Top.Mail.Ru

Прад­пры­маль­ні­ца з Ві­цеб­ска Іры­на Ні­кі­ці­на ўва­со­бі­ла ў жыц­цё сваю за­па­вет­ную ма­ру, ад­крыў­шы ся­мей­ны азда­раў­лен­чы цэнтр

Як даплысці да мары

У назве цэнтра «МаМалыш» спалучыліся два словы, якія ўказваюць, каго тут чакаюць перш за ўсё — матуль з дзеткамі. Аднак татам, бабулям і дзядулям уваход таксама адкрыты.

У сучасным цэнтры, пабудаваным па ўнікальным праекце ў адным з новых мікрараёнаў горада, размешчана зала лячэбнай фізкультуры, працуюць масажны і лагапедычны кабінеты, саляная саўна. Галоўнае ж багацце — цёплы і зручны басейн для заняткаў з дзеткамі ад двух месяцаў да 11 гадоў. Штомесяц яго наведвае каля 350 дзяцей.

...За вялізнымі, ад столі да падлогі, вокнамі «МаМалыша» відаць заснежанае поле, праз гурбы прабіраюцца захутаныя ў цёплую вопратку людзі, а тут — як у раі: тэмпература паветра ў памяшканні і вады ў басейне складае 

32 градусы, галышы з задавальненнем плёскаюцца на руках у мам. Усё дыхае спакоем і пяшчотай.

— Мая асаблівая любоў — немаўляткі, груднічкі, — прызнаецца Ірына Нікіціна. — Хаця займаюся з рознаўзроставымі групамі, вяду індывідуальныя заняткі, аквааэробіку для цяжарных жанчын. Кожны дзень праводжу ў вадзе па пяць-шэсць гадзін.

Заняткамі плаванню з дзецьмі Ірына Нікіціна займаецца больш за дзесяць гадоў. Раней арандавала іншыя гарадскія басейны, але разумела, што тыя па глыбіні, тэмпературы і іншых умовах не адпавядаюць патрабаванням для арганізацыі плавання самых маленькіх. А менавіта для іх найбольш карысны кантакт з вадой.

Гаспадыня цэнтра чакае поўнай аддачы ад падначаленых, высокія патрабаванні прад'яўляе не толькі да ступені іх прафесійнай падрыхтаванасці, але і да дысцыплінаванасці, умення наладжваць камунікацыю з наведвальнікамі. Яна, перфекцыяніст па натуры, хоча, каб яе «МаМалыш» меў бездакорную рэпутацыю. Вельмі многа ўласных фізічных, эмацыянальных сіл і фінансаў укладзена ў стварэнне цэнтра.

Для яго будаўніцтва Ірына Нікіціна і яе сям'я рызыкнулі паставіць на карту ўсе ўласныя сродкі і маёмасць, і ўсё ж іх не хапіла. Па падтрымку ў атрыманні крэдыту давялося звяртацца да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай — і яна паверыла аргументам прадпрымальніцы, дапамагла. Дзякуючы гэтаму крыху больш чым тры гады таму назад мара смелай жанчыны набыла дакладныя абрысы. А цяпер застаецца ўпарта шчыраваць, трымаць марку.

«МаМалыш» працуе ў цесным узаемадзеянні з гарадскімі ўстановамі аховы здароўя, выконвае рэкамендаваныя хворым дзецям рэабілітацыйныя практыкаванні. Спецыялісты цэнтра і самі выявілі некалькі выпадкаў дзіцячага цэрабральнага паралічу на ранняй стадыі.

— Ранняя дыягностыка праблем і сучасныя методыкі, якія выкарыстоўваем, дапамагаюць малым аднаўляцца да ўзроўню практычна здаровых дзяцей, — сцвярджае наша гераіня, якая мае дыпломы фельчара-акушэра і інструктара па фізічнай рэабілітацыі і эргатэрапіі. — Працуем з дзеткамі, якім пастаўлены дыягназы аўтызм, ДЦП, якія маюць хваробы генетычнага спектра і апорна-рухальнага апарату. Карыснае плаванне і для дзяцей без паталогій, бо стымулюе імунітэт, закладвае падмурак здароўя.

Многія бацькі водзяць да Ірыны Нікіцінай ужо другое і нават трэцяе дзіця, старэйшыя з якіх нярэдка займаюцца плаваннем у іншых установах і лічаць яе першым трэнерам. За гады адносін пастаянныя наведвальнікі зблізіліся, захапляюцца сваім лідарам як прыгожай, дужай, мэтанакіраванай жанчынай, байцом і пераможцам. Такі цэнтр стварыла! А яшчэ, ідучы за сваёй высокай марай, выконвае неафіцыйную сацыяльную праграму: працуе дзеля шчаслівага мацярынства і дзяцінства.

— Я прыйшла ў «МаМалыш» на заняткі для цяжарных жанчын, — адрываючыся ад назірання праз манітор, устаноўлены ва ўтульным фае, за шасцімесячным Багданам, які плавае са сваім татам, расказвае наведвальніца Карына Ладыжынская. — Ірына Уладзіміраўна займалася з намі дыхальнай практыкай, рыхтавала да родаў, і ў адказны момант я ўспомніла ўсе яе парады, яны прыйшліся вельмі дарэчы. Трэці месяц водзім у басейн сына. Заўважаем, што яму тут падабаецца, знізіўся тонус спінкі, крапчэй спіць. Станоўчыя вынікі відавочныя.

З усіх абласных гарадоў толькі Віцебск багаты на прыватны сямейны аздараўленчы цэнтр з басейнам для груднічковага плавання. Аднадумцы Ірыны Нікіцінай з прадпрымальніцкага крыла Беларускага саюза жанчын лічаць, што цэнтры, падобныя на «МаМалыш», былі б запатрабаваныя і ў іншых рэгіёнах. Разам з марай аб такой франшызе і распаўсюджванні свайго вопыту прадпрымальніца пестуе яшчэ адну: арганізаваць на базе свайго САЦ групы па сінхронным плаванні, бо такі від спорту ў паўночнай сталіцы пакуль не прадстаўлены.

— Галоўнае ж — каб усе мае «рыбкі» былі здаровыя і шчаслівыя, — усміхаецца Ірына Нікіціна. — І каб кожная з іх даплыла да сваёй мары.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,

фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю