Top.Mail.Ru

Як развіваецца стратэгічнае беларуска-кітайскае супрацоўніцтва?

Паднябесная імкліва пашырае адкрытасць знешняму свету. Гэта адна з дзесяці галоўных задач кітайскаму ўраду, якія былі пастаўлены ў гэтым месяцы падчас «дзвюх сесій» (штогадовыя пасяджэнні Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў і Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая). Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань падчас прэс-брыфінгу пасольства. Як адзначыў дыпламат, у гэтым працэсе актыўна задзейнічана і наша краіна: «усё больш кітайскіх кампаній выбіраюць Беларусь для супрацоўніцтва, што прыносіць рэальную карысць народам абедзвюх краін».


Новыя пункты росту

Каб у поўнай меры ацаніць маштабы кітайскай эканомікі, варта мець на ўвазе, што летась аб’ём валавога ўнутранага прадукту Паднябеснай дасягнуў амаль 135 трыльёнаў юаняў, павялічыўшыся на 5 працэнтаў. Пры гэтым, як падкрэсліў Чжан Вэньчуань, тэмпы росту былі аднымі з самых высокіх сярод найбуйнейшых эканомік свету, а ўклад КНР у рост сусветнай эканомікі захоўваўся на ўзроўні каля 30 працэнтаў.

Кітайскі ўрад мае намер стабілізаваць знешні гандаль і прыток замежных інвестыцый, развіваць новыя пункты росту — «зялёны гандаль» і лічбавую эканоміку (якая ў тым ліку мае на ўвазе шырокае выкарыстанне сучасных пераваг штучнага інтэлекту). Развіццю супрацоўніцтва будуць спрыяць ключавыя выстаўкі, сярод якіх — Кітайскі міжнародны імпартны ЭКСПА, Кітайскі кірмаш імпартных і экспартных тавараў (Кантонскі кірмаш), Кітайскі міжнародны кірмаш гандлю паслугамі (CІFTІS), Глабальная выстаўка лічбавага гандлю і Кітайская міжнародная выстаўка спажывецкіх тавараў. Як было заяўлена на прэс-брыфінгу, у Кітаі плануюць забяспечваць прадпрыемствам з замежным капіталам нацыянальны рэжым у набыцці фактараў вытворчасці, атрыманні ліцэнзій, распрацоўцы стандартаў і ўдзеле ва ўрадавых закупках.

Як адзначыў Чжан Вэньчуань, Кітай і надалей будзе паглыбляць шматбаковае і рэгіянальнае эканамічнае супрацоўніцтва, рашуча падтрымліваць шматбаковую гандлёвую сістэму, пашыраць сферу перасячэння інтарэсаў з іншымі краінамі свету і садзейнічаць агульнаму развіццю.

Насуперак санкцыям

Кітай і Беларусь як усепагодныя і ўсебаковыя стратэгічныя партнёры аказваюць адзін аднаму палітычную ўзаемападтрымку і дэманструюць высокую ступень каардынацыі ў дзеяннях. «Кітайскі бок нязменна рашуча выступае супраць незаконных аднабаковых санкцый і „юрысдыкцыі доўгай рукі“, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Кітай цвёрда падтрымлівае права краін абараняць свае законныя інтарэсы, справядлівасць і адкрытасць міжнароднай сістэмы, а таксама садзейнічаць усеагульнаму і скаардынаванаму глабальнаму развіццю».

Як лічыць дыпламат, узаемная падтрымка дазволіла паспяхова ператварыць выклікі санкцый у магчымасці для супрацоўніцтва, а знешні націск — у рухавік развіцця. «У апошнія гады ўзаемадзеянне паміж Кітаем і Беларуссю ў рамках ініцыятывы будаўніцтва „Аднаго пояса, аднаго шляху“ дасягнула выдатных поспехаў: аб’ём двухбаковага гандлю дынамічна павялічваецца, структура гандлю пастаянна аптымізуецца, — адзначыў пасол. — „Жамчужына“ ініцыятывы — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“ — дэманструе стабільнае развіццё, ён прыцягнуў 144 кампаніі-рэзідэнты з 14 краін з планаваным аб’ёмам інвестыцый звыш 1,5 мільярда долараў і стварыў больш чым 3000 працоўных месцаў. Вялікая колькасць ключавых праектаў супрацоўніцтва паспяхова рэалізоўваецца і ўводзіцца ў эксплуатацыю».

Як лічаць у пасольстве, у перспектыве Кітай і Беларусь могуць сфарміраваць трансгранічны турыстычны калідор з Усходу на Захад, такім чынам надаючы новы імпульс гуманітарнаму супрацоўніцтву ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Прарыўны дакумент

Адным са стратэгічных дакументаў, рэалізацыя якіх будзе спрыяць пашырэнню двухбаковага супрацоўніцтва, стала пагадненне паміж урадамі Беларусі і КНР аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, якое было падпісана летась. Як адзначылі ў беларускім Мінэканомікі, прагназуецца, што ў выніку яго рэалізацыі экспарт беларускіх паслуг у Кітай павялічыцца як мінімум на 12,5 %. Пры гэтым найбольшы прырост чакаецца па іншых дзелавых паслугах (плюс 261,1 %) і паслугах сувязі (плюс 20,8 %).

«Пагадненне з’яўляецца прарыўным дакументам. Беларусь стала першай дзяржавай ЕАЭС, якая замацавала стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі з Кітаем, — адзначылі ў Мінэканомікі. — Для Беларусі пагадненне з Кітаем стала першай двухбаковай міжнароднай дамовай, якая рэгулюе пытанні гандлю паслугамі. Нашы краіны прымаюць на сябе дастаткова высокі ўзровень абавязацельстваў па доступе на рынак паслуг і інвестыцый».

Як паведаміла «Звяздзе» саветнік Пасольства КНР Ван Жуйцзюань, у сферы гандлю паслугамі пагадненне ахоплівае шэраг галін, сярод якіх — фінансы, турызм, транспарт і лагістыка, тэлекамунікацыі, камп’ютарныя тэхналогіі. У інвестыцыйнай сферы дакумент змяшчае канкрэтныя палажэнні аб узаемных умовах для інвестараў і гарантыях справядлівага і раўнапраўнага дзелавога асяроддзя.

У «сям’і ШАС»

Узмацненне ролі Беларусі як паўнапраўнага члена ШАС дасць магчымасць распаўсюдзіць кітайска-беларускі вопыт супрацоўніцтва сярод іншых краін — удзельніц арганізацыі. Як нагадаў саветнік Пасольства Кітая ў Беларусі Янь Фэн, летась да КНР перайшло ратацыйнае старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а Беларусь завяршыла працэдуру ўступлення ў «сям’ю ШАС». Сёлета нашы краіны сумесна стануць сведкамі многіх «яркіх момантаў» развіцця гэтай уплывовай глабальнай платформы.

«Ключавым мерапрыемствам стане арганізацыя саміту кіраўнікоў дзяржаў. Гэтай восенню лідары краін ШАС збяруцца ў Цяньцзіні, — паведаміў Янь Фэн. — ШАС пачне новы этап свайго развіцця менавіта з Кітая». Як адзначыў саветнік, таксама будуць праведзены міністэрскія сустрэчы ў такіх галінах, як знешнепалітычныя пытанні, абарона, транспарт і ахова здароўя, з удзелам усіх дзяржаў-членаў, у тым ліку Беларусі. «Кітай плануе арганізаваць больш за 100 мерапрыемстваў у палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах», — заўважыў Янь Фэн.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю