Top.Mail.Ru

З чаго складваецца фінансавая стабільнасць у Беларусі?

У мінулым годзе былі сфарміраваны манетарныя ўмовы, якія неабходныя для ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны. Такую тэндэнцыю адзначылі падчас пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка.


Пры гэтым пры правядзенні грашова-крэдытнай палітыкі выконваўся разумны баланс паміж забеспячэннем цэнавай стабільнасці і падтрымкай эканамічнай актыўнасці.

Рублёвы рэсурс

Узгодненыя дзеянні Нацбанка і ўрада забяспечылі выкананне мэтавага параметра па інфляцыі. «На працягу ўсяго мінулага года інтэнсіўнасць цэнавай дынамікі заставалася ўмеранай, знаходзячыся, як правіла, ніжэй мэтавага арыенціра ў 6 %, — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц. — Па выніках мінулага года спажывецкія цэны выраслі на 5,2 %, тады як у 2023-м — на 5,8 %».

Для абмежавання інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў Нацбанк ажыццяўляў кантроль за дынамікай грашовай прапановы. Каб надаць імпульс працэсам дэвалютызацыі эканомікі, быў павялічаны на 4 працэнтныя пункты нарматыў адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце. Цяпер ён складае 20 %, па рублёвых сродках — 4 %.

Як падкрэсліў Сяргей Калечыц, практычна ўсё павелічэнне грашовай прапановы забяспечана яе рублёвым складнікам: «Як вынік — доля рублёвай часткі ў сярэдняй шырокай грашовай масе летась у снежні дасягнула 60 %. Для параўнання: 10 гадоў таму, у снежні 2014-га, сітуацыя была супрацьлеглай: доля замежнай валюты складала тыя ж 60 %. Такім чынам, сістэмная работа Нацбанка і ўрада па павышэнні даверу да нацыянальнай валюты дае адчувальныя вынікі. Беларускі рубель паслядоўна нарошчвае свой функцыянал». Неабходна захаваць гэты станоўчы трэнд. Як адзначыў Сяргей Калечыц, пры крэдытаванні эканомікі перавага павінна аддавацца нацыянальнай валюце.

Шырокая лінейка

Агульны аб’ём выдачы банкамі крэдытаў насельніцтву і суб’ектам гаспадарання ў нацыянальнай і замежнай валютах летась склаў 185,6 млрд рублёў. 

Попыт з боку эканамічных суб’ектаў прад’яўляўся ў асноўным на рублёвыя крэдыты. Усяго летась прадпрыемствам і насельніцтву банкі іх выдалі на суму 150,7 млрд рублёў, у тым ліку доўгатэрміновых — 34,2 млрд рублёў.

Крэдытаванне рэальнага сектара эканомікі ў беларускіх рублях на працягу мінулага года павялічылася на 24,1 %. Найбольш запатрабаваным фінансавым інструментам з’яўляліся доўгатэрміновыя крэдыты. Іх выдача прырасла за год на 51 %. Актыўна ажыццяўлялася крэдытаванне прадпрыемстваў-экспарцёраў.

Разам з фінансаваннем рэальнага сектара эканомікі актыўна пашыралася і крэдытаванне насельніцтва, асабліва на спажывецкія мэты. 

Попыт фізічных асоб задавальняецца банкамі за кошт шырокай лінейкі ўніверсальных прадуктаў і праграм, якія забяспечваюць даступнасць і аператыўнасць разлікаў за кошт крэдытных сродкаў, уключаючы набыццё тавараў айчынных вытворцаў. Цяпер банкі прапаноўваюць звыш 30 такіх крэдытных прадуктаў.

Важным кірункам фінансавання насельніцтва заставаліся крэдыты на нерухомасць. За мінулы год банкі выдалі іх на суму 3,9 млрд рублёў, што на 43,8 % больш, чым у 2023-м.

Пры гэтым дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце прыраслі за мінулы год больш як на трэць. «Важна адзначыць, што ў нашых грамадзян захоўваецца ўстойлівая цікавасць да рублёвых зберажэнняў на працяглыя тэрміны, — заўважыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка. — Летась уклады фізічных асоб у нацыянальнай валюце тэрмінам на адзін год і больш павялічыліся на 37,4 %, што істотна вышэй за прагнозны паказчык у 20–24 %».

Крэдыты стануць больш даступныя

Працэнтная палітыка была накіравана на падтрыманне станоўчага ўзроўню працэнтных ставак на крэдытным і дэпазітным рынках. Як адзначыў Сяргей Калечыц, пры гэтым патрабавалася, з аднаго боку, захаваць прывабныя ўмовы для ажыццяўлення зберажэнняў, а з другога — забяспечыць цэнавую даступнасць пазыковых сродкаў. У сувязі з гэтым стаўка рэфінансавання на працягу ўсяго года заставалася нязменнай на ўзроўні 9,5 % гадавых, што адпавядала верхняй мяжы прагнозных значэнняў.

Сёлета пры адсутнасці рызык для цэнавай і фінансавай стабільнасці чакаецца паступовае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы. 

«Пры спрыяльным развіцці сітуацыі стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка ў сярэднім за 2025 год можа скласціся на ўзроўні 9–9,3 % гадавых. Адпаведна, гэта пацягне за сабой пэўнае паляпшэнне цэнавых умоў па крэдытах банкаў, — заявіў Сяргей Калечыц. — Сярэдняя працэнтная стаўка па новых рынкавых крэдытах банкаў юрыдычным і фізічным асобам у нацыянальнай валюце прагназуецца на ўзроўні 9–10,25 % гадавых».

У цэлым з улікам ільготнага крэдытавання сярэдняя працэнтная стаўка па новых рублёвых крэдытах юрыдычным асобам можа скласці 8,5–9,8 % гадавых. «Аднак, як і летась, такая дынаміка працэнтных ставак па крэдытах шмат у чым будзе вызначацца сітуацыяй на дэпазітным рынку», — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

За кошт унутранага попыту

Высокая эканамічная актыўнасць забяспечвалася за кошт унутранага попыту, падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц: «Гэтаму садзейнічалі рост зарплат, даступнасць крэдытавання і фінансавая падтрымка з боку дзяржавы. Таксама дастаткова актыўна павялічваліся і інвестыцыі ў асноўны капітал. Банкаўскія крэдыты на гэтыя мэты выраслі амаль на 40 %. У мінулым годзе ў няпростых умовах фінансавая стабільнасць была забяспечана. Фінансавы і плацежны рынкі функцыянавалі бесперабойна».

Толькі ва ўмовах устойлівай фінансавай сістэмы прадпрыемствы, насельніцтва, органы дзяржаўнага кіравання могуць у максімальнай ступені рэалізаваць свае планы ў сферы фінансаў, умацоўваючы тым самым эканоміку краіны. «Летась эканоміка краіны працягвала праяўляць гнуткасць у знешнеэканамічнай дзейнасці, асвойваючы новыя гандлёвыя рынкі і падтрымліваючы стабільныя гандлёвыя адносіны з ключавымі партнёрамі, — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Нацбанка. — Знешнегандлёвы абарот павялічыўся на 5,2 %. Унутраныя макраэканамічныя ўмовы ў цэлым спрыялі стабільнаму функцыянаванню эканомікі. Захоўваліся высокія аднаўленчыя тэмпы росту ВУП».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю