Дні культуры Кітая ў Беларусі пачаліся маштабна і вельмі эфектна. У Белдзяржфілармоніі больш за 700 чалавек наведалі канцэрт майстроў мастацтваў Паднябеснай. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства культуры і турызму КНР, Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь. «Вясёлы кітайскі Новы год» адсвяткавалі работнікі культуры, беларускага знешнепалітычнага ведамства і іншых міністэрстваў, прадпрыемстваў, калегі з дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу дзяржаў, парламентарыі, журналісты, беларускія і кітайскія студэнты, а таксама кітайцы, якія жывуць у нашай краіне.
Перад пачаткам культурнай імпрэзы прайшлі майстар-класы па кітайскай каліграфіі, жывапісу, пляценні бранзалетаў, вузельчыкавым пляценні, а таксама чайнай цырымоніі. Госці пабачылі і дзівосныя традыцыйныя танцы кітайскіх львоў. Проста бліскучую па зместе, выканальніцкім мастацтве і візуальных эфектах праграму, якая прайшла з аншлагам, прадставілі Нацыянальны этнічны камерны аркестр Музычнай акадэміі Фуцзяньскага педагагічнага ўніверсітэта, а таксама артысты Цэнтральнай акадэміі драмы і Цанчжоўскай акрабатычнай трупы. Разам з кітайскімі артыстамі выступілі салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Тарас Прысяжнюк і Марта Данусевіч, а таксама лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі акардэаніст Іван Волчак.
— Правядзенне ўзаемных Дзён культуры — знакавая падзея кітайска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне культуры, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань. — З 1999 года Кітай і Беларусь больш за дзесяць разоў правялі Дні культуры, якія адыгралі важную ролю ў паглыбленні ўзаемаразумення і традыцыйнага сяброўства паміж кітайскім і беларускім народамі. Сённяшні канцэрт — даніна павагі кітайска-беларускім адносінам. Векавое сяброўства, узаемная выгада і ўзаемны выйгрыш з’яўляюцца галоўнай тэмай кітайска-беларускіх адносін на працягу доўгага часу. У апошнія гады пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны дасягнулі гістарычнага ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Нашы краіны паглыбляюць палітычны ўзаемадавер пры ўзаемнай падтрымцы, дасягаюць узаемавыгадных вынікаў у сумесным будаўніцтве ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», пашыраюць «жалезнае братэрства», паразуменне паміж цывілізацыямі з дапамогай гуманітарных абменаў. Нашы адносіны сталі яскравым прыкладам для пабудовы новага тыпу міжнародных адносін і супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.
Як падкрэсліў дыпламат, канцэрт сімвалічна распачаў святкаванне Новага года ў нашых краінах. Дні культуры таксама папярэднічаюць аднаму з найважнейшых свят у Паднябеснай — Кітайскаму Новаму году, які ў 2025 годзе будзе адзначацца 29 студзеня. Свята Вясны (Чуньцзэ) — знакавы сімвал традыцыйнай кітайскай культуры. У снежні мінулага года яно было афіцыйна ўнесена ў спіс свят ААН. А нядаўна свята ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
— Кітайская і беларуская цывілізацыі — цудоўныя кветкі ў садзе сусветных цывілізацый, а старажытныя і бліскучыя культуры дзвюх краін дапаўняюць адна адну з дапамогай абменаў, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — І ў Кітаі, і ў Беларусі Новы год нясе традыцыйныя ўяўленні аб міры, гармоніі, адзінстве і росквіце, сімвалізуе ўз’яднанне сям’і, развітанне са старым і сустрэчу новага, малітвы аб дабрабыце і міры ў сям’і і краіне, а таксама эмацыйную сувязь, якія злучаюць людзей, сем’і і дзяржавы.
Пасол выказаў упэўненасць, што 2025-ы «будзе яшчэ адным ураджайным годам у развіцці нашага супрацоўніцтва, беларуска-кітайскія адносіны прадэманструюць яшчэ большыя вынікі». У тым ліку запланавана правядзенне шэрагу важных культурных мерапрыемстваў.
Міністр культуры Руслан Чарнецкі адзначыў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, паміж краінамі ўстаноўлена цёплае і вельмі прадукцыйнае ўзаемадзеянне. Вялікае значэнне для актывізацыі беларуска-кітайскіх адносін мае развіццё палітычнага дыялогу, цёплыя сяброўскія ўзаемаадносіны паміж Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Міністр культуры падкрэсліў, што можна з упэўненасцю гаварыць аб надзейным фундаменце супрацоўніцтва, паколькі сфера культуры — адзін з найважнейшых аспектаў міжнародных адносін:
— Для нас заўсёды быў і застаецца важным міжкультурны дыялог: дыялог дзяржаў, нацыянальнасцей, людзей, дыялог мастацкіх стыляў і напрамкаў, — падкрэсліў Руслан Чарнецкі. — У рамках Плана мерапрыемстваў паміж Міністэрствамі культуры Беларусі і Кітая на 2023–2025 гады падпісана і дзейнічаюць больш як 70 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі дзвюх краін. Больш за тысячу маладых людзей з Кітая атрымліваюць адукацыю ў беларускіх ВНУ. Маштабныя Дні культуры Кітая праходзяць у Беларусі не першы раз. Яны ўжо сталі добрай традыцыяй, дзякуючы якой мы робім крокі насустрач адзін аднаму, пашыраючы далягляды супрацоўніцтва.
Значнае ўзаемадзеянне пашыраецца на пляцоўках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якую Беларусь уступіла сёлета. Падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прайшоў Дзень нацыянальных культур краін-удзельніц ШАС, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі КНР. Міністр культуры лічыць, што сумеснае святкаванне Новага года — адзін са шляхоў культурнага збліжэння двух народаў:
— Па ўсходнім календары сімвал 2025 года — Зялёная Драўляная Змяя, якая сімвалізуе мір, гармонію і абнаўленне, новыя магчымасці. Я перакананы, што надыходзячы год стане важным перыядам у развіцці культурнага дыялоу і рэалізацыі новых сумесных ініцыятыў і крэатыўных праектаў, заснаваных на лепшых традыцыйных каштоўнасцях беларускага і кітайскага народаў.
Між тым, Дні культуры Кітая ў Беларусі працягваюцца — заўтра канцэрт майстроў мастацтваў «Вясёлы кітайскі Новы год» прыме Палац культуры Маладзечна.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА