Утульныя тэрыторыі, абноўленыя класы, бяспечныя спартыўныя залы, сучасныя харчаблокі — кожная школа да 1 верасня павінна набыць стан, які адпавядае ўсім патрабаванням якасці і надзейнасці. Адказнасць за гатоўнасць устаноў да новага навучальнага сезона нясуць як мясцовыя органы ўлады, так і дэпутаты. Народныя выбраннікі сёння адсочваюць ход рамонтных работ, дапамагаюць вырашаць складаныя пытанні. Карэспандэнт «МС» пацікавілася, на што яны звяртаюць увагу і якім чынам вырашаюць праблемы.
Па словах старшыні Бабруйскага гарсавета дэпутатаў Ірыны Рынейскай, падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Бабруйска да новага навучальнага года выйшла ўжо на фінішную прамую.
Сёлета на капітальныя і бягучыя рамонты, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дзіцячых садкоў з бюджэту горада выдзелена больш чым 12,8 мільёна рублёў. Акцэнт робіцца на выкананне санітарна-эпідэміялагічных параметраў і стварэнне ўмоў па бяспецы. У дзвюх школах завяршаецца капітальны рамонт, яшчэ ў шасці зроблены рамонт дахаў.
У дзіцячых садках шмат увагі ўдзяляецца добраўпарадкаванню тэрыторый, абнаўленню дваровага абсталявання, падрыхтоўцы вучэбных кабінетаў і дашкольных груп. У работах задзейнічаны ў тым ліку і школьнікі, якія працуюць на ўмовах часовай занятасці на азеляненні школьных тэрыторый, рамонце мэблі. Бабруйскія дэпутаты планамерна і сістэмна адсочваюць ход падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да навучальнага сезона
— У першую чаргу ацэньваем, як абнаўляюцца класы і іншыя памяшканні, — адзначае Ірына Рынейская. — Цікавімся, ці ёсць праблемы з забеспячэннем усім неабходным класных аўдыторый, спартыўных залаў і пляцовак, ацэньваем, наколькі функцыянальнымі і тэхналагічнымі сталі школьныя харчаблокі. Для нас таксама не менш важна ведаць, якую сумесную работу праводзяць установы адукацыі са сваімі шэфамі, наколькі цесна яны ўзаемадзейнічаюць на карысць дасягнення агульнай мэты.
Для намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Святланы Патапчык тэма падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года важная як для спецыяліста, які адказвае за гэту сферу, і як для дэпутата райсавета.
У Бялыніцкім раёне восем школ, дзве з якіх — гарадскія. Усяго ўстановы адукацыі тут наведвае больш чым 2000 дзяцей.
— Да 1 жніўня павінна завяршыцца рэканструкцыя Галоўчынскай школы, і мы кантралюем гэты працэс, — кажа Святлана Патапчык. — Зроблена рэканструкцыя харчаблока, даху, праведзена ўцяпленне сцен. Лічы, новая школа атрымалася, вельмі прыгожая і ўтульная. У ёй будзе вучыцца больш чым 80 хлопчыкаў і дзяўчынак. Работы яшчэ не скончаны, на 28 ліпеня гатоўнасць ацэньвалася ў 98 %.
Сёлета ў першыя класы ў Бялыніцкім раёне прыйдзе каля 200 дзяцей. Школы збіраюцца прыняць сваіх новых выхаванцаў урачыста і гасцінна.
— Штогод установы адукацыі рыхтуюцца да таго, каб час знаходжання ў іх навучэнцаў прайшоў бяспечна і з карысцю, — кажа суразмоўніца. — Над гэтым працуюць і раённыя ўлады, і школы, і арганізацыі (санэпідэмстанцыя, ратавальнікі і ДАІ), і шэфы навучальных устаноў, і дэпутаты. Народныя выбраннікі манітораць выкананне тых ці іншых даручэнняў камісій. Педагогі — малайцы, своечасова выпраўляюць недахопы. Напрыклад, на сёння па ўсіх школах ліквідаваныя заўвагі ратавальнікаў, амаль цалкам выкананыя патрабаванні санэпідэмслужбы. Да 1 жніўня школы абяцаюць нанесці неабходныя разметкі, якія ім прадпісала зрабіць ДАІ. Не сумняваюся, што да новага навучальнага года ўсе ўмовы па бяспецы будуць выкананы.
Дарэчы, у камісіі для ацэнкі гатоўнасці школ да новага навучальнага года Святлана Патапчык задзейнічана як дэпутат.
- — Узровень падрыхтоўкі школ да новага навучальнага сезона будзе разгледжаны на пасяджэнні райсавета, — удакладняе яна. — Пытанне сур’ёзнае, і дэпутаты вельмі адказна ставяцца да кантролю ўстаноў адукацыі. Яны адсочваюць, каб класныя аўдыторыі былі максімальна камфортныя для навучання, цікавяцца, наколькі там якаснае асвятленне, ці зручна расстаўлены парты, ці адпавядаюць патрабаванням умовы бяспекі ў фае, задаюць пытанні наконт трывожнай кнопкі. Бачна, што работа праводзіцца не дзеля «птушачкі».
Старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін рэзюмуе, што сёння дэпутаты нароўні з архіважнай задачай па маніторынгу ходу ўборачнай, якая па патрабаванні Прэзідэнта павінна прайсці вельмі якасна і без страт, засяроджаны і на ходзе падрыхтоўкі школ да новага навучальнага сезона. Гэта таксама задача № 1.
— Зусім хутка дзеці сядуць за парты, і неабходна да гэтага дня зрабіць усё, каб навучанне праходзіла для нашых дзяцей бяспечна і пазітыўна, — падкрэсліў ён. — Ужо праз некалькі тыдняў трэба будзе падпісваць пашпарты гатоўнасці школ да будучага навучальнага года, і дэпутаты трымаюць на кантролі стан тых работ, якія сёння праводзяцца ў школах. Трэба, каб яны былі завершаны своечасова і без праблем. Сумеснымі намаганнямі выканаўчай улады і дэпутацкага корпуса, а таксама бацькоў, якія актыўна далучаюцца да працэсу, мы робім усё для таго, каб 1 верасня дзеці змаглі прыйсці радасныя і прыбраныя ў абноўленыя класы, і нічога ім не сапсавала настрой.
Тым часам
Падрыхтоўку да новага навучальнага года разгледзелі днямі на апаратнай нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана КРУПКО.
На нарадзе было агучана, што рамонтныя работы працягваюцца, цяпер яны ў актыўнай фазе. У цэлым, як далажылі старшыні аблвыканкама, узровень гатоўнасці ацэньваецца на 80 працэнтаў. "Праведзены дзяржзакупкі, заключаны дагаворы на пастаўку абсталявання. Сумненняў у атрыманні ўсімі аб’ектамі пашпартоў гатоўнасці да патрэбнага тэрміну няма. Парк школьных аўтобусаў папоўніцца 29 адзінкамі. Закрыты пытанні і па кадравым забеспячэнні: сёлета ў сістэму адукацыі прыйдуць працаваць 780 маладых спецыялістаў. Укамплектаванасць кадрамі складае 99 %.
Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, гарантаванне бяспекі павінна быць забяспечана на самым высокім узроўні. Размова аб абнаўленні сістэм пажарнай аўтаматыкі, устаноўцы электрамагнітных замкоў, відэаназіранні і іншым. Неабходнае фінансаванне на гэтыя мэты выдзелена, таму да пачатку навучальнага года ўсе работы павінны быць завершаны.
Дарэчы
У новым навучальным годзе ў Беларусі будуць працаваць 2627 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбныя заняткі ў якіх пачнуць каля 1,05 млн навучэнцаў. Цяпер у школах праводзяцца рамонтныя работы. Пашпарты гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года павінны быць зацверджаны не пазней за 20 жніўня.