Top.Mail.Ru

Як «Славянскі базар у Віцебску» стаў неад’емнай часткай горада на Дзвіне і творчым брэндам Беларусі

Разам з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, генеральным дырэктарам Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктарам Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Глебам ЛАПІЦКІМ узгадваем, як усё пачыналася ў 1992 годзе. На той момант суверэннай Беларусі не споўнілася і года. Час, здавалася б, не падыходзіў для свят: былі парушаны ранейшыя сувязі і звычаі, усюды заняпад, уведзена талонная сістэма, у магазінах — чэргі і пустыя паліцы. Разам з эканамічным крызісам краіна перажывала і творчы. 


Перад тагачасным генеральным дырэктарам Цэнтра культуры «Віцебск» Радзівонам Басам стаяла задача — захаваць амфітэатр. У яго з аднадумцамі нарадзілася ідэя арганізаваць у Віцебску фестываль з запрашэннем найлепшых артыстаў, конкурсам маладых выканаўцаў. 


— Разглядалася назва «Адкрытая Еўропа», але потым зразумелі: трэба арыентавацца на славянскі свет, бліжэйшы нам па менталітэце і гістарычных сувязях. Спыніліся на «Славянскім базары», — расказаў Глеб Лапіцкі. — Праект, роўных якому яшчэ не было не толькі ў Беларусі, але і ў бліжэйшых краінах, трапіў «у яблычак». Але напачатку ён быў чыста камерцыйным і ў многім залежаў ад намераў спонсараў, якія не заўсёды супадалі з імкненнямі дырэкцыі фестывалю. 

Дзяржаўны падыход

Рознагалоссі маглі б паўплываць на кароткі век нашай любімай «Славянкі». Але ж сёння яе можна назваць старажылам сярод фестываляў на постсавецкай прасторы. І вось чаму: калі дырэкцыі стала зразумела, што ўласных рэсурсаў для развіцця фестывалю недастаткова, а партнёры, па большай частцы, імкнуцца задаволіць уласныя інтарэсы, на «Славянскі базар» запрасілі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. У 1995-м ён прыехаў на фестываль упершыню, на свае вочы ацаніў размах, напаўненне, ідэі вялікага свята творчасці. З першапачатковага фестывалю песні яно вырасла ў фестываль мастацтваў, стала шматвектарным. Прэзідэнт прыняў рашэнне ўзяць «Славянскі базар» пад свой патранаж — ён разгледзеў у ім магчымасці сяброўскіх зносін з рознымі краінамі, пляцоўку для прадстаўлення Беларусі сусвету. 

— У гэтым праявіліся дальнабачнасць, кіраўніцкі талент, маштабнае мысленне кіраўніка краіны, — адзначыў Глеб Лапіцкі. — Без дзейснай падтрымкі Прэзідэнта выдатны праект мог бы і зачахнуць. Дзякуючы ж дзяржаўнаму падыходу, фестываль набыў новае гучанне, узняўся на вышэйшы ўзровень, год ад году трансфармуецца ў лепшы бок.

Канчатковая назва 

Фестываль імкліва стаў надзвычай папулярным, брэндавым яшчэ ў 1990-я. А брэнды прыцягваюць увагу — і былі спробы «звесці» «Славянскі базар» з паўночнай сталіцы, прапісаць яго ў іншых лакацыях або нават зрабіць перасоўным. Радзівон Бас меў цвёрды намер пакінуць яго ў Віцебску і ў гэтым таксама атрымаў адназначную падтрымку Прэзідэнта. 

— З 1998 года «Славянскі базар» стаў называцца «Славянскі базар у Віцебску», — нагадаў суразмоўца. — Цэнтр культуры «Віцебск» сёння з’яўляецца праваўладальнікам на гэты таварны знак і карыстальнікам адпаведнага лэйбла.

Гісторыю станаўлення самага вядомага фестывалю Беларусі Глеб Лапіцкі ведае назубок, яна захоўваецца ў выставачнай зале «Духаўскі круглік». На памяці сённяшняга дырэктара ЦК «Віцебск» — і першы паход у амфітэатр. 

— Мне было шэсць гадоў, калі разам з бацькамі я ўпершыню трапіў на канцэрт, — успамінае Глеб Лапіцкі. — Сядзелі на найпрасцейшых драўляных лаўках у некалькі дошчачак пад адкрытым небам — даху яшчэ не было. Гледачы прыносілі з сабою дамашнюю ежу і ўпотай выпівалі. На той момант гэта здавалася нармальным, такі быў час, такія былі мы. За гады фестывалю публіка выхавалася, узрос агульнакультурны ўзровень, мы прыйшлі да цывілізаваных паводзін, натуральнага захавання этыкету, у гледача палепшыўся мастацкі густ.

Такі — адзіны ў свеце 

Без ілжывай сціпласці сенатар адзначыў, што як культуралагічны суб’ект наш фестываль — адзіны ў свеце. Так, вядомыя аднажанравыя фэсты (песні, кіно, харэаграфіі, тэатра і інш.) існуюць у розных краінах і доўжацца дзесяцігоддзямі. Унікальнасць жа «Славянскага базару ў Віцебску» заключаецца ў яго шматжанравасці і шматвектарнасці. 

Многія людзі звязваюць «Славянку» выключна з Летнім амфітэатрам. Так, гэта асноўная пляцоўка, дзе праходзяць самыя маштабныя і відовішчныя шоу. Але ж надзвычай цікавыя, запатрабаваныя мерапрыемствы адбываюцца таксама ў канцэртнай зале «Віцебск», Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа, абласной філармоніі, Беларускім тэатры «Лялька», Цэнтральным спартыўным комплексе, абласным краязнаўчым музеі. Яны з’яўляліся паступова, у розныя гады. Такія лакацыі самі па сабе даюць падказкі прыхільнікам розных творчых жанраў, куды ім скіравацца, каб задаволіцца і атрымаць асалоду. Прычым праграма настолькі разнастайная, што задаволіць запыты рознай узроставай аўдыторыі — ад бэбі-бумераў да міленіялаў і зумераў. У гэтым крыецца сакрэт паломніцтва ў Віцебск вялізнай колькасці гасцей. За некалькі дзён фестывалю яны могуць убачыць усё. 

Спрыяе гэтаму і мноства некамерцыйных мерапрыемстваў, якія ажыўляюць гарадскія плошчы, вуліцы, паркі, скверы. Неад’емная частка вялікага свята — гандаль рукатворнымі вырабамі на «Віцебскім вернісажы», у «Горадзе майстроў», на «Задзвінскім кірмашы». Надзвычай багатая «каляфестывальная» праграма, дзе вылучаецца самастойны опэн-эйр «На сямі вятрах», сёлета — парад барабаншчыц і мажарэтак, турнір «Танчым разам». У горадзе разгортваюцца канцэртныя пляцоўкі, дзе выступаюць народныя калектывы, кавер-бэнды, рок-групы. Гэта не навіна, але варта адзначыць, што год ад году расце ўзровень іх выканаўчага майстэрства. 

У вялікай ступені дзякуючы фестывалю прыгажэе і сам абласны цэнтр. За апошнія гады рэканструяваны яго галоўныя лакацыі. Так, гледачы ацэняць абноўлены КЗ «Віцебск» і Летні амфітэатр з новымі крэсламі, дахам і сучаснай падсветкай. Сёлета пешаходныя вуліцы ператварыліся ў сапраўдны парк агнёў дзякуючы ўражальнай ілюмінацыі і светлавым фігурам.

Складанасці згуртоўваюць

Часам гавораць: «Славянскі базар» ужо не той, маючы на ўвазе, што звузілася прадстаўніцтва на ім розных дзяржаў.

— Гэта несправядлівая заўвага, — абвяргае яе Глеб Лапіцкі. — Такое меркаванне можа скласціся паводле агляду толькі самых масавых мерапрыемстваў. Але ж, згодна з фестывальнымі законамі, на іх запрашаюць артыстаў-зорак, майстроў мастацтваў, якія знаходзяцца на піку папулярнасці, якіх прагне бачыць наш глядач, — і не будзем крывіць душою, што гэта расійскія артысты. У конкурсных праграмах, акрамя беларусаў і расіян, выступяць дзеці і маладыя людзі з Арменіі, Італіі, Казахстана, Кыргызстана. Усяго мы чакаем выканаўцаў і калектывы з больш як 40 краін. Звярніце ўвагу хоць бы на грузінскі калектыў «Сям’я Боджгуа», латышскага кампазітара і музыканта Гайтыса Ланданса, Нацыянальны ансамбль Сербіі «Кола», выставачныя праекты з багатым замежным прадстаўніцтвам... А чаго толькі вартая дэманстрацыя ў Мастацкім музеі сусветна прызнанага шэдэўра Марка Шагала «Над горадам»!

Глеб Лапіцкі звярнуў увагу, што ўверцюра да фестывалю невыпадкова мае назву «Танцуй, славянская душа!». У гэтым стартавым канцэрце можна будзе ўбачыць дасягненні народнага харэаграфічнага мастацтва розных краін, у тым ліку ўсіх 13 славянскіх.

— Кожны год арганізатары фестывалю імкнуцца ўзбагачаць яго напаўненне, прыдумваюць і ўвасабляюць новыя фішкі, «Славянскі базар» жыве і не замірае, — зазначыў Глеб Лапіцкі. — Калі здараюцца цяжкасці, як і ў сям’і, мы звяртаемся да галоўнага, да Бацькі. Вельмі складаным быў 2020-ы, ковідны, калі я ўзначальваў фестываль толькі другі год. Ва ўсім свеце прыпынілі масавыя мерапрыемствы: усе баяліся распаўсюджвання хваробы, былі парушаны транспартныя зносіны, усюды патрабаваліся ПЛР-тэсты. Перад артыстамі, нават калі яны гатовыя былі прыняць запрашэнні, паўстала праблема дабрацца на фестываль.

Па параду, што рабіць, звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. «У нашай невялікай, кампактнай краіне груз канчатковага рашэння часта ўскладаецца на Прэзідэнта, — заўважае сенатар. — Наш лідар праявіў вялізную смеласць і застаўся непахісным: фестывалю быць! Ён адбыўся, нягледзячы на тое, якія перашкоды давялося пераадолець, якія галаваломкі прыйшлося вырашыць Прэзідэнту, ураду, дзяржаўным органам улады, дырэкцыі фестывалю. Складанасці нас згуртавалі і ўмацавалі. У выніку было складзена 13 фестывальных праграм».

Сёння з гонарам можна адзначаць такую ўнікальную рысу «Славянскага базару ў Віцебску», як яго непарыўная 35-гадовая гісторыя.

— Місія фестывалю заключаецца ў тым, каб увесь свет, прыязджаючы да нас, змог даведацца аб славянскай культуры, — падкрэсліў Глеб Лапіцкі. — Эксклюзіўнасць яго і ў тым, што мы не забараняем іншым краінам дэманстраваць сваю культуру, нікога не асіміліруем і не прыгнятаем, не прымушаем у Беларусі спяваць толькі беларускія песні ці танцаваць толькі беларускія танцы. Мы прапаноўваем дыялог культур і робім у гэта свой унёсак.

Святлана ЯКАЎЛЕВА 

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю