забяспечыўшы дастойны ўзровень жыцця сотням мільёнаў грамадзян. «Гэтыя дасягненні, якія не маюць аналагаў у сусветнай гісторыі, з’яўляюцца сведчаннем сілы стратэгічнага курсу кіраўнікоў новага Кітая і працавітасці кітайскага народа. Сёння Кітай упэўнена рухаецца да ажыццяўлення „мэт двух стагоддзяў“ і да ўвасаблення мары аб вялікім адраджэнні кітайскай нацыі», — адзначыў Мікалай Снапкоў.

Беларусь і Кітай дэманструюць правераную часам і гісторыяй вернасць і шчырасць, заявіў першы віцэ-прэм’ер. «Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна нашы краіны трывала стаяць плячом да пляча, — падкрэсліў Мікалай Снапкоў. — Наша „жалезнае братэрства“ — гэта саюз традыцый і прагрэсу, дынамікі і гармоніі, які накіраваны да стварэння справядлівага свету і супольнасці адзінага лёсу чалавецтва».

Першы віцэ-прэм’ер таксама нагадаў, што нядаўна на Пуцзянскім форуме ў Шанхаі былі падведзены вынікі Года супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый і адразу дадзены старт новай тэматычнай двухгодцы — Году прамысловай кааперацыі. «Магу з упэўненасцю сказаць, што рэалізацыя ўсіх намечаных мерапрыемстваў, нашых самых смелых ідэй і напрамкаў у бліжэйшай будучыні поўнасцю зменіць эканамічнае аблічча сучаснай Беларусі», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў. Ён пажадаў Кітайскай Народнай Рэспубліцы працвітання і новых здзяйсненняў, а яе народу — міру, шчасця і дабрабыту.

Напрыканцы адбылася вельмі сімвалічная падзея — Пасол Кітая ў Беларусі ўручыў юбілейны медаль у гонар 80-годдзя Перамогі ў вайне супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам удзельніку тых падзей Канстанціну Агеевічу Яўграфаву. 99-гадовы ветэран усхвалявана ўзгадаў сваіх кітайскіх паплечнікаў і заўважыў, што карані нашага «жалезнага братэрства» моцныя і непарушныя, паколькі гартаваліся праз цяжкасці і выпрабаванні. Варта памятаць пра тыя гераічныя часы, каб упэўнена рухацца наперад. Што, дарэчы, і адбываецца.

Мікалай ЛІТВІНАЎ,

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Чытайце таксама: Сіньцзян перажывае найлепшы перыяд развіцця ў сваёй гісторыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю