Top.Mail.Ru

Як аграгаспадарка «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» дапамагае супрацьстаяць санкцыям

Сёння на аграрнікаў ускладаюцца вялікія абавязацельствы. У краіне робіцца ўсё для таго, каб спажывец не адчуў санкцыйных наступстваў у пастаўках вітаміннай прадукцыі. Айчынныя цяплічныя камбінаты краіны павінны забяспечыць беларусаў таматамі і агуркамі ў неабходнай колькасці на працягу года. Асабліва актуальна гэта ў міжсезонны перыяд.


У аграгаспадарак стаіць задача выканаць даручэнні і рашэнні ўрада аб рэалізацыі стратэгіі развіцця цяплічнага агародніцтва Беларусі на 2023

— 2027 гады. Гэта стратэгія нядаўна абмяркоўвалася на базе ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі. Цяплічная гаспадарка ўвайшла ў дзясятку, дзе была праведзена мадэрнізацыя і атрыманы добры вынік па вырошчванні агурка.

Плошча цяпліц, з якіх тры гектары — энергазберагальныя, складае ў гаспадарцы дзесяць гектараў. У 2023 годзе на плошчы аднаго гектара зроблена мадэрнізацыя з устаноўкай сістэмы дадатковага асвятлення.

Летась на цяплічных гектарах было вырашчана болей чым 4287 тон агародніны ў абароненым грунце — на 85 тон болей, чым пазалетась. Толькі на плошчах мадэрнізаванай цяпліцы за апошнія два месяцы мінулага года было атрымана звыш 251 тоны агуркоў — у чатыры разы больш чым за аналагічны перыяд 2023 года. За сёлетні студзень гэтай культуры тут атрымана 140 тон. 

Гаспадарка ставіць перад сабой задачу ў міжсезонны перыяд вырошчваць 540–550 тон гэтай вітаміннай прадукцыі.

— Мы на практыцы пераканаліся, што вырошчванне агурка — прыбытковая справа, — адзначае дырэктар ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», член Савета Рэспублікі Аляксандр Багель. — Было дадаткова атрымана 173 тысячы рублёў, рэнтабельнасць продажу склала 4,6 %. Гэта перакрыла страты па агурку, які вырошчваўся ў вясенне-летні перыяд. Агульны вынік па вырошчванні агурка ў абароненым грунце — дадаткова атрыманыя 39 тысяч рублёў. Вядома ж, вялікі плюс — дзяржаўная падтрымка. У міжсезонны перыяд па газе і электраэнергіі дзяржава нас субсідзіравала на адзін мільён беларускіх рублёў. Гэта годная дапамога.

У Мінсельгасхарчы разумеюць, што вырошчванне агародніны ў міжсезонны перыяд на дадатковым асвятленні — тэхналогія дарагая, але рэнтабельная. А з улікам таго што спажывец у сённяшніх складаных геапалітычных умовах рызыкуе застацца без гэтай прадукцыі, наогул архіважная. Вялікае значэнне маюць строгае захаванне тэхналогіі і дакладнае выкананне ўсіх рэгламентаў, таму калі будзе падаць ураджайнасць, гэта адаб’ецца на эканоміцы.

У гаспадарцы гэта разумеюць і прыкладаюць усе намаганні, каб не парушаць тэхналогіі. Сёння на цяплічным камбінаце працуюць 146 чалавек. Сярэднямесячны заробак па выніках мінулага года склаў 1494 рублі, агароднікаў — амаль 1850 рублёў.

У планах кіраўніцтва працягнуць мадэрнізацыю цяпліц. Аляксандр Багель паведаміў, што ўвосень дадатковым асвятленнем будзе аснашчана яшчэ паўтара гектара.

Начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі аблсельгасхарча Лілія Гулінская звяртае ўвагу на тое, што цяпер рэгіён забяспечвае сябе айчынным агурком на 95 %. Дзякуючы мадэрнізацыі, праведзенай на цяплічным камбінаце, працэс атрымання гэтай культуры стаў бесперапынны. На стале спажыўцоў гэты прадукт знаходзіцца круглы год.

Галоўны спецыяліст ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Марыя Бяляўская тлумачыць, што гаспадарка стала першапраходцам у вырошчванні святлолюбівых культур, шмат чаму прыходзілася вучыцца. Але яно таго вартае.

— Калі ў звычайных цяпліцах «Антрацыт» ужо ў лістападзе заканчваўся абарот, то дзякуючы святлолюбівым культурам ён працягваецца і ідзе бесперапынна, — аргументуе яна. — На дадатковым асвятленні вырошчваем сорт «Мева F1», а ў звычайных цяпліцах — «Яні F1» і высокаўраджайны калючы «Б’ёрн F1». Да Дня абаронцаў Айчыны, 23 лютага, плануем сабраць 8 тон агуркоў сорту «Мева F1», а ўжо 8 Сакавіка да такога ж аб’ёму ад святлолюбівай культуры дадасца яшчэ 10 тон агуркоў, вырашчаных у цяпліцах «Антрацыт». Гэта вельмі добры вынік.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю