Апошні тыдзень кастрычніка праходзіць у Магілёве пад знакам міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер». 29 кастрычніка ў яго рамках у Лядовым палацы Магілёва выступіць з сольнікам народны артыст Расійскай Федэрацыі Алег Газманаў, а на сцэне Магілёўскай абласной філармоніі адбудзецца канцэрт італьянскага спевака і прадзюсара Рыкарда Фарэзі ў суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова Магілёўскай абласной філармоніі. Мерапрыемствы, прысвечаныя міжнароднаму музычнаму фестывалю, праходзяць таксама ў Бабруйску і Крычаве. Гэта не толькі канцэрты, але і выставы, кінапрагляды, спектаклі, сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы, творчыя майстэрні, дыскатэкі.
Першыя фестывальныя мерапрыемствы стартавалі яшчэ ў нядзелю, а ў аўторак на сцэне Лядовага палаца адбылося ўрачыстае адкрыццё з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі і міністра культуры Руслана Чарнецкага. З культурнай падзеяй удзельнікаў і гледачоў «Залатога шлягера» павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб у гэтыя святочныя дні «канцэртныя пляцоўкі Магілёўскага краю ператварыліся ў прастору натхнення, дзе кожнае выступленне раскрывае прыгажосць, гармонію і веліч музыкі».
Сёлета «Залаты шлягер» адзначае 30-годдзе свайго існавання. Ён быў створаны ў 1995 годзе для захавання і папулярызацыя найлепшых дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры ў музычным і песенным кірунках, а таксама для абмену гэтымі культурнымі каштоўнасцямі. Удзельнікамі фестывалю на працягу 30 гадоў станавіліся яркія зоркі айчыннай і замежнай эстрады з 25 краін свету. Ён заўсёды трымаў высокую марку.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка нагадаў, што менавіта Аляксандр Лукашэнка ў 1995 годзе падтрымаў прапанову аб правядзенні гэтага музычнага мерапрыемства.
— Фестываль — гэта не толькі канцэрты з удзелам зорак, ён шырэй і больш, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Ідэя яго стварэння — аб’яднаць розныя эпохі. Сёння розныя пакаленні прыходзяць на канцэрты «Залатога шлягера» і ўсе адчуваюць сябе камфортна. Гэта мерапрыемства, якое аб’ядноўвае ўсіх людзей. Кожны з нас знаходзіць тут тое, што яму патрэбна.
Удзел у «Залатым шлягеры» прымае шэраг беларускіх і замежных спевакоў. З хітамі мінулых гадоў выступаюць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Песняры», арт-група «Беларусы», Вікторыя Алешка, Жанет, Ірына Дарафеева, гурт «Верасы», народная артыстка Расіі Таццяна Аўсіенка, заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Аляксей Глызін, Марына Хлебнікава, групы Стаса Наміна, «Лесапавал», «Дынаміт», народная артыстка Расійскай Федэрацыі Ларыса Доліна і іншыя. Білеты каштуюць ад 15 да 200 рублёў. Падчас адкрыцця ў аўторак у Лядовым палацы быў аншлаг. Як кажуць арганізатары, усё гэта сведчыць пра тое, што музычны фестываль карыстаецца вялікай папулярнасцю ў беларусаў. Апошнія мерапрыемствы фестывалю адбудуцца ў панядзелак, 3 лістапада. У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна пройдзе выстава-прэзентацыя твораў вядомых пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны «Па старонках «Залатога шлягера», а ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Яўгена Глебава адбудзецца канцэрт-творчая сустрэча з элементамі майстар-класа эстрадна-джазавага аркестра Башкірскай філармоніі імя Х. Ахметава з Уфы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота mogilev-region.gov.by