Top.Mail.Ru

Як у Асіповіцкім раёне перадаюцца вопыт і любоў да справы

Дынастыямі ганарацца. Калі яны ёсць на прадпрыемстве, значыць, яно ўстойлівае, надзейнае, стабільна развіваецца. У Асіповіцкім раёне мы сустрэліся з прадстаўнікамі некалькіх дынастый. Што стала матывацыяй для некалькіх пакаленняў трымацца за адно і тое ж месца працы, даведаліся з першых вуснаў.


Досвед і парада

У сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Вязаўніца АГРА», цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў аграгарадку Вязаўніца, працуюць трактарыстамі Уладзімір Стрыкуноў і яго сын Дзмітрый. Летам разам шчыравалі на ўборачнай, восенню таксама спраў хапае.

— У сельскую гаспадарку прыйшоў невыпадкова, — расказвае старэйшы Уладзімір. — Стрыечны дзядуля па мацярынскай лініі быў старшынёй калгаса і пераманіў нас сюды з Магілёўскага раёна. У гаспадарцы, лічы, з 14 гадоў. Пачынаў слесарам, потым услед за бацькам перакваліфікаваўся ў трактарысты. З часам навучыўся разумець тэхніку і яе рамантаваць.

Дзмітрый — старэйшы сын у сям’і. Магчымасць разам з бацькам пакатацца на трактары была з маленства. У якасці памочніка камбайнера ўпершыню паспрабаваў сябе ў 16 гадоў, а пасля заканчэння Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, асэнсавана прыйшоў працаваць у калгас.

— Калі нешта не атрымліваецца па рамонце трактара, заўсёды звяртаюся да бацькі, — кажа Дзмітрый. — Ён заўсёды дасць добрую параду і нагадае, што ў гэтай справе не павінна быць спешкі. Я шмат разоў у гэтым пераконваўся.

Работы ў гаспадарцы заўсёды шмат, але Дзмітрый пра горад не марыць. Спрабаваў жыць у Асіповічах, але не спадабалася. Цікавасць да тэхнікі малады чалавек атрымаў у спадчыну.

Нават у сацыяльных сетках тонкасці абмяркоўвае. Далучыўся да групы «Мотаблочнікі браты». «Там уся Беларусь — і Магілёў, і Гомель, і Бабруйск, — кажа суразмоўнік. — Часам карысныя рэчы расказваюць. Пра рухавікі, каробкі перадач».

Акрамя таго, што прафесія ў бацькі з сынам адна на дваіх, яны яшчэ і падтрымліваюць адзін аднаго. «Важна, што родны чалавек побач», — кажа Уладзімір.

— Дынастыі — гэта добра, старэйшыя перадаюць вопыт малодшым, дапамагаюць, — кажа выконваючы абавязкі кіраўніка гаспадаркі Юрый Сычэвіч.


Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

У ААТ «ЖорнаўкаАГРА» Юлія Доўнар прыйшла працаваць інспектарам па кадрах пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Муж родам з Асіповіч, але ўслед за жонкай пераехаў у Жорнаўку. 

У гаспадарцы працуюць бацькі Юліі — Сяргей і Лідзія Раманенкі, тата — у будаўнічай брыгадзе падсобным рабочым, маці — бухгалтарам-касірам. А яшчэ — цётка Рэгіна і стрыечная сястра Алена Хвішчук. У 1970-я тут працавалі дзядуля Алены — Мікалай Хвішчук, потым — яго сын і дачка. За імі прыйшлі зяць і ўнучкі.

— У горадзе ніколі не хацелася застацца, — кажа Юлія.— Тут радзіма, паветра чыстае. Нам з мужам і дзецьмі нясумна. У вольны час любім падарожнічаць. Садзімся ў машыну і едзем куды душа пажадае. Былі і ў Брэсце, і ў Гродна.

Маці Юліі Лідзія Мікалаеўна прызнаецца, што ў яе ў маладосці таксама была магчымасць застацца ў горадзе, але яна не рызыкнула ехаць далёка ад бацькоў, вывучылася на бухгалтара і вярнулася ў вёску.

Стрыечная сястра Алена Хвішчук працуе аграномам, падчас водпуску падмяняе дырэктара. Гаспадарка вялікая: два малочна-таварныя комплексы, вялікія палеткі — працы шмат. Але ёй падабаецца гэты рытм. Алена — спецыяліст адказны, яе неаднаразова спрабавалі пераманіць іншыя гаспадаркі, але «ЖорнаўкаАГРА» для яе родны дом. Тут пачынаў яшчэ дзед.

— Прыходзіцца дзесьці быць строгай, без гэтага не абысціся, — прызнаецца суразмоўца. — Але калі ўмець размаўляць з людзьмі, то вынік ёсць. Падабаецца, як да справы адносіцца моладзь. Нашы практыканты-мэтавікі прыходзяць нават у выхадныя і працуюць на тэхніцы. 

І вопыт назапашваюць, і грошы зарабляюць.

На пытанне, за што яна любіць сваю прафесію, Алена сціпла адказвае: «У сельскай гаспадарцы ні ў каго няма лёгкай працы, але мне падабаецца, што я прыношу карысць».


135 гадоў стажу

Асіпаўчанка Святлана Дзмітрычэнка расказвае, што яшчэ яе бацькі па 40 гадоў прапрацавалі на Асіповіцкім заводзе аўтамабільных агрэгатаў. Маці са сваім будучым мужам пераехала з Мінска ў Асіповічы, бліжэй да бацькоў. Абодва адразу ж працаўладкаваліся на завод.

— Я прыйшла сюды ўслед за роднай сястрой у 2006 годзе, — расказвае Святлана. — Тут жа вядучым інжынерам-тэхнолагам працуе і мой муж. Калі скласці стаж усіх родных, якія працавалі на заводзе, атрымаецца 135 гадоў і 9 месяцаў.

Прафесія бацькоў абумовіла лёс дзяцей, а цяпер яшчэ і ўнукаў. Старэйшы сын Святланы Кірыл год ужо працуе слесарам па рамонце і абслугоўванні машын, а малодшы Цімафей па мэтавым накіраванні ад завода сёлета паступіў у каледж у Мінску. Пасля яго заканчэння ўладкуецца сюды.

— На заводзе прэстыжна працаваць, — удакладняе суразмоўца. — Гэта самае вялікае прадпрыемства горада, яго калектыў складае амаль 1,5 тысячы чалавек. Робім дэталі для МАЗаў.

На думку Святланы Дзмітрычэнка, узнікненню дынастый садзейнічае жаданне бацькоў паставіць дзяцей на правераны шлях. Хочацца, каб у будучым яны мелі годную зарплату, не думалі, дзе заўтра ўзяць грошы на хлеб.

— Вяду сваіх дзяцей па тым шляху, па якім сама ішла, прыклад свой дэманструю, — кажа яна. — Тут, безумоўна, трэба папрацаваць, прыкласці намаганні, але ў выніку і зарплата атрымаецца годная. Работа ў нас для мужчыны карысная, уменне адрамантаваць станок дазваляе быць з тэхнікай на «ты».

У Кірыла стаж пакуль невялікі. Але машыны — гэта менавіта тое, што яго па-сапраўднаму захапляе. Цяпер вось зрабіў відэаролік пра завод для конкурсу.

— Вопыт ёсць, — усміхаецца хлопец. — Ствараю розныя відэаролікі на тэму аўтакантэнту і размяшчаю на ўсіх сацыяльных пляцоўках, у мяне 72 тысячы падпісчыкаў. Вельмі падабаецца ўсё, што звязана з машынамі. І працаваць цікава. На заводзе добры дружны калектыў. І гэта таксама вельмі важна.

Нэлі ЗІГУЛЯ,
фота аўтара.
Асіповіцкі раён.

Чытайце таксама: У Асіповіцкім раёне з’явіўся помнік землякам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Еўропы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю