Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на некалькіх выбарчых участках і высветлілі, наколькі грамадзяне актыўныя ў першы дзень датэрміновага галасавання. Дарэчы, участкі для галасавання адкрыты з 12.00 да 19.00 без перапынку на абед. У асноўны дзень выбараў — 26 студзеня — можна будзе прагаласаваць з 8.00 да 20.00.
Моладзь галасуе за стабільнасць і светлую будучыню
На выбарчым участку № 16, які размешчаны ў сталіцы на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, сярод выбаршчыкаў пераважае моладзь. Многія галасуюць упершыню. Па інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, першы раз у галасаванні прыме ўдзел больш як 88 тысяч выбаршчыкаў. Для гэтай катэгорыі грамадзян Цэнтрвыбаркам традыцыйна падрыхтаваў падарункі — кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі» і футболку з надпісам «Мой голас ПЕРШЫ!».
Як прызнаюцца маладыя выбаршчыкі, гэтая падзея запомніцца ім на ўсё жыццё. Студэнт 2 курса Арцём Гардзіевіч вырашыў прагаласаваць датэрмінова, каб у выхадныя дні паехаць дахаты. Малады чалавек прызнаецца: падчас ажыццяўлення свайго грамадзянскага абавязку адчувае найвялікшую адказнасць. «Усё залежыць ад кожнага чалавека: мой голас — пэўны ўнёсак у лёс краіны, — кажа Арцём. — Усе павінны скарыстацца сваім правам галасавання. Мы павінны ведаць, што больш за ўсё хвалюе народ».
Для другакурсніка ўніверсітэта Максіма Есіповіча гэта таксама першыя выбары. «Вельмі хвалююча рабіць такі важны выбар першы раз, — прызнаецца ён. — Мы ўсе адказныя за будучыню сваёй краіны, адпаведна, лічу, што важны голас кожнага». Па яго словах, вельмі зручна, што прадугледжана датэрміновае галасаванне. «Можна пазбегнуць вялікай чаргі ў асноўны дзень галасавання і планаваць свой дзень», — патлумачыў малады чалавек.
Як і ўсе выбаршчыкі, хто галасуе ўпершыню, Арцём і Максім атрымалі ад членаў выбарчага ўчастка футболку з надпісам «Мой голас ПЕРШЫ!» і падарункавае выданне «Сімвалы суверэннай Беларусі». Футболкі ўжо паспяшаліся памераць. Кнігу, вядома, пагарталі. Асабліва спадабалася выкарыстанне QR-кодаў, дзякуючы якім можна больш падрабязна азнаёміцца з сімваламі Беларусі: напрыклад, адправіцца на экскурсію па Мірскім замку.
На выбарчым участку — не толькі студэнты. Тут галасуюць і жыхары найбліжэйшых дамоў. Аляксей Біткоў, напрыклад, вырашыў не адкладваць галасаванне на апошні дзень, а таму разам з двухгадовай дачушкай прыйшоў на выбарчы ўчастак падчас прагулкі. Маленькай Вікторыі, мяркуючы па ўсім, галасаваць разам з бацькам спадабалася — праз некалькі гадоў і яна будзе рабіць свой самы першы важны выбар.
За працэсам сочаць нацыянальныя назіральнікі. Адзначаюць, што з першых хвілін адкрыцця выбарчага ўчастка маладыя людзі актыўна прымаюць удзел у галасаванні. «Хтосьці ў нядзелю будзе не ў Мінску, у кагосьці — праца, іншыя справы, — тлумачыць нацыянальны назіральнік. — Усё праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам, у спакойнай і нават святочнай абстаноўцы».
Сакратар участковай камісіі № 16 Алена Андрэеўна ўдакладніла, што з самага пачатку электаральнай кампаніі маладыя людзі звярталіся ў камісію з пытаннямі. «Адкрытыя дыялогі, якія праводзіліся на базе нашага ўніверсітэта, далі магчымасць зрабіць маладым людзям правільны выбар», — падкрэсліла яна. Плануецца, што на дадзеным участку ўпершыню ў галасаванні прыме ўдзел больш як 250 студэнтаў.
З пытаннямі ў камісію звяртаецца не толькі моладзь. Тэлефануюць прадстаўнікі розных узроставых катэгорый, задаюць пытанні, якія іх цікавяць. У прыватнасці, па пэўных прычынах (у асноўным з-за праблем са здароўем) просяць наведаць па месцы жыхарства ў асноўны дзень галасавання для таго, каб і ў іх была магчымасць выканаць свой канстытуцыйны абавязак.
«Людзі сёння неабыякавыя, яны не стаяць убаку ад тых падзей, якія разгортваюцца не толькі ў нашай краіне, але і вакол яе», — удакладняе сакратар участковай камісіі.
Фота Віктар Іванчыкаў
Мой голас — першы
З правам на бяспечнае жыццё Моладзь Магілёўшчыны робіць выбар за мірнае неба і квітнеючую Беларусь
У першы дзень датэрміновых выбараў у фае Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ), дзе размясціўся ўчастак для галасавання № 1 Ленінскага раёна Магілёва, ужо з раніцы панавала ўрачыстая атмасфера. У спісах тых, хто галасуе, на гэтым участку 1668 выбаршчыкаў, 13 з іх — упершыню.
За 10 хвілін да пачатку галасавання дэманструецца, што празрыстая скрыня для датэрміновага галасавання пустая, і апячатваецца членамі ўчастковай камісіі пад кантролем назіральнікаў. У 12.00 першы выбаршчык бярэ бюлетэнь. Ім стала студэнтка першага курса МДУ імя А. Куляшова Дар’я Ніжагародава. Для яе гэтая важная падзея адбылася ўпершыню.
На твары Дар’і — пачуцці лёгкага хвалявання, гонару, задавальнення. Выбар — гэта вельмі адказна. Дзяўчына прымае віншаванні і падарункі. Ёй уручаюць брашуру з сімваламі суверэннай Беларусі,+ значок і футболку ад БРСМ з красамоўным надпісам «Мой голас — першы!».
— Сёння адбыўся вельмі важны момант у маім жыцці, — голас дзяўчыны крыху дрыжыць, на шчоках — лёгкі румянец. — Я прагаласавала за стабільнасць, суверэннасць, за квітнеючую Беларусь.
Сярод тых, хто галасаваў упершыню, — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (БДУТ) Андрэй Шэндрыкаў. Ён лічыць, што ўдзел у выбарах — гэта вельмі важна і адказна.
— Прыйсці і прагаласаваць — мой грамадзянскі доўг, — паведаміў Андрэй. — Хочацца, каб наша краіна была моцнай і незалежнай.
Паліна Калтунова — таксама студэнтка БДУТ, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, член БРСМ.
— Для мяне вельмі хвалююча ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — прызналася дзяўчына. — Гэта падзея заўсёды была асаблівая ў нашай сям’і. Раней я хадзіла на выбары з маці, назірала, як усё адбываецца. Здавалася, што нічога складанага няма. А вось зараз трэба будзе рабіць выбар самастойна, і гэта вельмі адказна. Галоўнае, каб мірнае неба было над галавой заўсёды.
У дзень пачатку датэрміновых выбараў падтрымаць тых, хто галасуе ўпершыню, прыехала ў Магілёў заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у перыяд з 1996 да 2021 года Лідзія Ярмошына. На сустрэчу з ёй у БРУ прыйшлі 300 прадстаўнікоў навучэнскай моладзі.
— Самае галоўнае — данесці да маладых людзей, якія ўпершыню ідуць галасаваць, як важна не памыліцца з выбарам, — адзначыла яна ў размове з журналістамі. — А каб выбар быў усвядомлены і адказны, трэба разумець, хто такі Прэзідэнт, якая яго роля і як многа залежыць ад выбаршчыкаў. Што датычыцца працэдуры галасавання, то яна простая і не патрабуе асаблівых навыкаў. Моладзі трэба нагадаць пра тое, каб яны не паўтарылі памылак 2020 года, каб не гналіся за лжывымі палітычнымі каштоўнасцямі і ідэаламі.
Размова Лідзіі Ярмошынай з моладдзю працягвалася паўтары гадзіны. Спікер нагадала важную ісціну: нельга чагосьці патрабаваць ад краіны, калі сам нічога для яе не зрабіў. Выбары — якраз той самы шанц падтрымаць радзіму.
— Мы можам доўга разважаць пра тое, што такое патрыятызм, — адзначыла спікер. — Але сэнс адзін — гэта калектыўная адказнасць за краіну. Галоўнае права чалавека — права на бяспечнае жыццё. Давайце берагчы тое, што ёсць.
Фота аўтара
У Мінску пачаў работу Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі
Учора ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў у Мінску адкрыўся Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі. Гэта чарговая ініцыятыва прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Менавіта яны аб’яднаюць свае намаганні ў назіранні за выбарамі. Больш за 35 тысяч назіральнікаў будуць інфармаваць цэнтр аб тым, што адбываецца на выбарчых участках у фармаце нон-стоп. Ва ўсіх маецца вопыт назірання за выбарамі і адпаведнае навучанне.
— Інстытут нацыянальнага назірання — гэта не асаблівасць нашай краіны, яны ёсць у многіх іншых дзяржавах і прызваны забяспечыць даступнасць выбаршчыкаў да інфармацыі аб тым, як праходзіць галасаванне. Гэта найважнейшы механізм у кантролі за выбарамі. Грамадства мае права ведаць, што гэта адкрыты празрысты працэс, а вынікі рэальна адлюстроўваюць волю народа, — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім ГРАЧОЎ.
Вадзім Грачоў праінфармаваў, што была праведзена вялікая работа па вылучэнні назіральнікаў: ад палітычных партый іх прапанавана каля пяці тысяч, ад грамадскіх аб’яднанняў — каля 30 тысяч. Усе яны маюць вопыт назірання за выбарамі і прайшлі адпаведныя навучальныя семінары, ведаюць выбарчае заканадаўства. Адпаведна, маюць права звяртацца да старшынь выбарчых камісій з прапановамі, папярэджваць канфліктныя сітуацыі.
— Па вопыце мы бачым, што ў камісіях працуюць людзі падрыхтаваныя, і на мой погляд, сур’ёзных парушэнняў не будзе, але чалавечы фактар ніхто не адмяняў, таму задача нашых назіральнікаў — не проста фіксаваць, а ў нейкіх момантах — падказаць старшыні ўчастковай камісіі ці яго намесніку аб патэнцыяльна магчымых парушэннях заканадаўства. Нашы назіральнікі, як і ўсё наша грамадства, зацікаўлены, каб выбарчы працэс прайшоў адкрыта і празрыста, — адзначыў Вадзім Грачоў.
У сваю чаргу ў цэнтры ад назіральнікаў чакаюць аператыўную інфармацыю аб усіх няштатных сітуацыях, а таксама аналітычныя даныя аб тым, як праходзіць галасаванне і як працуе выбарчы ўчастак.
Акрамя таго, што інфармацыю будуць прадстаўляць назіральнікі, пры цэнтры будзе працаваць «гарачая лінія». Кожны можа задаць сваё пытанне аб ходзе электаральнай кампаніі, парадку галасавання, паведаміць аб спрэчнай сітуацыі на ўчастку, унесці прапановы па нумары +375 (17) 371-07-76. Час работы гарачай лініі: у перыяд датэрміновага галасавання (аўторак — субота) з 12.00 да 19.00, у асноўны дзень галасавання (нядзеля) — з 8.00 да 20.00. Кожны зварот будзе дэталёва адпрацаваны.
Фота Лізаветы ГОЛАД
Учора ў сталічнай ратушы адбылася сустрэча Мінскай гарадской выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі з міжнароднымі назіральнікамі СНД
Пасля наведвання ўчастка для галасавання № 34 у сталічнай гімназіі № 50 прадстаўнік Місіі назіральнікаў ад СНД, намеснік Генеральнага сакратара СНД Нурлан СЕЙЦІМАЎ адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі выбараў Прэзідэнта Беларусі: «Як і тут, так і на іншых участках, дзе ўдалося пабываць, я магу адзначыць адну падобную рысу — гэта высокі ўзровень падрыхтоўкі выбараў. Нам падаюць не толькі ўсю неабходную інфармацыю, але і расказваюць звыш гэтага ўсе нюансы падрыхтоўкі да выбараў. Мы канстатуем высокую арганізацыйную падрыхтоўку ўчастковых тэрытарыяльных камісій усіх узроўняў. Упэўнены, што і ў арганізацыйным плане, і ў цэлым правядзенне выбараў будзе праходзіць на высокім узроўні».
Дальнабачная інвестыцыя ва ўпэўненае заўтра. Парламентарыі — пра важнасць удзелу ў выбарах
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц:
— Цяжка пераацаніць тое, што зроблена дзяржавай за апошнія 30 гадоў. Пад кіраўніцтвам дзеючага Прэзідэнта адбыліся важныя тэхнічныя пераўзбраенні прадпрыемстваў, шмат сродкаў і сіл укладзена ў развіццё сацыяльнай сферы, у эканоміку краіны. Дастаткова ўспомніць, што было ў 1994 годзе, і параўнаць з тым, як стала цяпер. Сёння Беларусь стала ўзорам на постсавецкай прасторы і з’яўляецца добрым раздражняльнікам для еўрапейскіх краін. Вельмі важна разумець гэта і з поўнай адказнасцю выканаць свой грамадзянскі абавязак. Трэба прыйсці на выбарчы ўчастак і ў імя будучыні Беларусі, стваральнай працы нашай Радзімы і міру прагаласаваць. Мы павінны выбраць сапраўднага нацыянальнага лідара, які будзе развіваць краіну і рэалізоўваць важныя сацыяльныя праграмы.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ксенія ПАНЦЮХОВА:
— Правільны выбар — не што іншае, як дальнабачная інвестыцыя ва ўпэўненае заўтра, у светлую будучыню нашых дзяцей і ўнукаў, у развіццё і росквіт Радзімы. Дзякуючы выбарам мы, жыхары суверэннай Беларусі, атрымліваем магчымасць надзяліць уладнымі паўнамоцтвамі лідара нацыі — таго, каму мы давяраем, хто здольны забяспечыць у нашай краіне мір, згоду і ўпэўненае развіццё. Асабіста для мяне выбары — дзень, які вызначае будучыню нашай краіны, усяго беларускага народа, кожнага грамадзяніна.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Валянцін БАЙКО:
— Час выбраў нас, і нам з вамі несці адказнасць перад нашымі нашчадкамі за будучыню краіны. Ад вынікаў выбараў будзе залежаць будучыня Беларусі, яе далейшае развіццё, стабільнасць у грамадстве. Сёння Беларусь — гэта моцная і незалежная дзяржава з багатай гісторыяй і нацыянальнымі традыцыямі, высокім узроўнем адукацыі і медыцыны, развітымі прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Нам ёсць чым ганарыцца, і наша галоўная задача — захаваць тое, што мы сёння маем, і рухацца наперад да новых поспехаў і дасягненняў.