Рэгіянальныя адборы на конкурс XVIII рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» пройдуць 2, 4 і 10 лютага ў Магілёве, Бабруйску і Чэрыкаве адпаведна.
— Мерапрыемства праводзіцца з мэтай развіцця і папулярызацыі традыцый аматарскай мастацкай творчасці, арганізацыі вольнага часу ветэранаў, павышэння мастацкага ўзроўню выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры ветэранскіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, — паведаміла рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава.
Удзельнікі будуць спаборнічаць у 9 намінацыях — харавыя спевы, вакальны ансамбль, сола, харэаграфія, музычна-інструментальнае выканальніцтва, тэатральнае мастацтва, мастацкае слова, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва, пераемнасць пакаленняў. Найлепшых у кожнай намінацыі ўзнагародзяць дыпломамі I, II, III ступеняў.
Журы таксама вызначыць склад творчай дэлегацыі Магілёўскай вобласці для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах фестывалю ў Мінску.
Нэлі ЗІГУЛЯ