Top.Mail.Ru

Як мацярынства мяняе жанчыну?

Незвычайны праект, прысвечаны самай сакральнай частцы жыцця жанчыны — мацярынству, — працуе ў музеі-майстэрні Заіра Азгура. Адзінаццаць беларускіх мастачак прадставілі свае інтэрпрэтацыі на тэму жаночай долі і прызначэння, паднялі шэраг важных і актуальных пытанняў, дакрануліся да самай інтымнай і далікатнай тэмы.


Здаецца, тэму мацярынства асвятлялі ўжо шмат разоў пісьменнікі і мастакі розных эпох, аднак у ХХІ стагоддзі з’яўляюцца новыя выклікі для чалавецтва, якія патрабуюць змяненняў у даўно ўсталяванай сістэме. Развіццё тэхналогій і медыцыны значна скараціла дзіцячую смяротнасць, а папулярызацыя гуманістычных прынцыпаў павялічыла значнасць дзіцяці, фінансавыя і маральныя інвестыцыі ў яго будучыню. 

У развітых дзяржавах дзеці сталі звышкаштоўнымі, з-за чаго стандарты мацярынства таксама змяніліся.

Цяжарнасць, роды, нараджэнне дзіцяці моцна ўплываюць на фізічны і псіхалагічны стан жанчыны, цалкам змяняюць яе ролю ў грамадстве і сацыяльны статус. Праект «Мацярынства» спрабуе адказаць на важныя і складаныя пытанні: якой стане жанчына пасля нараджэння дзіцяці? Як прыме змяненні ў целе? Якія пачуцці прачнуцца ў яе сэрцы? Як свет сустрэне жанчыну ў новай ролі? Што назаўсёды застанецца ў мінулым, а якую частку сябе атрымаецца захаваць? Як справіцца з новай адказнасцю і не патануць у трывозе? Як зразумець, што ты гатова стаць маці, і адважыцца на гэты крок?

Беларускія творцы Ірына Котава, Дар’я Аляксандрава, Кацярына Жучэнка, Вольга Ранько, Ксенія Гуніна-Авербург, Ганна Казлоўская, Надзея Хмыль (куратар праекта), Ганна Шчуко, Нэлі Шчасная, Марына Трус, Алеся Мартыновіч падзяліліся сваім вопытам мацярынства і ўласным меркаваннем на супярэчлівую тэму.

Нягледзячы на важную ролю маці, у грамадстве часта абясцэньваюць яе, аргументуючы біялагічным прызначэннем жанчыны, якое не можа быць цяжкім. Аднак кожная, хто даведалася на ўласным вопыце ўсе радасці і выпрабаванні мацярынства, скажа, што гэта патрабуе неверагоднай самаахвярнасці, фізічных і маральных сіл, умення захаваць сябе, нават калі грамадства абавязвае змяніцца.

У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы, фота- і відэапрацы, філасофскія інсталяцыі і скульптуры. Сустракаюць наведвальнікаў работы Ірыны Котавай і Нэлі Шчаснай, прысвечаныя змяненням у целе падчас цяжарнасці і пасля родаў. «Расшчапленне» (першая скульптура Ірыны Котавай) ілюструе ахвяру кожнай маці, якая літаральна аддае частку сябе дзеля будучага дзіцяці. Яна больш не належыць сабе, цяпер частка яе душы і цела назаўсёды застанецца ў іншым. Фотапраект «Лона» (2021) прапануе зазірнуць у патаемныя глыбіні жаночай душы і ўбачыць шэраг супярэчлівых эмоцый: сумненне, радасць, расчараванне... Нэлі Шчасная адлюстроўвае змены жаночага цела з дапамогай прадметных метафар.

Эмацыянальнаму стану жанчыны і багаццю яе сацыяльных роляў Ірына Котава прысвяціла серыю жывапісных работ «Быць жанчынай», якая працягвае матыў скульптуры «Расшчапленне». Цэнтральная фігура падзяляецца на шэсць асноўных вобразаў, якія складаюць цэласную асобу: гэта маладая маці, свецкая прыгажуня, таленавітая творца, дапытлівая навукоўца, вясёлая гарэза і тая, што цесна звязана з матухнай-прыродай.

Быць маці — вельмі складаная праца, якая суправаджаецца пастаянным унутраным напружаннем, трывогай, сумненнямі ў сябе і асэнсаваннем уласнага бяссілля перад жыццёвымі выпрабаваннямі. Пра гэта гаворыць Вольга Ранько ў праекце «Ліст да Веры». Работы прысвечаны сталенню яе дачкі. Аўтар вядзе шчырую размову пра цяжкасці і трывогі мацярынства, тлумачыць свае ўчынкі і эмоцыі, якія часта былі выкліканы адсутнасцю жыццёвага досведу і складанай роляй маці. Асновай кранальнай споведзі сталі дзіцячыя малюнкі і чорна-белыя фотастужкі. Вельмі асабістая і нават інтымная работа нікога не пакіне абыякавым і абавязкова знойдзе водгук у сэрцы кожнай маці.

Радасцю свайго мацярынства падзялілася мастачка Марына Трус. У экспазіцыі прадстаўленыя жывапісны твор «Максім» і скетчы, выкананыя простым алоўкам, акварэллю, гелевай і шарыкавай ручкамі.

Пра чароўную сілу мацярынства разважаюць Ганна Казлоўская і Кацярына Жучэнка. Нягледзячы на рамантызацыю, цяжарнасць, роды і статус «маці» — вельмі траўматычны вопыт для жанчыны. Аднак калі гэта доўгачаканы момант у яе жыцці, сам факт нараджэння дзіцяці вылечвае і душу, і цела маладой матулі. Карціна Ганны Казлоўскай «Аднойчы ноччу я ўзяла цябе на ручкі» зліваецца з чорнай прасторай выставачнай залы.

Аднак шчаслівую постаць маці азарае месяцавае святло, падкрэсліваючы яе новую ролю ў гэтым свеце. 

Праект Кацярыны Жучэнка «Мацярынства: вылячэнне» дае гледачу магчымасць паглыбіцца ў свой унутраны свет разам з аўдыямедытацыяй Валерыі Правілавай. 

Цэнтрам экспазіцыі з’яўляецца просты, на першы погляд прадмет, які на самай справе нясе глыбокі сэнс. Гэта шклянка вады (арт-аб’ект Надзеі Хмыль) — алегорыя агульнавядомага выразу: «У старасці ніхто шклянку вады не прынясе». Аднак ці можам мы вызначаць каштоўнасць дзяцей толькі ў гэтым вымярэнні? Ці трэба нараджаць дзяцей толькі дзеля вады ў старасці?

Відэапраект Алесі Мартыновіч «Сістэма распазнавання чалавека» — гэта цікавы сацыяльны эксперымент, які шмат раскажа пра грамадства і яго стаўленне да жанчыны. Мужчына, паводле яго сацыяльнага статусу, можа быць рознабаковай асобай: спартсменам, паляўнічым, ваенным, інжынерам. Яго жыццё напоўнена цікавымі падзеямі і рознымі хобі, і толькі пасля гэтага ён муж і бацька.

А што кажа сістэма распазнавання чалавека пра жанчыну? Чытаем: маці, жонка, удава, разведзена... Ніякіх прафесійных дасягненняў, асабістых зацікаўленасцей і фактаў. Толькі сацыяльна замацаваная роля — захавальніца дамашняй утульнасці. Праект Алесі Мартыновіч заклікае паглядзець на жанчыну з іншага ракурсу, адвесці мацярынству такую ж ролю, як і бацькоўству, убачыць спачатку асобу, а потым яе статус…

Выстаўка працуе да 26 красавіка.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю