Гэты населены пункт стаў першым у краіне прататыпам праекта «Вёска будучыні». Тут рэалізавана мадэль стварэння ўмоў жыцця сельскага насельніцтва, якія не саступаюць гарадскім стандартам і маюць некаторую перавагу. Яна заключаецца ў блізкасці да непарушанай прыроды: пасёлак размяшчаецца на маляўнічым левым беразе Дняпра, дзе праходзіць мяжа паміж Віцебскай і Магілёўскай абласцямі.
Агледзець наваколле і раку можна з драўляных вежаў і аглядальных пляцовак Пятроўскага вала (замчышча).
Гэта галоўная адноўленая мясцовая гістарычная славутасць. Экалагічная сцяжынка вядзе ў дэндрапарк. Наогул, Копысь — зялёны пасёлак: амаль усё жыллё тут — дамы сядзібнага тыпу, акружаныя садамі і кветнікамі.

— Насельніцтва ў нас каля 600 чалавек, пераважна людзі працаздольнага ўзросту, улетку значна дадаецца дачнікаў, — расказвае старшыня Копыскага пасялковага выканаўчага камітэта Кацярына ВАЦУРА.
— У ліку сацыяльна важных аб’ектаў — участковая бальніца, дзе нарадзіўся наш Прэзідэнт, школа, у якой вучацца каля 70 дзяцей, дзіцячы садок наведваюць дзесяць малых. Ёсць Дом культуры, бібліятэка, пошта, камбінат бытавога абслугоўвання, некалькі крам, у тым ліку вядомых рытэйлаў.
Ад духоўнага да зямнога
Цэнтр духоўнага жыцця — храм Праабражэння Гасподняга. Драўляная царква 1694 года пабудовы моцна пацярпела пры пажары ў 1911 годзе і была адноўлена ў 2018-м. На святочным набажэнстве з нагоды Вялікадня ў 2022-м тут быў Аляксандр
Лукашэнка. Землякі лічаць, што сёння Копысь выглядае годна менавіта дзякуючы пастаяннай увазе з боку кіраўніка дзяржавы да невялікіх населеных пунктаў.
— Прэзідэнт любіць сваіх людзей і зямлю, хоча, каб мы тут жылі з задавальненнем, не цураліся працы, — дзеліцца меркаваннямі Галіна АКУЛАВА, пераможца мясцовага конкурсу «Гаспадыня хаты». — Праца на зямлі, блізкасць да яе адцягвае ўсякія дрэнныя думкі, прыносіць задавальненне і радасць, упрыгожвае наш край.
Пераўтварэнне Копысі стартавала ў 2003-м, аб’яўленым Прэзідэнтам Годам навядзення парадку і добраўпарадкавання, працягнулася другім этапам у 2017-м. У выніку заасфальтаваны ўсе 21 вуліца і два завулкі, вулічнае асвятленне заменена на святлодыёднае, у пасёлку праведзена цэнтралізаванае водазабеспячэнне, ён поўнасцю газіфікаваны. У насельніцтва з’явілася магчымасць устаноўкі электраацяплення. Усе аб’екты сацыяльна-бытавой сферы адноўлены, для іх набыта сучаснае абсталяванне.
Спадчыннае рамяство і драўляная вытворчасць
У цэнтры пасёлка знаходзіцца помнік знакамітай копыскай кафлі, вядомай з XV стагоддзя. І хоць цяпер яе тут не вырабляюць, традыцыі ганчарства працягваюцца ў філіяле Цэнтра народных мастацкіх рамёстваў дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання «Белмастацпромыслы» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.
Новыя памяшканні замест былога керамічнага завода былі пабудаваны ў 2011 годзе. У высокатэмпературнай печы, прэзідэнцкім падарунку, дагэтуль абпальваюць керамічныя вырабы ў старадаўняй тэхніцы малачэння. Найперш тут захоўваюць кірунак мастацкай керамікі, а таксама займаюцца лоза-пляценнем, разьбой па дрэве. Унікальныя вырабы можна набыць у салоне-магазіне, з’явіліся яны і ў гандлёвых сетках краіны. Закуплена абсталяванне для вытворчасці фармаванай керамікі — асартымент і аб’ёмы вытворчасці плануюць значна пашыраць.
Каля 3 тысяч кубаметраў лесу за месяц перапрацоўваюць у Копыскім цэху дрэваапрацоўкі Аршанскага лясгаса. Тут заняты каля 50 чалавек — жыхары гарпасёлка і іншых населеных пунктаў. Цэх працуе ў дзве змены і мае патэнцыял для нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці.

— Наша мэта — найбольш глыбокая перапрацоўка драўніны, для гэтага ў нас ёсць сушыльныя камеры, камера тэрмамадыфікацыі, — адзначае начальнік цэха Сяргей БЫКАЎ. — Лес-кругляк за мяжу не рэалізоўваем, на экспарт у Расію і краіны Азіі ідуць розныя віды сухіх піламатэрыялаў. Плануем пашырыць участак пілавання.
Паганажныя вырабы — падлогавая дошка, імітацыя бруса, тонкая абшывачная дошка (вагонка) з дрэў хваёвых і лісцевых парод — застаюцца пераважна на ўнутраным рынку. Нязменным попытам карыстаюцца паддоны. Вытворчасць безадходная: шчапа выкарыстоўваецца як адзін з мясцовых відаў паліва прадпрыемствамі камунальнай гаспадаркі. Апілкамі паляць на ўласнай кацельнай, запатрабаваныя яны і сельгаспрадпрыемствамі ў якасці подсцілу жывёле.
Смачныя справы
Па ўказанні Прэзідэнта ў 2006 го-дзе ў Копысі была запушчана вытворчасць сыроў. Сёння гэтай смачнай справай займаюцца 25 чалавек, працаўладкаваныя на мясцовым вытворчым участку ААТ «Шклоўскі масларобны завод»: 80 % з іх — мясцовыя жыхары.
— У лінейцы нашай прадукцыі — сыры, якія ідуць на паліцу пакупнікоў і для прамысловай перапрацоўкі, — расказвае начальнік Копыскага вытворчага ўчастка Вольга ЮРЧАНКА. — Сярод першых: вэнджаны на альховай дранцы «Джыл» і «Сулугуні», абодва з масавай доляй тлушчу 40 %. Для харчовай прамысловасці прызначана так званая кальята — абястлушчаны сыр і тлусты, 40 %, сыр, якія выкарыстоўваюцца для наступнага плаўлення і вытворчасці кампазітных сыроў.

Мясцовыя сыраробы адчуваюць асаблівую адказнасць, бо на радзіме Прэзідэнта немагчыма выпускаць прадукцыю невысокага гатунку. Аб’ёмы вытворчасці плануюць нарошчваць удвая, гэта дазваляюць вытворчыя магутнасці. Пакуль за месяц у Копысі перапрацоўваюць каля 100 тон малака, з якога атрымліваюць да 11 тон сыру.
Яшчэ адна вытворчасць, якой ганарацца копысцы, — мясцовая пякарня, філіял сялянска-фермерскай гаспадаркі «Старт ТС». Яе адкрылі таксама па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў лютым 2025-га, стварылі дзевяць працоўных месцаў. У адным памяшканні з пякарняй размяшчаецца фірменная крама.
Хлеб і кандытарскія вырабы — каля 800 вырабаў штодзённа — пакупнікі атрымліваюць літаральна цёплымі, на прылаўках яны не залежваюцца. Самыя любімыя — «Бацькава булка», «Александрыйскі», «Жаночы» і «Мужчынскі». Акрамя як у краме пякарні, гэтыя вырабы можна паспрабаваць у пунктах грамадскага харчавання ў Александрыі, кафэ «Паляна» ў вёсцы Хімы, цэнтры сялянскай фермерскай гаспадаркі.
— Мы з мужам — карэнныя жыхары Копысі, тут жывуць нашы бацькі, і мы не ўяўляем найлепшага месца для жыцця, — падзялілася загадчыца вытворчасцю Анастасія СІКОРСКАЯ. — Лічым: там, дзе нашы карані, павінна быць і крона — толькі тады яна найпышнейшая і прыносіць плён.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара