Кітай сёлета зноў сабраў рэкордны ўраджай збожжавых. Валавы збор перавысіў 714 млн тон. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным статыстычным упраўленні КНР (ДСУ), перадае «Сіньхуа».
Паводле даных ведамства, аб’ём вытворчасці збожжа вырас на 1,2 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам. Такі высокі ўраджай збожжавых удалося сабраць дзякуючы павелічэнню як пасяўных плошчаў, так і ўраджайнасці на адзінку плошчы. Ужо шосты год запар у краіне павялічваюць пасяўныя плошчы збожжавых, і сёлета іх плошча перавысіла 119 млн гектараў. Вытворчасць збожжа з адзінкі плошчы вырасла на 1,1 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам, сведчаць даныя ДСУ.
Чыноўнік ДСУ Вэй Фэнхуа растлумачыў стабільны рост пасяўных плошчаў прыняццем комплексных мер, якія ўключаюць у сябе ўзмацненне абароны і павышэнне якасці ворных зямель, аптымізацыю структуры раслінаводства і садзейнічанне рэкультывацыі закінутых сельскагаспадарчых угоддзяў. Паводле яго слоў, высокі ўраджай збожжавых у краіне заклаў трывалую аснову для паскарэння тэмпаў мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі і сельскіх раёнаў, а таксама для ўсебаковага адраджэння вёскі.
Гэта дасягненне забяспечвае магутную падтрымку намаганням па аднаўленні эканомікі Кітая і садзейнічанню высакаякаснаму развіццю, а таксама ўносіць пазітыўны ўклад у стабілізацыю міжнароднага рынку збожжа і забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі, дадаў Вэй Фэнхуа.