Такім чынам Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна вырашыла прыцягнуць увагу юных чытачоў да творчасці знакамітага земляка. Сустрэча, прысвечаная Аляксею Пысіну, праводзілася ў бібліятэцы ў 15 раз.
— Аляксей Пысін заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу маленькім чытачам, — расказвае вучоны сакратар бібліятэкі Юлія Касцюк. — Ён не раз казаў: «Калі дзеці не слухаюць, гэта не іх віна. У гэтым вінаваты пісьменнік». Аднойчы ў піянерскім лагеры дзеці прыйшлі на сустрэчу з ім стомленымі. Каб падбадзёрыць іх, ён, адказваючы на пытанне аднаго з хлопчыкаў наконт сваіх юнацкіх даваенных вершаў, пажартаваў: «Мышы знайшлі іх, прачыталі, не ўбачылі нічога вартага і з’елі. І я за гэта ўдзячны маім першым літаратурным крытыкам». Дзяцей гэта рассмяшыла, і яны ўжо з цікавасцю слухалі паэта.
У Пысіна ёсць цікавы твор для дзяцей пра вайну — паэма-быль «Кавылёк» пра вярблюда, які з Чырвонай Арміяй дайшоў да Берліна. На старонках кніг «Колькі сонцаў», «Аляксей, Дзяніс, Алёнка», «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам» аўтар займальна і з тонкім пачуццём гумару знаёміць дзяцей з дзіўным светам прыроды, вучыць ставіцца да яе беражліва.
.jpg)
— Героі яго павучальных гісторый — дапытлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія дапамагаюць юным чытачам зрабіць важныя для сябе высновы, — удакладняе Юлія Касцюк. — Аднойчы Аляксей Васільевіч паскардзіўся свайму сябру, што суседскі хлопчык паводзіць сябе ў двары вельмі дрэнна: убачыць кветку на клумбе — сарве, зловіць чмяля — навяжа на нітку. Пасля ён напісаў верш «Незвычайнае падарожжа», дзе галоўны герой трапляе ў казачную гісторыю і за свае злачынствы атрымлівае па заслугах — яго кусаюць восы. Хлопчык разумее, што насякомыя напалі нездарма.
Тое, што творчасць Пысіна папулярная сярод юных чытачоў, сведчыць і тая колькасць дзяцей, якія прынялі ўдзел у абласным конкурсе дзіцячых ілюстрацый да твораў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца». На конкурс прадстаўлены 161 малюнак ад 156 удзельнікаў з 35 навучальных устаноў Магілёва і вобласці. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў рамках XV Пысінскіх чытанняў.
Першае месца па колькасці прызавых месцаў — 12 — заняла Касцюковіцкая дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў. На другім месцы —11 узнагарод — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў гарадскога пасёлка Краснаполле. На трэцім — 10 узнагарод — Магілёўскі абласны цэнтр творчасці. Журы адзначыла 83 работы ў 16 намінацыях.
Малюнкі, якія занялі першыя месцы, увайшлі ў аднайменны зборнік вершаў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца». Ён і стаў узнагародай для ўсіх аўтараў ілюстрацый. Астатнія пераможцы атрымалі ў падарунак кнігу Аляксея Пысіна «Матылёчкі-матылі».
.jpg)
Прызы атрымалі і юныя чытальнікі, якія вельмі эмацыйна і выразна дэкламавалі вершы паэта, якія ілюстравалі канкурсанты.
Прыемным сюрпрызам для дзяцей стаў тэатралізаваны паказ папулярнай казкі беларускай пісьменніцы Алены Масла «Лагодны воўк» ў выкананні лялечнага тэатра бібліятэкі з гульнявой праграмай і майстар-класам.
— Нам як арганізатарам чытанняў і папулярызатарам літаратурнай спадчыны Аляксея Васільевіча Пысіна вельмі прыемна, што Пысінскае слова жыве, што яно вучыць і, што самае галоўнае, яно — на вуснах нашчадкаў, — прызналася Юлія Касцюк. — Што датычыцца выстаўкі работ-пераможцаў абласнога конкурсу, то яна будзе прадстаўлена на ХХХІІІ Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах. Гэты край унікальны, бо тут нарадзілася больш за тры дзясяткі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, у тым ліку два народныя — Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў. Запрашаем усіх наведаць гэту грандыёзную культурную падзею!
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна