Top.Mail.Ru

Дэпутат — гэта той чалавек, якога добра ведаюць у вёсцы, горадзе, раёне. Той, хто сам добра, не па чутках, ведае праблемы населенага пункта, яго жыхароў. Той, да каго лягчэй за ўсё звярнуцца, можна проста пазваніць альбо прыйсці на прыём, сустрэць на вуліцы. Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах сабралі прыклады паспяховага вырашэння праблем, рэалізацыі ініцыятыў менавіта мясцовымі Саветамі дэпутатаў.

І спартыўная пляцоўка, і дарога

Старшыня Ліноўскага сельскага Савета Пружанскага раёна Таццяна МАРДАНЬ гаворыць, што мясцовая ўлада працуе са зваротамі грамадзян фактычна кожны дзень. Людзі прыходзяць не толькі ў дні прыёму, але і ў любы дзень. І неабавязкова са скаргамі, даволі часта прыходзяць з прапановамі. Менавіта з прапановы актывістак пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын нарадзілася ініцыятыва ўсталяваць спартыўную пляцоўку ў парку.

— У сельсавеце стварылі ініцыятыўную групу па распрацоўцы праекта. Далі яму назву «Разам за здароўе ў аграгарадку», — працягвае расповед кіраўнік мясцовай улады. — Абгрунтавалі ў сваёй заяўцы жаданне аб’яднаць усе пакаленні жыхароў Лінова ў імкненні да ўмацавання здароўя і паляпшэння фізічнай формы. І праект атрымаў перамогу на конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Нам выдзелілі 60 тысяч рублёў, за якія былі набыты і зманціраваны трэнажоры, а таксама абсталяванне і пакрыццё для варкаўт-пляцоўкі.

У аграгарадку, дзе пражывае больш за паўтары тысячы чалавек, пляцоўкай карыстаюцца падлеткі, людзі сярэдняга ўзросту, пенсіянеры. А пасля работы на асобныя трэнажоры, здараецца, невялікая чарга выстройваецца, расказала Таццяна Мікалаеўна.

Але ж найбольш зваротаў, паводле слоў старшыні сельскага Савета, утрымліваюць скаргі альбо просьбы. Так было, калі на сумесны прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Юрыя Наркевіча і дэпутата раённага Савета Васіля Казьмярчука прыйшла група бацькоў школьнікаў. Яны скардзіліся на праблемны ўчастак дарогі «Араб’і — Кутнявічы». Па гэтай дарозе штодня праходзіць школьны аўтобус. Дарога была зусім дрэннай — гэта мякка сказана. Асабліва пасля дажджу ў міжсезонне праехаць часам было вельмі не проста. Жыхары абедзвюх вёсак гадамі наракалі на гэтую дарогу.

Да вырашэння праблемы падключыўся і Юрый Наркевіч. За работу ўзялася дарожнабудаўнічая арганізацыя. Асфальт там не паклалі, але дарогу выраўнялі, адрамантавалі, падсыпалі гравіем. І цяпер праблемныя раней два з паловай кіламетры сталі цалкам прыдатныя для руху на любым транспарце.

Тэму працягвае дэпутат Пружанскага раённага Савета дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васіль КАЗЬМЯРЧУК: «На нашы дарогі грэх наракаць. У Лінове яны добрыя. Варта сказаць словы падзякі спецыялістам ДРБУ-140, якія правялі вялікую работу за два апошнія гады па асфальтаванні і паляпшэнні нашых вуліц ды падтрымліваюць іх у належным стане. На вуліцах Дачная, Маладзёжная, Сонечная асфальт пракладзены цалкам. На вуліцах Вакзальная, Паркавая і Шырокая абноўлены ўчасткі дарогі».

Як не круці, дарогі найлепш характарызуюць узровень інфраструктуры. Каб яны былі дрэнныя, людзі наўрад ці так актыўна будаваліся б у аграгарадку і цана на жыллё не трымалася б стабільна высокай. А калі будуюць, набываюць, значыць, жыць тут камфортна. І дарога — у ліку першых складнікаў якасці жыцця вясковага чалавека, — падсумаваў Васіль Казьмярчук.

Далі прыродны газ, чакаюць якасную ваду...

Зашыр’е Ельскага раёна Гомельшчыны — аграгарадок вядомы. Населены пункт — візітная картка Ельшчыны. На слыху мясцовае культурнае жыццё: фальклорная дзейнасць, этнаграфія, краязнаўства... Але Зашыр’е — значны населены пункт для раёна і ў плане забеспячэння сацыяльнай інфраструктуры вяскоўцаў.

Аграгарадок адносіцца да аднаго з самых буйных на тэрыторыі Ельшчыны Старавысокаўскага сельсавета. Якраз у Зашыр’і пражывае значная колькасць усіх жыхароў сельсавета. У мінулым годзе ў аграгарадку рэалізавалі найважнейшы сацыяльнаэканамічны праект па газіфікацыі малых і сярэдніх гарадскіх населеных пунктаў. Зашыр’е падключылі да прыроднага газу, тым самым забяспечылі больш зручныя і бяспечныя ўмовы пражывання людзей.

Не менш важны праект для паляпшэння жыцця мясцовых жыхароў — у працэсе рэалізацыі.

— Размова пра забеспячэнне якаснай пітной вадой. Праблема хвалявала жыхароў аграгарадка не першы год. Пытанне якасці вады трымалі на кантролі і мясцовыя органы ўлады, і дэпутаты, — звяртае ўвагу старшыня Старавысокаўскага сельвыканкама Марыя Алесіч.

Дэпутат заўважыла, што апошнім часам у населеных пунктах іх сельсавета ўвогуле шмат зроблена для забеспячэння вяскоўцаў якаснай пітной вадой.

— Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў мінулым годзе ў цэнтральным населеным пункце сельсавета аграгарадку Старае Высокае адкрылі станцыю абезжалезвання. Аб’ект нашы вяскоўцы, а гэта амаль 200 чалавек, вельмі чакалі. Сёння ў вёсцы Дуброва ўжо праведзена свідраванне і ўладкаванне дзвюх свідравін. Пачаты работы па аднаўленні воднай сеткі і ў Зашыр’і, — зазначае дэпутат.

У Зашыр’і працуе дзве свідравіны. Ачыстка вады ў аграгарадку вядзецца на станцыі абезжалезвання. Але яна была пабудавана яшчэ ў 1970-я гады. Натуральна, што ўзніклі заўвагі па якасці вады. У мінулым годзе было прынята рашэнне правесці мадэрнізацыю і поўную замену сістэмы ачысткі на аб’екце, пабудаваць воданапорную вежу.

Сярэдняя школа, дзіцячы сад, культурна-спартыўны цэнтр, філіял дзіцячай школы мастацтваў, участковая бальніца, аптэка... Гэта толькі асноўная частка аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры для мясцовых жыхароў, а іх у Зашыр’і 1018 чалавек.

— У дамах функцыянуе цэнтральнае ацяпленне і водазабеспячэнне. Таму пытанне якасці вады ў аграгарадку вельмі важнае і людзі чакаюць яго вырашэння, — падкрэсліла Марыя Алесіч. — Людзі ў нас спагадлівыя, удзячныя за ўвагу да іх населенага пункта. У сваю чаргу на тыя ж ініцыятывы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вяскоўцы з радасцю адгукаюцца, прапаноўваюць і свае... Мы, дэпутаты, заўжды падтрымліваем, — дзякуе за актыўнасць жыхарам свайго сельсавета старшыня Старавысокаўскага сельвыканкама.

Альтанкі — за прэмію

Такім чынам вырашыў распарадзіцца грашовай узнагародай Вішоўскі сельсавет у Бялыніцкім раёне. Прэмію вішоўцы атрымалі за перамогу ў абласным спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання. Насельніцтва сельсавета пажадала, каб у месцах чакання аўталаўкі ім устанавілі альтанкі. Яны хутка з’явяцца ў чатырох населеных пунктах. Пачатак пакладзены, паступова і іншыя пункты прыпынку аўталаўкі стануць больш камфортнымі.

У Бялыніцкім раёне сем сельсаветаў, дзе ў 180 населеных пунктах пражывае каля 8 тысяч чалавек. Дэпутаты заўсёды гатовы аказаць дапамогу ў вырашэнні надзённых пытанняў.

— Нядаўна звярнулася інвалід ІІ групы з аграгарадка Машчаніца, — расказвае старшыня Бялыніцкага райсавета Ірына Фурсава. — Жанчына жыла ў арэндным доме з пячным ацяпленнем, і, як яна паведаміла, ёй вельмі цяжка было самастойна ацяпляць памяшканне. Разам з выканаўчай уладай, грамадскім аб’яднаннем знайшлі выйсце са складанай сітуацыі. Падшукалі жыллё ў аграгарадку Вішоў з цэнтральным ацяпленнем, дапамаглі з касметычным рамонтам. Жанчына засталася задаволеная.

Старшыня райсавета расказвае, што напярэдадні Радаўніцы шмат было зваротаў па добраўпарадкаванні могілак. Разам з жыхарамі на работы выходзілі і народныя абраннікі, і камунальнікі. Выдалялі кустоўе, рабілі агароджу, прыбіралі смецце.

Фурсова И.В. во время приема.jpg

— Пытанні паступаюць і на сустрэчах, і падчас прыёмаў грамадзян, і ў прыватным парадку, калі чалавек тэлефануе ў райсавет з просьбай дапамагчы, — кажа суразмоўніца. — Магчыма, некаторыя праблемы не так хутка вырашаюцца, як гэтага хацелася б, але калі пытанне можна зняць у рамках заканадаўства, то робіцца ўсё магчымае. Дзейнічаем у цесным узаемадзеянні з выканаўчай уладай.

ЖКГ, дарогі, могілкі — асноўная тэматыка зваротаў. У Год добраўпарадкавання шмат чаго робіцца на апераджэнне, і людзі за гэта ўдзячныя.

— Сёлета асабліва адчуваецца дапамога насельніцтва ў вырашэнні пытанняў навядзення парадку на месцах, — удакладняе Ірына Фурсава. — Добра наладжана гэта работа ў Запольскім, Машчаніцкім сельсаветах. Разам робім зоны адпачынку, добраўпарадкоўваем дзіцячыя пляцоўкі, месцы воінскіх пахаванняў, могілкі. У Заполлі насельніцтва пажадала зрабіць дзіцячую гульнявую і спартыўную пляцоўкі. Людзі сабралі болей чым чатыры тысячы рублёў. Мы звярнуліся па падтрымку ў Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў і спадзяёмся, што агульнымі намаганнямі ў найбліжэйшы час гэта ініцыятыва будзе рэалізавана.

Падзяка за дарогу

Зусім свежы прыклад таго, як дэпутаты працуюць на сваіх месцах, — адрамантаваная дарога ў Магілёве. Нядаўна Магілёўскі гарсавет атрымаў ліст з падзякай ад жыхароў другога Грушэўскага завулка. У ім расказваецца, як яны звярталіся да дэпутата Магілёўскага гарсавета па Дняпроўскай выбарчай акрузе № 30 генеральнага дырэктара ААТ «Стужка» Алены Шайтура з просьбай дапамагчы з рамонтам дарогі на іх вуліцы і былі пачуты.

«Дэпутат А. В. Шайтура асабіста выехала на месца і пераканалася, што дарога сапраўды мае патрэбу ў рамонце, — гаворыцца ў лісце. — Пасля гэтага яна арганізавала рамонт дарогі на нашай вуліцы. Выказваем падзяку Алене Валер’еўне за дапамогу ў добраўпарадкаванні вуліцы».

Пад тэкстам шэраг подпісаў удзячных за вырашэнне іх праблемы жыхароў.

— Усё, што мы робім, выключна для людзей, — удакладняе старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын. — І атрымліваць такія вось водгукі вельмі прыемна. Разумееш, што нашы намаганні ў вырашэнні праблем пэўнай тэрыторыі ацанілі. Для нас гэта найлепшая ўзнагарода. Значыць, мы на сваім месцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю