Top.Mail.Ru
110

Як у заказніку «Налібоцкі» дапамагаюць жывёлам перажыць галодны час

Зімовая «сталовая» для лясных насельнікаў


Зіма не збіраецца так хутка адпускаць са сваіх халодных абдымкаў: на календары першыя дні вясны, а доўгачаканае цяпло толькі пачынае прабівацца. Днём адпускае, ноччу падмарожвае, на яшчэ глыбокім снезе ўтвараецца шчыльны шарпак. І пакуль людзі радуюцца першым прыкметам вясны, дзікім жывёлам лягчэй здабываць сабе корм не стала — ім усё яшчэ патрэбна дапамога чалавека. У налібоцкім заказніку, напрыклад, працуе «сталовая» для лясных насельнікаў. На каго накіравана сезонная падкормка жывёл, якімі далікатэсамі частуюць зуброў і аленяў, мы ўбачылі на свае вочы.


Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі» сустракае нас цішынёй, якую пранізваюць рэдкія павевы ветру, што заблыталіся ў яловых верхавінах. Зіма сёлета выдалася суровая: траскучыя маразы і высокія сумёты вельмі ўскладнілі жыццё лясным насельнікам. Здабываць ежу з-пад глыбокага снегу амаль немагчыма, і адзіная надзея — на чалавека. Сляды дужых зуброў, велічных аленяў і грацыёзных казуль вядуць нас да кармушак. Меню ў звяроў насычана клятчаткай і вугляводамі — сена, караняплоды, зерне і, вядома, соль.


— Мэтай падкормкі з’яўляецца дапамога пэўным відам дзікіх жывёл перажыць складаны зімовы перыяд, калі іх асноўны рацыён — трава, мох, лісце — пахаваны глыбока пад снегам, — расказвае вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Павел Шляпо. — Пачынаючы прыблізна з лістапада, калі выпадае першы снег, — і да сакавіка-красавіка, у залежнасці ад вясны, мы арганізуем падкормку для лясных насельнікаў. Штодзень мы папаўняем запасы на сямі падкормачных пляцоўках. Сёлета было закуплена 60 тон сена, 60 тон сіласа, 30 тон аўса, 5 тон пшаніцы і 1 тона солі.


Асноўнымі наведвальнікамі кармушак з’яўляюцца казулі, якім з-за глыбокага снегу прыходзіцца асабліва цяжка, алені і зубры. На тэрыторыі Налібоцкага заказніка налічваецца каля 310 аленяў, 160 ласёў, 220 казуль і 90 зуброў. Пункты назірання дазваляюць спецыялістам сачыць за масавасцю і перыядычнасцю наведвання падкормачных пляцовак. Як адзначыў вядучы інжынер, актыўнасць лясных насельнікаў пачынаецца вечарам, калі шум ад прысутнасці людзей паціху змаўкае, а цемра дазваляе заставацца незаўважанымі. Аднак зубры — сапраўдныя цары беларускіх лясоў — наведваюцца пахарчавацца сенам і ў светлы час.


— Зімой зубры больш дружалюбныя, чым, напрыклад, вясной ці летам. Яны часцей выходзяць з лесу і назіраюць за людзьмі, — дзеліцца Павел.

І сапраўды, першы буйны статак, які нам сустрэўся, не паспяшыў схавацца ад надакучлівых людскіх позіркаў. Дужыя велічныя жывёлы зусім побач — метрах у трыццаці. Дастаткова, каб разгледзець магутныя рогі і густую бурую поўсць. Зубры спакойна стаяць на месцы, аднак у постаці важака адчуваецца напружанне і маўклівае папярэджанне: «далей нельга». А малыя зубраняты, здаецца, увогуле не заўважаюць чалавека. Статак праводзіць нас доўгім позіркам, і толькі калі машына ад’язджае, звяры вяртаюцца да сваіх заняткаў.


На тэрыторыі Налібоцкага заказніка, акрамя аленяў, зуброў і ласёў, часта можна сустрэць тарпанавідных коней. Яны таксама прыходзяць пачаставацца свежым сенам на падкормачныя пляцоўкі, аднак, як адзначаюць супрацоўнікі заказніка, могуць зайсці і ў вёскі, дзе спагадлівыя жыхары абавязкова вынесуць ім ласункі.


— Падкормліваць дзікіх жывёл самастойна можна толькі ў цяжкіх сітуацыях, — папярэджвае Павел Шляпо. — А так яны павінны здабываць ежу самастойна ці прыходзіць на нашы падкормачныя пляцоўкі. Мы не ўмешваемся ў прыродныя працэсы, а толькі дапамагаем жывёлам у цяжкі зімовы перыяд.


Тарпанавідныя коні не баяцца людзей, спакойна рэагуюць на гукі тэхнікі. Некаторыя асобіны самі падыходзяць да чалавека з надзеяй паласавацца чымсьці смачным. Многіх прыцягваюць аўтамабілі, што зімой часта пакрыты тонкім слоем солі, якой пасыпаюць дарогі. Па словах супрацоўнікаў заказніка, турыстам з асабістым аўто трэба быць вельмі ўважлівымі. Былі выпадкі, калі мілыя на першы погляд коні, напрыклад, пакідалі машыны без люстэркаў — з такой асалодай частаваліся соллю.


Калі прыйдзе сапраўдная вясна, жывёлы зноў сыдуць у лес, а пакуль яны на нашай адказнасці, і мы іх адзіная надзея паміж снегам і першай травой.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю