Мастацкая галерэя «Арт-Фабрыка» запрашае на персанальны выставачны праект «GLAM GOTHIC» скульптара, члена Беларускага саюза мастакоў Віктара Мінко. Дэвіз майстра — самаіндэнтыфікацыя праз пошук незвычайнага ў звычайным. Эксперты параўноваюць яго творчасць з шэдэўрамі старажытных егіпцян, антычных творцаў і геніальнымі работамі Мікеланджэла і Радэна. Сам аўтар прызнаецца, што, абапіраючыся на багатую спадчыну мінулага, спрабуе адлюстраваць свой погляд на свет і застацца мастаком сучаснасці.
Віктар Мінко нарадзіўся ў 1967 годзе ў г. Смаргонь. З 1980 да 1986-га навучаўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. У 1990–1996 гг. праходзіў навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2008 года творца з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Удзельнічае ў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных праектах. Персанальныя выстаўкі Віктара Мінко праходзілі ў Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Нідэрландах і ЗША.
Асноўныя матэрыялы, з якімі працуе скульптар, — бронза, граніт, дрэва. Яго стыль, насычаны каларытам былых эпох, не страчвае характэрных рыс сучаснасці. Назва выставачнага праекта ў «Арт-Фабрыцы» ярка адлюстроўвае асноўны мастацкі стыль Віктара Мінко. Сюррэалізм, набліжаны да гратэску, спалучае фантазійную плынь падсвядомага з матэрыяльнай масіўнасцю формы. Недарэмна сваімі кумірамі скульптар называе Іераніма Босха і Рэнэ Магрыта, чыя творчасць таксама прасякнута сюррэалізмам. Мастак спалучае міфічнае з рэальным, сумяшчае ў пластычных формах фрагменты механізмаў і прадметаў, цел людзей, жывёл і нават хімер. Хтосьці можа падумаць, што работы нясуць у сабе жудасныя сэнсы, бо некаторыя з іх нагадваюць пачвар з хорар-фільмаў. Але такія гратэскныя творы накіраваны на адлюстраванне таямніц чалавечай душы, унутранай трансфармацыі чалавека, якая спалучае супярэчлівае: прыгажосць і выродлівасць, гармонію і дысананс, святло і цемру, спакой і трывогу.

Віктар Мінко аддае перавагу добрай прапрацоўцы дэталяў, з якіх складаецца цэласны погляд на кампазіцыю. Хочацца разглядаць кожны элемент, каб не прапусціць схаваныя сэнсы. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы цяжка аб’яднаць тэматычна, аднак усе яны сімвалізуюць сінтэз архетыпаў і індывідуальнасці. Мастак часта працуе на мяжы рэальнага і несвядомага, жыцця і смерці, памяці і забыцця. На першы погляд здаецца, што фігуры статычныя. Аднак пры падрабязным аналізе можна заўважыць, што кожны элемент скульптуры напоўнены дынамікай.
Работы майстра існуюць па-за межамі часу. Сучаснасць, заснаваная на традыцыях мінулага, становіцца часткай класікі. Творчасць Віктара Мінко — сродак глыбокай філасофскай рэфлексіі: ён разглядае чалавека як супярэчлівую істоту, якая вечна шукае сэнс у свеце, што часта не паддаецца тлумачэнню.

Выстаўка «GLAM GOTHIС» — своеасаблівая прастора для медытацыі, дзе непадрыхтаваны глядач можа згубіцца ў багацці адлюстраваных сэнсаў.
Аднак гэтая разгубленасць становіцца першым крокам да дыялогу з сабой. Бо там, дзе незразумела, аголеныя эмоцыі даюць магчымасць для асобаснага росту.
Выстаўка працуе да 15 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара